ФІЛІ́ПАЎ Раман Сяргеевіч (24.1.1936, г. Сімферопаль, Украіна — 18.2.1992),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна ў Маскве (1957). Працаваў у т-рах Масквы, у т. л. з 1970 у Малым т-ры. У 1962—70 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Ствараў глыбока псіхал. і маштабныя вобразы, адметныя выразным псіхалагізмам, яркасцю дэталей. З лепшых роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Андрэй Бялугін («Андрэй Бялугін» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Лапатухін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Сацін («На дне» М.​Горкага), Платаў («Сябры і гады́» Л.​Зорына), Кароль («Канец—справе вянец» У.​Шэкспіра), Джэсі Махоні («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта). Зняўся ў тэлеспектаклі «Крах» (прэмія Міжнар. фестывалю тэлевіз. спектакляў у Варне, 1969), кінафільмах «Па Русі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)