энергі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРА́ЛЬСКАЕ МО́РА, Арал (цюрк. арал — востраў),

бяссцёкавае салёнае возера-мора ў Туранскай нізіне, на тэр. Казахстана і Узбекістана. Чацвёртае ў свеце возера па велічыні. Пл. 40 тыс. км² (у т. л. т.зв. Вялікага м. 37 тыс. км²). Пераважныя глыб. 20—25 м, найб. 61 м. Паўн. бераг у асн. стромкі, зах. — высокі (да 250 м), абрывісты, паўд. і ўсх. берагі нізінныя. Больш як 300 а-воў (найб. Кокарал, Барсакельмес, Адраджэння). Упадаюць рэкі Амудар’я і Сырдар’я. Т-ра вады на паверхні летам 26—30 °C, зімой ад -2 да +2 °C. Ледастаў 4—5 мес, у суровыя зімы мора цалкам замярзае. З 1960-х г. узровень Аральскага мора інтэнсіўна паніжаецца з-за ўзмоцненага расходу водаў Амудар’і і Сырдар’і на ірыгацыю. У 1980-я г. рачны сцёк складаў некалькі кубічных кіламетраў у год (пры 65 км³/год да 1960-х г.), воды Сырдар’і, у асобныя гады і Амудар’і, не даходзяць да мора. Узровень Аральскага мора да 1987 панізіўся амаль на 13 м, акваторыя скарацілася на ​1/3. Адбылося аддзяленне меншай паўн.-ўсх. часткі Аральскага мора (Малое м.) пл. 3 тыс. км². Салёнасць павялічылася з 10 ‰ да 27—30 ‰, воды моцна забруджаны с.-г. хімікатамі. На сухіх абшарах б. марскога дна ўзнікла пустыня Аралкум пл. 2,6 млн. га. Уздоўж марскога ўзбярэжжа працягнуліся ўзгоркі соды і сульфату магнію, якія разносяцца вятрамі і забруджваюць вял. плошчы. Рыбны промысел і марскія трансп. перавозкі спынены. Адбываюцца разбурэнне сацыяльна-эканам. структуры гасп. комплексу Прыаралля, збядненне прыродных рэсурсаў, пагаршаюцца ўмовы жыцця і здароўя насельніцтва. Аральскае мора ператварылася ў зону экалагічнага бедства.

В.​П.​Кісель.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫЧЫ,

гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс. ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.​І.​Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр. з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс. ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.

Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял. Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трап 1, ‑а, м.

1. Лесвіца на караблі. Вяровачны трап. Трап у машыннае аддзяленне карабля. // Прыстасаванне для ўзыходжання на борт карабля і спуску з яго. Прыгожы пасажырскі электраход стаяў ля прыстані, і па трапах на палубу спяшаліся пасажыры. Лупсякоў. Цяжка дыхаючы, .. [Мая] ўзнялася па трапу на палубу, падышла да збянтэжанага Сцяпана і з усмешкай падала яму мокры пакарабачаны капялюш. Дуброўскі. // Прыстаўная лесвіца для пасадкі ў самалёт і выхаду з яго. Апошні ўзмах прапелера, і да самалёта падаецца трап, па якім гуськом спускаюцца пасажыры і накіроўваюцца ў аэрапорт. Філімонаў.

2. Спецыяльная лесвіца (разнастайнай выгляду і прызначэння). Гімнастычны трап. Трапы будаўнічых рыштаванняў.

[Гал. trap.]

трап 2, ‑а, м.

Спец.

1. Адтуліна ў падлозе для сцёку вады і спуску яе ў каналізацыю. Лазневыя трапы.

2. Апарат для аддзялення нафты ад газу, якія здабываюцца з свідравіны.

[Англ. trap.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»

(«БНГ»),

назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.​Астапенка, У.​Жылка, Л.​Калюга, М.​Лужанін, Ю.​Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.​Б.​Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ карысных выкапняў,

спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работыаддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у т. л. да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн. т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн. м³ у год і інш.

П.​З.​Хоміч.

Схема адкрытай распрацоўкі радовішча: 1 — кар’ер; 2 — капітальная траншэя; 3 — разразная траншэя; 4 — нахіленая выпрацоўка для транспарціроўкі карыснага выкапня; 5 — адвал пустых парод.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.

Праваслаўная духоўная гімназія засн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.​І.​Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Викеньтев В.​П.​Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Знаменский П.В. Духовные школы в России до реформы 1808 г. Казань, 1881;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бар’е́р, ‑а, м.

1. Невысокая перагародка, якой аддзяляецца што‑н. ад чаго‑н. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. // Наогул перашкода для чаго‑н. І вось цяпер, калі тэрмінова спатрэбілася вынайсці супроцьапоўзневы бар’ер, розум Бяляніна пачаў працаваць з новай сілай. «Полымя».

2. Спецыяльная перашкода, якая ўстанаўліваецца для пераадолення на бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. Аддзяленне кавалерыстаў брала бар’ер — і з такой заліхвацкай шпаркасцю неслася, што думалася: вось, вось нехта зваліцца і разаб’ецца ўшчэнт. Каваль.

3. Уст. Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны пераступаць пры стрэльбе.

4. перан. Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго‑н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Ведамасныя бар’еры. Псіхалагічны бар’ер. □ [Макараў:] — [Маёр] гаворыць, што гукавы бар’ер пераадолены і хуткасці страшэнна растуць. Алешка. [Вера:] — Абедзвюм будзе лягчэй, калі між вамі знікне непатрэбны бар’ер маўклівасці, калі ты раскрыеш сваё сэрца. Машара.

[Фр. barrière.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ад..., (а таксама ада... і ад’...), прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: а) аддаленне ад каго‑, чаго‑н., напрыклад: адысці, адбегчы, адпаўзці, адляцець, адплысці; б) аддзяленне ад прадмета яго часткі або іншага прадмета, цесна з ім звязанага, напрыклад: адвязаць, адкусіць, адкруціць, адрэзаць, адчапіць; в) завяршэнне і спыненне дзеяння, часта з адценнем інтэнсіўнасці або стараннасцю дакладнасці, напрыклад: адгасціць, адгрымець; г) звернутасць дзеяння ў адказ на што‑н., напрыклад: адгукнуцца, аддзякаваць; д) пазбаўленне, вызваленне ад чаго‑н., вяртанне каго‑н. у ранейшы стан, напрыклад: адвучыць (ад дрэнных прывычак), адбіць (ахвоту), адкачаць (тапельца), адагрэцца; е) (з часціцай ‑ся) ухіленне ад чаго‑н., напрыклад: адгаварыцца, адмовіцца (ад удзелу), адпісацца; ж) давядзенне працяглым дзеяннем да страты адчувальнасці, напрыклад: адлежаць (бакі), адседзець (нагу), адбіць (рукі).

2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў з абазначэннем паходжання, сувязі іх з чым‑н., напрыклад: аддзеяслоўны, адметны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар. маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж. маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж. маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.​Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.​Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.​Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.​Тыльберг, Ж.​Пуні, К.​Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.​Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.​Масленікаў, С.​Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.​Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.

Літ.:

Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. Мн., 1990;

Шагаловский сборник. Витебск, 1996.

А.​Г.​Лісаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)