РЫНКО́ВІЧ (Алена Васілеўна) (н. 30.9.1923, в. Лысая Гара Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1948). З 1948 праце ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Творчасць адметная тонкім пранікненнем у сутнасць вобраза, мяккім гумарам і лірызмам. Шэраг яркіх роляў сыграла ў бел. рэпертуары: Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Мякішава («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Наташа, Лідзія Сямёнаўна, Клава («Выбачайце, калі ласка!», «Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Марыя Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Марфа («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Маці («Парог» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Ганна Паўлаўна, Глафіра Фірсаўна, Людміла («Даходнае месца», «Апошняя ахвяра», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Любка Шаўцова («Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева), графіня Русільёнская («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра).
Г.Г.Коваль.
т. 13, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)