МУ́ЛЕР (Канстанцін Аляксандравіч) (5.7.1905, С.-Пецярбург — 15.4.1993),

бел. і расійскі балетмайстар, артыст балета. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). У 1926—46 (з перапынкам) і 1960—73 працаваў у розных т-рах, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве (1931—37). У 1937—41 саліст і балетмайстар, у 1946—60 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне з вял. эмацыянальнасцю выканаў партыі Зігфрыда («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Базіля («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Раба («Карсар» А.​Адана). Як балетмайстра яго вылучалі музыкальнасць, імкненне да драм. апраўданасці харэаграфічнага вырашэння, што найб. рэалізавана ў бел. балетах «Князь-возера» В.​Залатарова (1949, Дзярж. прэмія Беларусі 1950), «Салавей» М.​Крошнера (1950), «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958); у класічным і сучасным рэпертуары: «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1938 і 1959), «Дон Кіхот» (1941, 1946), «Лебядзінае возера» (1938), «Спячая прыгажуня» (1954), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні і «Бахчысарайскі фантан» (абодва (1949), «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951).

Літ.:

Чурко Ю. Канстанцін Мулер // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 36—43.

Л.​М.​Ражанава.

К.Мулер у ролі Раба.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)