НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Лаўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
А.Ф.Смеяновіч.
т. 11, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)