шама́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Займацца шаманствам; выконваць абрад шаманства. — Анкат, гэта і ёсць шаман? — запытаў я ціха. — Шаман, шаман. — А што ён робіць? — Шаманіць, з духамі гаворыць, хворага лечыць. Бяганская. // перан. Чараваць. Шаманіць над катлом чабан З даўгім нажом, З двухзубцам. Барадулін. Па берагах не вельмі высокі, але стромкі меднастволы кедрач, густыя зараснікі тальніку, на рацэ дзе-нідзе чарнеюць лункі, ля якіх шаманяць над стаўнымі сеткамі рыбакі. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарж, ‑у, м.
1. Сатырычная або гумарыстычная манера адлюстравання каго‑, чаго‑н., пры якой захоўваецца знешняе падабенства, але карыкатурна перабольшаны і падкрэслены найбольш характэрныя рысы. Акцёр праводзіць сваю ролю, калі можна так сказаць, «на грані». Дзесьці на самай мяжы, пераступіўшы праз якую, атрымаецца шарж, карыкатура, страціцца рэальнае. Сабалеўскі.
2. Малюнак, партрэт, выкананы ў такой манеры.
3. перан. Карыкатурнае недарэчнае падабенства каго‑, чаго‑н.
•••
Сяброўскі шарж — жартоўны, дабрадушна-гумарыстычны партрэт каго‑н.
[Фр. charge.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шко́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыносіць ці можа прынесці шкоду 1 (у 1 знач.). Знішчаючы грызуноў, пугач прыносіць пэўную карысць чалавеку, але для паляўнічай гаспадаркі ён шкодны тым, што забівае зайцоў, вавёрак і баравую дзічыну — цецерукоў, глушцоў, курапатак. В. Вольскі. — А ты і праўда шкодны, пане браце, — адказаў.. [Мякішу] дзядзька ў саламяным капелюшы. — Віляеш і нашым, і вашым... Антось Нагорны — кожны скажа — добры чалавек. Брыль.
2. Небяспечны для здароўя. Шкодны клімат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шляхе́цтва, ‑а, н.
1. Тое, што і шляхта. Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. Колас. // Прыналежнасць да шляхты. [Сяргей:] — Эх, Васіль! Шляхецтва гэтае і бацькоў нашых атруціла і ў нас атруты ўліло... Чарнышэвіч.
2. Назва дваранства, пашыраная ў Расіі першай паловы 18 ст.
[Польск. szlachectwo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штось 1, чагось, чамусь, штось, чымсь, аб чымсь, займ. неазначальны.
Тое, што і штосьці 1. Вусны.. [Джуліі], не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Быкаў. — Ну, маладзіца, прысядзь трохі: маю штось у цябе запытаць, — лагодненька пачынае Гудзілка. Колас.
штось 2, прысл.
Тое, што і штосьці 2. Штось пад канец сваволіць сэрца, Прыступак пяць бы тут [на лесвіцы] адняць. Прыходзька. Як відаць, .. [сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
што-не́будзь, чаго-небудзь і пад. (гл. што 1), займ. неазначальны.
Які‑н. прадмет, з’ява і пад. з шэрага падобных або ўсё роўна які прадмет, з’ява і пад. [Лена] заўсёды што-небудзь прывозіла .. [Андрэю] з дарогі. Скрыган. І вось, бывала, калі ён [Цімошка] гнаў каровак на пашу, то Кустрэй .. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас. [Гаспадар:] «Але і я не без галавы. Што-небудзь і я кумекаю. Не лыкам шыты». Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штрых, ‑а, м.
1. Тонкая, кароткая лінія, рыска (малюнка, чарцяжа, партрэта, карціны і пад.). [Рамір] адбегся ад планшэта, .. шырока ўзмахнуў рукой; Вера ведала, што ён зрабіў першы штрых. Асіпенка.
2. перан. Асобны момант, характэрная рыса, падрабязнасць чаго‑н. Варты ўвагі і некаторыя штрыхі, што характарызуюць паасобныя асаблівасці даўніх народных звычаяў паўночнага Палесся. Ліс. Байку Крапівы жывіла жыццё, канкрэтная рэчаіснасць — яна давала не толькі тэмы, вобразы, але асобныя штрыхі, дэталі. Гілевіч.
[Ням. Strich.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
энтузія́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Чалавек, ахоплены энтузіязмам, натхнёны чым‑н. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергію гэтых юных энтузіястаў на карысць агульнае справы. Дубоўка. // чаго. Чалавек, які ўсе сілы аддае якой‑н. справе, шчыры прыхільнік чаго‑н. Будучы сапраўдным энтузіястам навукі, ён [Скарына] імкнуўся асвоіць яе ў самых розных галінах. Алексютовіч. Адным з кіраўнікоў тэатра быў юны літаратар і энтузіяст аматарскай сцэны Юрый Тарых. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
анало́гія
(гр. analogia)
1) падабенства ў пэўных адносінах з’яў, паняццяў, прадметаў, якія ў цэлым розняцца паміж сабой;
2) лог. форма высновы, калі на аснове падабенства двух прадметаў, з’яў, паняццяў у якіх-н. адносінах робяць вывад пра іх падабенства ў іншых адносінах;
3) падобнасць органаў, якія маюць розную будову, але выконваюць у розных жывёл і раслін аднолькавыя функцыі (параўн. гамалогія);
4) лінгв. змяненне граматычнай формы на ўзор другой формы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў сацыялогіі,
кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.
Літ.:
Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;
История социологии. Мн., 1993.
Е.М.Елсукоў.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)