РАНЦА́НЦ Арнольд Аляксандравіч (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),

украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.​Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.​Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.​Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.​Кальмана) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЕВА Наталля Аляксандраўна (н. 27.5.1951, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1981). З 1972 артыстка хору, з 1981 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае моцным голасам, яркім драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у операх бел. кампазітараў: Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Ганна («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Клара Цаханасян («Візіт дамы» С.​Картэса), а таксама Мадалена («Мадалена» С.​Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Любка («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Любаша, Лель, Вясна («Царская нявеста», «Снягурка» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Паліна, Графіня, Вольга, няня («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Элен Бязухава, Соня, Ахросімава («Вайна і мір» Пракоф’ева), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Азучэна, Мадалена, Фенена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Трубадур», «Рыгалета», «Набука» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш.

Н.Руднева ў ролі прынцэсы Эбалі.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНКО́ВІЧ Алена Васілеўна (н. 30.9.1923, в. Лысая Гара Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1948). З 1948 праце ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Творчасць адметная тонкім пранікненнем у сутнасць вобраза, мяккім гумарам і лірызмам. Шэраг яркіх роляў сыграла ў бел. рэпертуары: Агата («Паўлінка» Я.​Купалы), Мякішава («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Наташа, Лідзія Сямёнаўна, Клава («Выбачайце, калі ласка!», «Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Марыя Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Марфа («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Маці («Парог» А.​Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Ганна Паўлаўна, Глафіра Фірсаўна, Людміла («Даходнае месца», «Апошняя ахвяра», «Позняе каханне» А.​Астроўскага), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), графіня Русільёнская («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра).

Г.​Г.​Коваль.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЭ́РСКІ (Świderski) Ян (14.1.1916, г. Хмяльнік Вінніцкай вобл., Украіна — 18.10.1988),

польскі акцёр, рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1948). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1938). Дэбютаваў у 1938 у Познані. У 1944—49 працаваў у тэатрах Беластока, Любліна, Лодзі. З 1949 у Варшаве: з 1955 у «Т-ры Драматычным» (акцёр, рэжысёр, у 1962—65 маст. кіраўнік і адначасова дырэктар т-ра), з 1966 у «Т-ры Атэнэум». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Творчасці ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вострая характарнасць, майстэрства пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: «Барон» («На дне» М.​Горкага), Паэт («Вяселле» С.​Выспянскага), Стары («Крэслы» Э.​Іанескі), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата), Саламон («Цана» А.​Мілера), Йун Габрыэль Боркман (аднайм. п’еса Г.​Ібсена). Паставіў «Вяселле» Выспянскага (1955), «Паліцыя» С.​Мрожака (1958). Пастаноўшчык і выканаўца роляў Шамбяляна («Дурны Якуб» Т.​Рытнера, 1970), Фрыдрыха 11 («Фрыдрых Вялікі» А.​Навачынскага, 1977). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1976.

Літ.:

Filler W. Jan Swiderski. Warszawa, 1977.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА Людміла Іванаўна (н. 16.1.1952, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета. Нар. арг. СССР (1986). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1970). З 1970 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава, з 1972 у Вял. т-ры ў Маскве. У 1991—92 у трупе «Нац. балет Вялікабрытаніі». Танцоўшчыца лірыка-драм. плана. Яе выкананне вылучаецца абвостранай эмацыянальнасцю, артыстызмам, чысцінёй выканаўчага стылю, віртуознай тэхнікай. Першая выканаўца партый Раксаны («Сірано дэ Бержэрак» М.​Канстана), Соні Мармеладавай («Злачынства і кара» У.​Пярта). Партыі класічнага і сучаснага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). Знялася ў тэлефільмах «Харэаграфічныя навэлы» (1973), «Свет Уланавай» (1981). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Людміла Семяняка» (1979). Прэмія Г.​Паўлавай (Парыж), 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Токіо; абедзве 1976). Дзярж. прэмія СССР 1977.

Л.Семяняка ў ролі Валянціны.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-ЛЕО́Н (Saint-Léon) Арцюр [сапр. Мішэль

(Michel) Шарль Віктор Арцюр; 17.9.1821, Парыж — 2.9.1870], французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог, скрыпач. Вучыўся танцу ў бацькі — Л.​Мішэля, ігры на скрыпцы — у Н.​Паганіні. Дэбютаваў як танцоўшчык у Мюнхене (1835). З 1837 гастраліраваў у краінах Еўропы. Бліскуча выконваў класічныя і характарныя партыі. Яго танец адметны элегантнасцю і тонкім густам, пластычнай арнаментыкай і глыбокім зместам. У 1847 выступіў у Парыжы ў «Гранд-апера» як харэограф і выканаўца (балет «Мармуровая прыгажуня» Ц.​Пуні). З 1854 балетмайстар у Лісабоне, з 1859 гал. балетмайстар у Пецярбургу і пастаянна працаваў у Маскве. Сярод яго пастановак найб. вядомы балеты на музыку Пуні («Скрыпка д’ябла», паст. 1849; «Грацыэла», паст. 1860; «Сірата Тэалінда», паст. 1862),

Л.​Мінкуса («Фіямета», паст. 1864), Л.​Дэліба («Ручай», паст. 1866; «Капелія», паст. 1870) і інш. Стваральнік арыгінальнай сістэмы запісу танца — «Сценахарэаграфія».

Літ.:

Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;

М., 1963.

С.​В.​Гуткоўская.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́КАРАЎ Генадзь Барысавіч (н. 9.12.1931, г. Смаленск, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю ў Смаленску (1955). З 1956 працуе ў Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца драм., характарных роляў. Стварыў пераканаўчыя сцэн. вобразы сучаснікаў: Андрэй, Алег («У добры час!», «У пошуках радасці» В.​Розава), Сеўка («Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева), Цімур Зямны («Лейтэнанты» А.​Пінчука) і інш. Адметнай характарнасцю, мяккім гумарам, пластычнай выразнасцю і сатыр. завостранасцю пазначаны яго пазнейшыя работы: Кукушкін, Рагулін («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.​Губарэвіча), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Скаромны («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Ермалай («Характары» паводле В.​Шукшына), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана) і інш. Сярод інш. роляў: Дук («...Выратаваць хачу зямную прыгажосць...» паводле твораў А.​Пушкіна), Бальшынцаў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева), Антоніо («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Гжэгаж («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка).

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 15, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ШЧАНКА Леанід Аляксандравіч (н. 29.8.1941, в. Нагульная Тарасаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. Выканаўца роляў маладых герояў, станоўчых персанажаў: Раман («Сіні снег» Я.​Шабана), Заслонаў («Паядынак» М.​Матукоўскага), Фелікс («Юнацтва рыцара» В.​Зуба), Міця («З любімымі не расставайцеся» А.​Валодзіна), герцаг Арсіна («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Д’Артаньян («Тры мушкецёры» паводле А.​Дзюма-бацькі), Келер («Стваральніца цуду» У.​Гібсана). Асаблівасці творчай індывідуальнасці акцёра выявіліся ў характарных ролях: Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова), Гарэцкі («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Кальмон, Тарталля («Зялёная птушка», «Шчаслівыя жабракі» К.​Гоцы), кот Базыль («Палёт у краіну мрояў» М.​Варфаламеева), Тата («Ніхто не паверыць» паводле Я.​Экхольма). Аўтар цыклаў радыёпастановак «Казкі дзядзечкі Рымуса» (1997—98), «Казачныя літары» (2000—01) і інш. Кіраўнік дзіцячай тэатр. студыі «Надзея» (з 1995). Аўтар кн. для дзяцей «Як Верабейка сябра шукаў» (1981), «Птушка шчасця» (1991).

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Раман Сяргеевіч (24.1.1936, г. Сімферопаль, Украіна — 18.2.1992),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна ў Маскве (1957). Працаваў у т-рах Масквы, у т. л. з 1970 у Малым т-ры. У 1962—70 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Ствараў глыбока псіхал. і маштабныя вобразы, адметныя выразным псіхалагізмам, яркасцю дэталей. З лепшых роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Андрэй Бялугін («Андрэй Бялугін» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Лапатухін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Сацін («На дне» М.​Горкага), Платаў («Сябры і гады́» Л.​Зорына), Кароль («Канец—справе вянец» У.​Шэкспіра), Джэсі Махоні («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта). Зняўся ў тэлеспектаклі «Крах» (прэмія Міжнар. фестывалю тэлевіз. спектакляў у Варне, 1969), кінафільмах «Па Русі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ШКІНА Тамара Рыгораўна (н. 31.10.1931, в. Ніжняя Алешня Ражскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958, курс Дз.Арлова). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца драм., лірычных, характарных роляў: у Гродзенскім т-ры — Любоў («Салдаты» В.​Шаўрына), Маша («Тры сястры» А.​Чэхава), Патрыцыя («Тры таварышы» паводле Э.​М.​Рэмарка); у т-ры імя Я.​Коласа — Марыля («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Манаева («Трывога» А.​Петрашкевіча), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Марына («Улада цемры» Л.​Талстога), Соф’я («Зыкавы» М.​Горкага), Кэт («Семнаццаць імгненняў вясны» паводле Ю.​Сямёнава), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Беатрычэ («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Эўгенія («І паміраючы дрэвы стаяць» А.​Касоны), місіс Уайр («Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» паводле Т.​Уільямса) і інш.

Л.​І.​Брандабоўская.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)