КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанент маст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.
Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл.Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў Аляксей Васілевіч (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),
рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненненар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЮБІ́НСКІ Міхаіл Міхайлавіч (17.9.1864, г. Вінніца, Украіна — 25.4.1913),
украінскі пісьменнік. Скончыў Шаргарадскае духоўнае вучылішча (1880). Друкаваўся з 1890. Яго грамадска-паліт. і эстэт. погляды фарміраваліся пад уплывам народніцтва і рэв. дэмакратаў. Майстар сац.-псіхал. навелы: «Папомсціўся» (1894), «На крылах песні» (1895), «Дарагою цаною» (1902, экранізацыя 1958), «Смех», «Ён ідзе!» (абедзве 1906), «Сон» (1911), «Коні не вінаватыя» (1912, экранізацыя 1957) і інш., у якіх паказаў бяспраўнасць народа, яго імкненне да волі, выступаў у абарону годнасці чалавека, сцвярджаў непазбежнасць рэв. змагання. У аповесці «Fata morgana» (ч. 1—2, 1904—10) дадзена шырокая панарама падзей рэв. 1905—07 і перыяду рэакцыі. Гуманізмам прасякнута аповесць «Цені забытых продкаў» (1912, экранізацыя 1965). Пісаў для дзяцей. Творам К. ўласцівы лірызм, паглыблены псіхалагізм, рамант. паэтызацыя вобразаў. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Жук, В.Рагойша, Л.Салавей.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1973—75;
Бел.пер. — Нюрэнбергскае яйка. Мн., 1939;
Аповесці. Мн., 1980;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1965.
Літ.:
Иванов Л.М. Коцюбинский. М., 1956;
Калениченко Н.Л. Михайло Коцюбинський. Київ, 1984;
Кузнецов Ю.Б. Поетика прози Михайла Коцюбинського Київ, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр.Лявонаў) Леанід Кірэевіч
(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.
Тв.:
Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.
Літ.:
Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;
Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЕР Канстанцін Аляксандравіч (5.7.1905, С.-Пецярбург — 15.4.1993),
бел. і расійскі балетмайстар, артыст балета. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). У 1926—46 (з перапынкам) і 1960—73 працаваў у розных т-рах, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве (1931—37). У 1937—41 саліст і балетмайстар, у 1946—60 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне з вял. эмацыянальнасцю выканаў партыі Зігфрыда («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Базіля («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Раба («Карсар» А.Адана). Як балетмайстра яго вылучалі музыкальнасць, імкненне да драм. апраўданасці харэаграфічнага вырашэння, што найб. рэалізавана ў бел. балетах «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія Беларусі 1950), «Салавей» М.Крошнера (1950), «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера (1958); у класічным і сучасным рэпертуары: «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938 і 1959), «Дон Кіхот» (1941, 1946), «Лебядзінае возера» (1938), «Спячая прыгажуня» (1954), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні і «Бахчысарайскі фантан» (абодва (1949), «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951).
Літ.:
Чурко Ю. Канстанцін Мулер // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 36—43.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НДЗІН Вадзім Фёдаравіч (15.1.1902, Масква — 9.4.1974),
расійскі мастак тэатра. Нар.маст.СССР (1962). Правадз.чл.АМСССР (1964). Вучыўся ў Свабодных маст.-тэхн. майстэрнях у Варонежы (1918—22), у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве (1922—24) Чл. аб’яднання «Чатыры мастацтвы», Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі і інш. З 1965 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава. Гал. мастак маскоўскіх т-раў: Камернага (1931—34, у т-ры з 1925), імя Я.Вахтангава (1935—44 і 1947—58), драмы (1944—47), Вялікага (з 1953). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. зазнаў уплыў канструктывізму, пазней спалучаў умоўныя канструкцыі з жывапіснымі дэкарацыямі. Творчасці ўласцівы рамант. пафас, эмацыянальная насычанасць і лаканізм вобразаў, імкненне да героіка-эпічных вырашэнняў і метафар. Асн. работы: афармленне спектакляў «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1933), «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра (1936), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» Шэкспіра (1954): «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1959), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1963), «Невядомы салдат» К.Малчанава (1967). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАС (Ritsos) Яніс (1.5.1909, г. Манемвасія, Грэцыя — 11.11.1990),
грэчаскі пісьменнік. У 1948—52 і 1967—74 зняволены ўладамі Грэцыі. Яго сац.-паліт. погляды адлюстраваны ў зб. вершаў «Трактары» (1934), паэмах «Эпітафіі» (1936), «Песня для маёй сястры» (1937), дзе дамінуе імпрэсіянісцкае ўспрыманне рэчаіснасці. У зб-ках лірыкі «Выпрабаванні» (1943), «Каменны час» (1949), «Бяссонне» (1954), «Дзённікі высылкі» (1975), «Нататкі сляпога» (1979), «Карані Элінства» (1981), паэмах «Марш акіяна» (1940), «Ранішняя зорка» (1955), «Няскораны горад» (1958), «Мост» (1960), «Васемнаццаць мелодый горкай радзімы» (1973), «Граганда», «Званіца» (абедзве 1974) імкненне дасягнуць глыбінь чалавечай душы, спасцігнуць таямніцы жыцця. Сюррэаліст. рысы ўласцівыя вершам зб-каў «Архітэктура дрэў» (1958), «Сведчанні» (ч. 1—2, 1963—66). У раманах «Асцярожны Арыёст» (1982), «Што за дзіўныя рэчы!» (1983), «Штуршком локця» (1984) жыццё грэч. правінцыі. Пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1983). На бел. мову яго вершы перакладала А.Кобец-Філімонава. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1977.
Тв.:
Бел.пер. — Макронісас. Мн., 1973;
Рус.пер. — Избр. лирика. М., 1968;
Избранное. М., 1973;
Становление. Стихотворения и поэмы. М., 1979;
Заметки на полях времени: Стихи и поэмы. М., 1985.
Літ.:
Ильинская С.Б. Яннис Рицос: Очерк жизни и творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКТА́НЦТВА (ад секта),
рэлігійныя аб’яднанні, што ўзнікаюць як апазіцыя да пэўнай царквы. У царк. практыцы С. наз.ерасямі. Падставай для ўзнікнення С. з’яўляецца інш. тлумачэнне пэўных прынцыпаў веравызнання або элементаў культавай практыкі. Вытокі С. караняцца ў канфесіянальным асяроддзі (пратэст супраць кіраўніцтва царквы, амбіцыёзнасць нефармальных лідэраў і інш.) ці ў грамадскай рэчаіснасці (незадаволенасць сац. становішчам, дзярж. уладай, якую падтрымлівае царква). Істотнымі рысамі С. з’яўляюцца паглыблены містыцызм, імкненне выключным чынам тлумачыць рэліг. дактрыны, спрашчэнне абраднасці, тэндэнцыя ізаляцыі ад грамадства, наяўнасць настрою абранасці, актыўная місіянерская дзейнасць і інш. У практыцы С. назіраюцца 2 процілеглыя тэндэнцыі: працэс далейшай дыферэнцыяцыі, драблення на новыя секты і пераўтварэнне сект у цэрквы з рэгенерацыяй інстытута святароў, цэнтралізаванай сістэмай кіравання. Рэліг. аб’яднанні пераходнага тыпу, якія ўзніклі як секты і знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў самаст. царкву, наз.дэнамінацыямі. Некат. секты эвалюцыяніравалі ў самаст. цэрквы (гл.Пратэстантызм). Рэліг. аб’яднанні, якія характарызуюцца антысац. дзеяннямі (чалавечыя ахвярапрынашэнні, тэрарызм і інш.), поўнай падпарадкаванасцю паводзін і свядомасці вернікаў кіраўніцтву наз. дэструктыўнымі, таталітарнымі сектамі. Дзейнасць такіх сект забаронена ў большасці краін свету. У Рэспубліцы Беларусь забаронены рэліг. аб’яднанні сатаністаў, шайва-шактыстаў, «Аум Сенрыкё», «Саенталагічная царква», «Белае брацтва» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБЕ́ЛІУС (Sibelius) Ян (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),
фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін.нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).
Літ.:
Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’ЕКТЫ́ЎНЫ ФА́КТАРу гісторыі,
паняцце матэрыяліст. філасофіі, якое абазначае дзейнасць суб’ектаўгіст. працэсу (народы, нацыі, саслоўі, класы, сац. і рэліг. рухі, партыі, асобы), накіраваную на захаванне ці змену пэўнага стану грамадства. Разам з паняццем аб’ектыўнага фактара (пэўныя гіст. ўмовы грамадскага развіцця) раскрывае змест дыялект. заканамернасці, згодна з якой людзі ствараюць сваю гісторыю самі, але з улікам канкрэтных абставін, што склаліся незалежна ад волі суб’ектаў. У гісторыі адыгрывае адносна самаст. ролю, але абмежаваную аб’ектыўным кантэкстам гіст. падзей. Аб’ектыўныя адносіны і ўмовы акрэсліваюць гал. кірункі дзеяння С.ф. і ўплываюць на яго вынікі. Адрозніваюць узроўні (масавы, класавы, нац., асабісты) і формы праяўлення (паліт., ідэалагічная, арганізацыйная) С.ф. У пераломныя моманты гісторыі ён у стане аказаць уплыў на змест і накіраванасць грамадскіх пераўтварэнняў і рэформ. З пашырэннем уплыву С.ф. расце адказнасць суб’ектаў гіст. працэсу. што звязана з наяўнасцю ў распараджэнні вузкіх груп людзей сродкаў, якія могуць стварыць пагрозу цэлым народам ці ўсяму чалавецтву (гл.Тэрарызм). Крытэрыі гэтай адказнасці — імкненне да ўсеагульнага дабра, адэкватнае разуменне нар., нац. і дзярж. інтарэсаў, падпарадкаванне грамадз. дысцыпліне і ўсведамленне супадзення намаганняў усіх народаў па забеспячэнні справядлівых і гуманных умоў свайго існавання.