СЕКУНДАМЕ́Р,

прылада для вымярэння прамежкаў часу ў гадзінах, мінутах, секундах і долях секунды. Як і гадзіннікі, маюць механізм для адліку часу, а таксама прыстасаванне для пуску, спынення і вяртання да нуля стрэлак (лічбаў).

Першыя С. (з’явіліся ў канцы 19 ст.) мелі толькі секундную стрэлку (адсюль іх назва). Бываюць малагабарытныя — кішэнныя і наручныя (пераважна мех., са стрэлачнай індыкацыяй) і буйнагабарытныя — настольныя, шчытавыя, у т. л. дэманстрацыйныя (звычайна эл., электронна-мех. і электронныя з лічбавай індыкацыяй); падсумоўвальнага дзеяння (паказваюць выніковы час якіх-н. паслядоўных працэсаў), 2-стрэлачныя, шматцыферблатныя, са шкалой для вызначэння колькасці падзей за адзінку часу (напр., удараў пульсу за мінуту) і інш. Выкарыстоўваюцца ў спорце, медыцыне, авіяцыі, прам-сці і інш.

Секундамеры: 1 — механічны кішэнны; 2 — механічны падсумавальнага дзеяння з дзвюма секунднымі стрэлкамі і трыма шкаламі; 3 — электрычны дэманстрацыйны з дзвюма шкаламі.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЫ ФТАРЫ́ДЫ,

неарганічныя бінарныя злучэнні серы з фторам. Найб. пашыраны серы гексафтарыд SF6 і тэтрафтарыд SF4. Вядомы таксама дытыядэкафтарыд S2F10 і дытыядыфтарыд S2F2, якія раскладаюцца пры награванні.

Серы гексафтарыд — бясколерны газ без паху, tпл -50,8 °C, пры т-ры -64 °C узганяецца. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Тэрмічна ўстойлівы да 700 °C. Хімічна інертны; не ўзаемадзейнічае з к-тамі і шчолачамі. Мае нізкую цеплаправоднасць, добры дыэлектрык. Выкарыстоўваюць як ізалятар, холадагент (тэхн. назва — элегаз) у трансфарматарах, высакавольтнай апаратуры, рабочае цела ў газавых хім. лазерах і інш. Серы тэтрафтарыд — бясколерны газ з рэзкім пахам, tпл -121 °C, tкіп -38 °C. Раствараецца ў бензоле; вадой і яе парай раскладаецца. Выкарыстоўваюць для селектыўнага фтарыравання кіслародзмяшчальных арган. злучэнняў, атрымання SF6. С.ф. таксічныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі; ГДК у атм. паветры для SF4 0,5 мг/м³, для SF6 0,001 мг/м³.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок (звычайна чатырохвугольны), які падкладваюць пад галаву. Люба прачнулася, прыжмурыўшыся, паглядзела на вокны, пазяхнула і зноў навалілася тварам у цёплую падушку. Шамякін. Пачуўшы брэх сабакі, .. [Ігнат] падняў з падушкі галаву і прыслухаўся. Капыловіч. // Што‑н. мяккае, пухкае. Гэта тр[а]сянка, відаць, каторы год пласт за пластам адкладвалася і ўтварыла цэлую падушку. Лобан.

2. Спец. Назва падкладак у аснове механізмаў, збудаваннаў, якія змякчаюць штуршкі, гасяць вібрацыю, засцерагаюць ад ціску, а рання. Падушка падмурка.

•••

Кіслародная падушка — медыцынскі прыбор для ўдыхання кіслароду.

Паветраная падушка — слой сціснутага паветра, здольны прыўзняць што‑н. над вадой, зямлёй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спас ​1, ‑у, м.

У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.

спас ​2, ‑а, м.

Разм.

1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.

2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. □ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стоп, выкл.

1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.

3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.

[Ад англ. stop — спыняць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сава́ 1 ’драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба’. Укр., рус. сова́, серб.-ц.-слав. сова, польск., н.-луж., в.-луж. sowa, палаб. süwó, чэш., славац. sova, серб.-харв. со̏ва, славен. sóva, балг. со́ва. Прасл. *sowa ’птушка Strix’. Большасць этымолагаў лічаць гукапераймальным утварэннем, параўн. Фасмер, 3, 704 і наст.; Траўтман, 300; Махэк₂, 568. Яшчэ праіндаеўрапейская назва (Струтыньскі, Nazwy, 87), параўн. роднасныя: ст.-брэтон. couann ’тс’, брэтон. kaouen, кімр. cuan ’начная сава’, ст.-в.-ням. hûwo, hûwila ’тс’, hiuwilôn ’лікаваць’ і г. д. Параўн. яшчэ з пачатковым заднепаднябенным рус. дыял. ка́ва ’галка’, літ. naktikóva ’сава, начны крумкач’, kóvas м., kóva ж. ’галка’, ст.-інд. kaúti ’крычыць’ (гл. Вальдэ-Гофман 1, 184). Ад і.-е. *kěu̯‑, kā̌u‑ ’быць, рыпаць, крычаць’ (Борысь, 567; Сной₁, 594, Шустар-Шэўц, 2, 1336).

Сава́ 2, мн. л. со́вы ’грыб шампіньон’ (нарай., ЛА, 1). З польск. sowa ’від пластынковага грыба’, якое Борысь, 567 памяншае ў артыкул sowa ’тушка’. Назва, магчыма, па колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

манахо́рд

(гр. monochordon = які мае адну струну)

1) старажытны грэчаскі аднаструнны шчыпковы музычны інструмент;

2) прылада для вызначэння вышыні тону струны;

3) прыстасаванне ў фартэпіяна для перасоўвання клавішнага механізма;

4) назва клавікордаў да 18 ст.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бельведэ́р

(іт. belvedere = літар. прыгожы від)

1) невялікая вежа над будынкам або асобная альтанка на ўзвышаным месцы, адкуль адкрываецца від на ваколіцу;

2) назва, якая замацавалася за некаторымі палацамі (напр. у Варшаве, Ватыкане, Празе, Вене).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)