РЫ́МАН ((Riemann) Гуга) (18.7.1849, г. Зондэрсгаўзен, Германія — 10.7.1919),
нямецкі музыказнавец, стваральнік адной з буйнейшых тэарэт. школ музыказнаўства, т.зв. функцыянальнай школы. Ганаровы чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1887), Каралеўскай акадэміі ў Фларэнцыі (1894), ганаровы д-р музыкі Эдынбургскага ун-та (1899) і інш. З 1878 выкладаў ва ун-тах Германіі, з 1901 праф. Лейпцыгскага ун-та, з 1908 дырэктар Ін-та музыказнаўства, з 1914 — заснаванага ім Дзярж. ін-та муз. навукі (Лейпцыг). Працы па гісторыі музыкі, муз. эстэтыцы і крытыцы. Распрацоўваў універсальную сістэматызацыю і тэарэт. асновы музыкі на базе аналізу меладычных, гарманічных, рытмічных элементаў, арганізацыі іх у адзінае муз. цэлае. Даў новы погляд на праблему фарміравання венскай класічнай школы, паказаў значэнне творчасці кампазітараў мангеймскай школы і інш. Аўтар «Музычнага слоўніка» (1882; 12-е выд., т. 1—5, 1959—75), «Кіраўніцтва па гісторыі музыкі» (т. 1—5, 1901—13) і інш.
т. 13, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЬЕ́ ((Régnier) Анры Франсуа Жазеф дэ) (28.12.1864, г. Анфлёр, Францыя — 23.5.1936),
французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1911). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як паэт. У вершах спалучаў сімвалісцкія пошукі з дакладнасцю і пластычнасцю вобраза паэтаў-парнасцаў. У лірычных зб-ках «Будучыя дні» (1885), «Гульні вяскоўцаў і багоў» (1897), «Гліняныя медалі» (1900) і інш. апявае чароўнасць усяго нетрывалага і крохкага, ухваляе пачуццёвыя асалоды і ўсякія радасці. Аўтар раманаў «Двойчы каханая» (1900), «Канікулы сціплага маладога чалавека» (1903), «Жывое мінулае» (1905), «Гераічныя ілюзіі Тыта Басі» (1916), «Грэшніца» (1920), «Правінцыяльныя забавы» (1925), «Я, яна і ён» (1935), зб-каў апавяд. «Яшмавы кій» (1897), «Лакавы паднос» (1913), «Згубленае шчасце» (1924) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў А.Асташонак.
Тв.:
Бел. пер — у кн.: Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1992—93.
А.В.Хадановіч.
т. 14, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз. т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л. бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.
Т.Б.Варфаламеева.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал. нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц. культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.
Літ.:
Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;
Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.
С.А.Кузняева.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯРЦІ́НСКІ (Іван Іванавіч) (3.12.1902, г. Віцебск — 11.2.1944),
расійскі гісторык музыкі, тэатра, літаратуры. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). З 1929 працаваў у Ленінградскай філармоніі (з 1940 маст. кіраўнік), з 1936 адначасова ў Ленінградскай кансерваторыі (з 1939 праф.). Абуджэннем цікавасці да муз. мастацтва, веданнем сімф. рэпертуару ў многім абавязаны М.Малько. Выступаў як лектар і крытык-публіцыст па пытаннях мастацтва, эстэтыкі, псіхалогіі. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку праблем класічнай муз. спадчыны, сімфанізму, опернай і балетнай драматургіі, паўплываў на творчасць Дз.Шастаковіча. Аўтар артыкулаў па зах.-еўрап. муз. класіцы, харэаграфіі, тэатр. мастацтве, л-ры, а таксама па тагачаснай замежнай і сав. музыцы.
Тв.:
Исторические этюды. Критические статьи. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1963;
Статьи о балете. Л., 1973.
Лит.: Шостакович Д. И.И.Соллертинский // Сов. музыка. 1946. № 2—3; Памяти И.И. Соллертинского: Воспоминания, материалы, исслед. 2 изд. Л., 1978.
Б.С.Смольскі.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НІН (Ігар) (сапр. Лотараў Ігар Васілевіч; 16.5.1887, С.-Пецярбург — 20.12.1941),
рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Стваральнік эгафутурызму (гл. Футурызм). Эстэтызацыя салонна-гарадскіх матываў, гульня ў рамант. індывідуалізм у зб-ках «Громакіпячы кубак» (1913), «Залаталіра» (1914), «Ананасы ў шампанскім», «Паэзаантракт» (абодва 1915) і інш. З 1918 жыў у Эстоніі. У аўтабіягр. рамане ў вершах «Званы сабора пачуццяў» (1925) і зб. санетаў «Медальёны. Сюжэты і варыяцыі пра паэтаў, пісьменнікаў і кампазітараў» (1934) настальгія па радзіме. Аўтар паэт. зб-каў «Збор паэз» (т. 1—4, 1918), «Салавей» (1923) і інш. Паэзіі С. ўласцівы лірычнасць, музычнасць, разнастайнасць рытмаў, неалагізмы (у т. л. «окрылить», «бездарь»), дакладнасць сатыр. замалёвак. Перакладаў на рус. мову А.Міцкевіча, Ш.Бадлера, П.Верлена, эст. пісьменнікаў.
Тв.:
Сирень моей весны: Избр. лирика. Кемерово, 1989;
Стихотворения и поэмы, 1918—1941. М., 1990;
Ананасы в шампанском: Поэзы. М., 1991;
Лирика. Мн.;
М., 2000.
Літ.:
Венок поэту: (Игорь Северянин). Таллинн, 1987.
т. 14, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРГІ́Н (Васіль Міхайлавіч) (19.9.1765, С.-Пецярбург — 29.11.1826),
рускі мінералог і хімік. Скончыў ун-т у Пецярбургу. Удасканальваў веды ў Гётынгенскім ун-це ў Германіі (1785—89). Акад. Пецярбургскай АН (1793). Ганаровы член многіх рус. і замежных навук. т-ваў, у т. л. Віленскага ун-та (1803). У працах «Першыя асновы мінералогіі або натуральнай гісторыі выкапнёвых цел» (кн. 1—2, 1798) і «Спроба мінералагічнага землеапісання Расійскай дзяржавы» (ч. 1—2, 1809) даў самыя поўныя на той час звесткі па мінералогіі, пра мінералы і карысныя выкапні Расіі. Аўтар «Падрабязнага слоўніка мінералагічнага...» (т. 1—2. 1807). Пасля паездак (1802 і 1803) у бел. губерні даў іх прыродазнаўчае і этнагр. апісанне ў «Запісках падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы...» (1803) і «Працягу запісак...» (1804).
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
С.А.Кузняева.
т. 14, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУАРЦЫ́НА ((Squarzina) Луіджы) (н. 18.2.1922, г. Ліворна, Італія),
італьянскі рэжысёр і драматург. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1946). У 1952 арганізаваў і ўзначаліў (сумесна з В.Гасманам) «Тэатр італьянскага мастацтва» ў Рыме, з 1962 кіраўнік (з І.К’езай) «Тэатра стабіле» ў Генуі, у 1977—84 — «Тэатра стабіле» ў Рыме. Паставіў спектаклі ў драм. і оперных т-рах («Ла Скала» ў Мілане, Рымскай оперы): «Гамлет» У.Шэкспіра (1952, сумесна з Гасманам), «Дачка Іорыо» Г. Д’Анунцыо (1957), «Федра» І.Піцэці (1959), «Фальстаф» Дж.Вердзі (1960), «Чалавек і звышчалавек» Б.Шоу і «Кожны па-свойму» Л.Пірандэла (1961), п’есы К.Гальдоні, Ф.Дастаеўскага і інш. Аўтар п’ес «Тры чвэрці месяца» (1953), «Сусветная выстаўка» (1955), «Дзяўчына з Раманьі» («Раманьёла», 1957), «Пяць дзён у порце» (1968, сумесна з В.Фаджы). «8 верасня» (1972, сумесна з Э. дэ Бернартам і Р.Дзанграндзі) і інш.
т. 14, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ВІН (Леў Ісаевіч) (27.10.1896, г. Адэса, Украіна — 6.9.1984),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1922. У п’есе «Інтэрвенцыя» (паст. 1933) паслярэв. Адэса. Раман «Ардэнскія страсці» (1976) пра 2-ю сусв. вайну. Аўтар рамана «Спадчыннік» (1930), аповесцей «Мае землякі» (1942, экранізавана пад назвай «Два байцы», 1943), «З другога боку ўзгорка» (1958), «За нашу і вашу свабоду! Аповесць пра Яраслава Дамброўскага» (1968), «Утрапёны. Аповесць пра Вісарыёна Бялінскага» (1973), апавяданняў, нарысаў, кніг мемуараў «Партрэты і нататкі» (1965), «Мой пачуццёвы сябар» (1973), кінасцэнарыяў. П’еса «Інтэрвенцыя» паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі (1940).
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;
Ударивший в колокол: Повесть об А.Герцене. 3 изд. М., 1986;
Арденнские страсти: Роман, портреты, зап. М., 1987;
Наследник. М., 1990.
Літ.:
Гордон А. Лев Славин и его пьеса «Интервенция». Душанбе, 1966;
Язык и стиль произведений В.П.Катаева, К.Г.Паустовского и Л.И.Славина: Сб. науч. тр. Одесса, 1987.
т. 14, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНІ́МСКІ (Зіновій) (Хаім Зеліг) Якаўлевіч (31.3.1810, г. Беласток, Польшча — 15.5.1904),
матэматык, вынаходнік, папулярызатар прыродазнаўчых ведаў. Самастойна вывучаў матэматыку і астраномію. Вынайшаў (1840) і запатэнтаваў (1845) адну з найб. простых мех. падсумоўвальных машын. Даказаў тэарэму пра ўласцівасці кратных лікаў (тэарэма С.), на аснове якой сканструяваў арыфм. машыну дыскрэтнага лічэння (множанне і дзяленне цэлых лікаў, здабыванне квадратных каранёў). Прапанаваў метад квадруплекснай сувязі (1858; амаль на 20 гадоў раней за Т.Э.Эдысана) Аўтар дапаможнікаў і навукова-папулярных прац па матэматыцы, астраноміі, геаметрыі і інш. Дзямідаўская прэмія 1845.
Тв.:
Описание нового числительного инструмента, изобретенного Зелигом Слонимским. СПб., 1845;
Zur Freiheit bestimmt, Alexander Humboldt — eine hebräische Lebensbeschreibung. Bonn, 1997.
Літ.:
Беспамятных Н.Д. Математическое образование в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1975;
Гутер Р.С., Полунов Ю.Л. От абака до компьютера. 2 изд. М., 1981;
Апокин И.А., Майстров Л.Е. История вычислительной техники. М., 1990.
М.М.Касцюковіч.
т. 14, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)