РЭНЬЕ́ ((Régnier) Анры Франсуа Жазеф дэ) (28.12.1864, г. Анфлёр, Францыя — 23.5.1936),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1911). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як паэт. У вершах спалучаў сімвалісцкія пошукі з дакладнасцю і пластычнасцю вобраза паэтаў-парнасцаў. У лірычных зб-ках «Будучыя дні» (1885), «Гульні вяскоўцаў і багоў» (1897), «Гліняныя медалі» (1900) і інш. апявае чароўнасць усяго нетрывалага і крохкага, ухваляе пачуццёвыя асалоды і ўсякія радасці. Аўтар раманаў «Двойчы каханая» (1900), «Канікулы сціплага маладога чалавека» (1903), «Жывое мінулае» (1905), «Гераічныя ілюзіі Тыта Басі» (1916), «Грэшніца» (1920), «Правінцыяльныя забавы» (1925), «Я, яна і ён» (1935), зб-каў апавяд. «Яшмавы кій» (1897), «Лакавы паднос» (1913), «Згубленае шчасце» (1924) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер — у кн.: Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1992—93.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)