КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць Арыстафана.У Стараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.​М.​Плаўт і П.​Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія), У.​Шэкспіра (Англія), Н.​Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.​Бамаршэ (Францыя), Г.​Лесінг (Германія), Г.​Філдынг і Р.​Шэрыдан (Англія), К.​Гальдоні і К.​Гоцы (Італія), Дз.​Фанвізін, І.​Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.​Грыбаедаў, М.​Гогаль, А.​Астроўскі, А.​Сухачо-Кабылін, Л.​Талстой, М.​Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.​Шоу, «К. настрояў» А.​Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.​Брэхта, І.​Л.​Караджале, А.​Фрэдра, Б.​Нушыча, К.​Чапека, Л.​Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.​Ануя, Э.​Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.​Маякоўскага, М.​Булгакава, М.​Пагодзіна, А.​Карнейчука, В.​Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.​Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.​Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.​Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.​Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.​Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.​Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.​Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.​Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.​Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.​Махнач, А.​Рылько, В.​Зуб, У.​Няфёд, Н.​Гілевіч, Г.​Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ ≠ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ,

спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.​Макіявелі, Г.​Гегеля, К.​Маркса, У.​І.​Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.​Бёрнхем, Д.​Бел, Дж.​Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.

К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.

Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.

К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Ф.​Тэйлар, Г.​Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.

Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБО́Ў,

інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.

У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.​Гельвецый, Ш.​Мантэск’ё, А.​Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.​Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.​Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.​Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, С.​Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.​К.​Сарбеўскі, Ф.​Карпінскі, М.​Лавіцкі, М.​К.​Судзілоўскі, Я.​Чачот і інш.

У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм. Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап. феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;

Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Ивин А.А. Введение в философию истории. М., 1997;

Мэй Р. Любовь и Воля: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВІЦЦЁ,

незваротнае, накіраванае, заканамернае змяненне матэрыяльных і ідэальных аб’ектаў. Адбываецца т.ч., што кожны наступны стан аб’екта — гэта «разгортванне» папярэдняга стану, ён абумоўлены, дэтэрмінаваны, выкліканы папярэднім («вынікае» з папярэдняга).

Ідэя Р. — адна з вядучых у гісторыі філасофіі, прырода- і грамадазнаўства. У еўрап. культуры паняцце Р. набыло катэгарыяльны і светапоглядны статус пры пераходзе ад антычнасці да сярэдневякоўя ў сувязі са станаўленнем паняцця гісторыі і яго хрысц. інтэрпрэтацый. З узнікненнем навукі Новага часу фарміруюцца ўяўленні аб накіраваных і незваротных змяненнях у прыродзе і грамадстве. Пераломную ролю адыграла стварэнне навук. касмалогіі, тэорыі эвалюцыі ў біялогіі і геалогіі. Замацаванне ідэі Р. ў навуцы пацягнула за сабой яе філас. асэнсаванне, здзейсненае ў рамках розных тэарэт. мадэляў: эвалюцыянізму (Г.​Спенсер), «творчай эвалюцыі» і «эмерджэнтызму» (Л.​Морган, А.​Бергсон), раўнаважна-інтэграцыйнай (А.​Багданаў), антрапалагічнай (экзістэнцыялізм, персаналізм) і інш. Вяршыняй у асэнсаванні працэсу Р. і стварэння яго агульнай тэорыі з’яўляецца дыялектычная мадэль (Г.​Гегель).

У адрозненне ад змяненняў Р. ўяўляе сабой самарух аб’екта, крыніца якога ў самім аб’екце. Яго вынікам выступае змена складу або структуры аб’екта (узнікненне, трансфармацыя або знікненне яго элементаў і сувязей). У гэтым сэнсе Р. — глабальнае цэласнае змяненне аб’екта або сукупнасці аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Адначасова Р. — накіраваны працэс, які выражае пэўную паслядоўнасць і незваротнасць праходжання аб’ектам (які развіваецца) спецыфічных для яго ступеняў. Гэта інтэгральны працэс, для ажыццяўлення якога неабходны пэўны інтэрвал, пэўная серыя паслядоўных змяненняў, парадак і праходжанне асобных стадый якога не могуць быць адвольна зменены. З прычыны таго, што ўнутрана абумоўленая змена станаў аб’екта — існаванне 2 узаемапроцілеглых працэсаў (узнікненне і знікненне), суадносіны паміж імі могуць мець 3 формы: змяненні ад менш арганізаванага да больш арганізаванага (прагрэс); пераход ад больш арганізаванага да менш арганізаванага (рэгрэс); пераход, які не змяняе ўзроўню арганізацыі (функцыянаванне і кругаварот). Прагрэс найб. адэкватны працэсу Р. з яго спецыфічнымі рысамі; пры дамінаванні змен, якія вядуць да павышэння ўзроўню арганізацыі дадзенага аб’екта, заўсёды прысутнічае пэўнае спалучэнне 2 інш. форм змяненняў, што характарызуе супярэчлівую нелінейную прыроду. Пра гэта сведчаць і даныя сучасных навук (касмалогія, астраномія, біялогія, антрапалогія і інш.), якія раскрываюць працэсы Р. ў даступнай частцы Сусвету. Змены, выкліканыя самім аб’ектам, і змены, выкліканыя ўмовамі яго быцця, не з’яўляюцца 2 самаст. відамі руху, што былі б раздзелены ў прасторавых і часавых адносінах, таму што аб’ект «разгортвае» сябе праз умовы, а ўмовы рэалізуюць сябе праз «самаразгортванне» аб’екта. Адсюль вынікае суадносная прырода Р. і «неразвіцця» (проста рух). Гэта азначае, што тая ці інш. змена, якая ў адной сістэме адносін з’яўляецца проста рухам, у другой такой жа аб’ектыўнай сістэме суадносін выступае як фрагмент Р. Напр., рух планет вакол Сонца не можа быць прадстаўлены як Р., але як момант больш глабальных незваротных працэсаў касм. эвалюцыі кваліфікуецца як Р. Працэс Р. характарызуецца вял. разнастайнасцю канкрэтных відаў і форм. Вылучаюць 2 агульныя паказчыкі Р.: павышэнне ўзроўню арганізацыі і захоўванне эвалюцыйнай перспектыўнасці. У свеце неарган. прыроды крытэрыямі Р. выступаюць мера самаарганізацыі, узнікненне больш складаных структур і функцыянальных магчымасцей (нейтрына—плазма—поле—рэчыва і г.д.). Для арган. прыроды крытэрыямі Р. з’яўляюцца: ступень адаптацыі да ўмоў існавання, ступень эвалюц. пластычнасці арганізацыі, павелічэнне адноснай незалежнасці арганізмаў праз ускладненне ўзаемасувязей са знешнім асяроддзем. У адносінах да сац. свету (гл. Развіццё сацыяльнае) розныя філас. кірункі прапаноўваюць часам процілеглыя крытэрыі (ступень Р. прадукцыйных сіл, ступень Р. свабоды, павышэнне інтэграцыі і дыферэнцыяцыі, узровень Р. духоўнасці грамадства і асобы і г.д.). Наяўнасць розных вызначэнняў паказчыкаў сац. Р., іх неакрэсленасць і несувымернасць пабуджае да пошуку аб’ектыўных комплексных колькасных крытэрыяў. Напр., ААН уведзены агульны крытэрый — індэкс чалавечага Р., які ўключае 3 асн. паказчыкі росту; гадавога нац. валавога прадукту, што прыпадае на 1 чалавека; адукаванасці насельніцтва; сярэдняй працягласці жыцця ў краіне.

Літ.:

Северцов А.Н. Морфологические закономерности эволюции. М.; Л., 1939;

Проблемы развития в природе и обществе: (Сб. ст.). М.; Л., 1958;

Материалистическая диалектика как общая теория развития. Кн. 1—4. М., 1982—7;Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987.

А.​Б.​Савеня.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́РА (ад араб. сахра — пустыня),

пустыня ў Паўн. Афрыцы, самая вялікая на зямным шары. Пл. каля 7 млн. км². Працягваецца на 5,7 тыс. км ад Атлантычнага ак. на З да Чырвонага м. на У. Шыр. да 2 тыс. км. На Пн мяжуе з паўд. перадгор’ямі Атласа і ўзбярэжжам Міжземнага м. На Пд пераходзіць у Сахель (паўд. мяжа можа перамяшчацца на Пн ці Пд у залежнасці ад вільготнасці года). На тэр. С. размешчаны поўнасцю або часткова дзяржавы: Марока, Туніс, Алжыр, Лівія, Егіпет, Зах. Сахара, Маўрытанія, Малі, Нігер, Чад, Судан. У рэльефе пераважаюць раўніны выш. 200—500 м, у Цэнтр. С. — нагор’і: Ахагар (г. Тахат, 3003 м), Тыбесты (г. Эмі-Кусі, 3415 м, найб. выш. С.); плато: Аір, Энеды, Адрар-Іфарас і інш. Уздоўж Чырвонага м. выцягнуты хр. Этбай (выш. больш за 2000 м). На Пн і У размешчаны шматлікія бяссцёкавыя ўпадзіны, некат. з іх ніжэй узр. м.: Катара (-133 м), Шот-Мельгір (-26 м) і інш. У ландшафтах С. пераважаюць пустыні: камяністыя і друзавыя (хамады), галечнікавыя (рэгі), гліністыя (серыры), пясчаныя (у т. л. эргі), саланчаковыя (себхі); астатнюю тэр. займаюць горныя ландшафты з друзавата-камяністымі пустынямі. Паверхню часта ўскладняюць градавыя пяскі (бываюць грады выш. да 200—300 м) і дзюны круглыя або зоркападобныя.

С. займае паўн.-зах. ч. Афрыкана-Аравійскай платформы, дакембрыйскі фундамент якой выходзіць у масівах Цэнтральна-Сахарскай зоны падняццяў (Рэгібацкае, Ахагар, Тыбесты, Эль-Увейнат) і зах. выступе Нубійска-Аравійскага масіву. На Пн і Пд знаходзяцца зоны пагружэнняў, запоўненыя адносна маламагутным чахлом фанеразойскіх адкладаў. Радовішчы нафты і газу (Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн), жалезных і медных руд, фасфарытаў.

Клімат С. пераважна трапічны пустынны, на Пн — субтрапічны. Круглы год пераважае паўн.-ўсх. пасат. Частыя вятры скорасцю да 50 м/с (хамсін, самум, сірока, шэргі) і пыльныя буры. Сярэднія т-ры студз. 10 °C і больш (у гарах маразы); ліп. да 37 °C, абс. макс. 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс. мінім. -18 °C (у Тыбесты). Вял. сутачныя амплітуды т-р паветра (больш за 30 °C) і глебы (да 70 °C). Характэрны сухое паветра (адносная вільготнасць 30—50%) і высокая выпаральнасць (да 6000 мм). На б.ч. тэр. С. ападкаў менш за 50 мм за год, на ўскраінах 100—200 мм. На Пн С. ападкі пераважна зімовыя, на Пд — летнія. С. — вобласць унутранага сцёку. Пастаяннымі вадацёкамі з’яўляюцца ўчасткі транзітных рэк Ніл і Нігер. Па сухіх рэчышчах (вадзі або уэды) эпізадычна сцякаюць ліўневыя воды. Вял. басейн падземных вод, у т. л. артэзіянскіх, забяспечвае жыццё ў аазісах. Свідраванне на ваду вядзецца ў раёнах здабычы нафты і газу. Характэрны прымітыўныя глебы трапічных пустынь і паўпустынь (пясчаныя, друзаватыя, галечныя, гліністыя), часта засоленыя. Пашыраны вапнякова-гіпсавыя коры. Расл. покрыва залежыць ад тыпу пустынь: хамады і рэгі без расл. або з моцна разрэджаным покрывам, эргі замацаваны доўгакаранёвымі бязлістымі хмызнякамі і злакамі (сахарскі дрок, эфедра, дрын). На Пд С. з дрэвава-хмызняковых найб. частыя акацыі, тамарыскі і інш. У горных раёнах захаваліся рэлікты неагенавай флоры (ядловец, алеандр, кіпарыс). Найб. пашыраныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа адакс, газелі, муфлон, фенек, гепард, гіена, шакал, пясчанкі, тушканчыкі, сахарскі заяц, сцынкі, вараны, рагатая гадзюка, кобра і інш. Качавая і паўкачавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, козы), земляробства ў аазісах (фінікавая пальма, збожжавыя, агароднінныя культуры), развіта горназдабыўная прам-сць, з 1950—60-х г. С. — буйнейшы нафтаздабыўны раён свету. Гал. гарады: Тугурт, Уаргла, Лагуат, Туат, Тыдыкельт (Алжыр), Куфра, Себха, Тазерба, Джагбуб, Мурзук (Лівія), Сіва, Дахла, Фарафра, Бахарыя (Егіпет). У перавозках грузаў, акрамя нафты і газу (транспартуюцца па трубаправодах), вял. значэнне маюць транссахарская аўтадарога ад Алжыра да Нігера з бітумным пакрыццём да г. Айн-Салах і авіялініі; чыгункі: Абадла — паўн. Алжыр — Марока, Тугурт — Міжземнаморскае ўзбярэжжа, Кедыя — д’Іджыль — узбярэжжа Атлантычнага акіяна.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Сахара. 1 — вытачаныя эрозіяй рэшткі старажытных асадкавых фармацый, Эгіе-дзю-Сіс; 2 — рэг — участак пустыні, укрыты камянямі і галькай; 3 — аазіс Тагіт.

т. 14, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адазва́цца, адзавуся, адзавешся, адзавецца; адзавёмся, адзавяцеся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца. — Ці ты помніш той бор, Дзе я клікаў цябе, А ты моўчкі пайшла, Адазвацца, хоць блізка была, Не змагла? Куляшоў. Сеўшы ў човен хісткі, Я ізноў гукаю: — Дзе ты? Адзавіся! Я даўно шукаю. Гілевіч. // перан.; на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго‑н.; адказаць якім‑н. пачуццём на што‑н. Адазвацца на заклік. Адазвацца на просьбу. □ Сэрца яго [Мікалая] адазвалася радасным стукам. Дамашэвіч.

2. Падаць голас, абазвацца. Патапчык ехаў сабе наперадзе і нават ні разу не адазваўся. Чарнышэвіч.

3. Прагучаць у адказ на які‑н. гук, удар. Ледзь чутным трымценнем яму [матору] адазвалася ў вокнах шыбы. Карпаў. // Адбіцца (пра гукі). Уздоўж ракі імклівым віхрам пракацілася рэха і адазвалася недзе далёка ў лесе. Кулакоўскі.

4. чым, у кім-чым. Выклікаць сабою якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад. Смерць Хвядоса Шынклера адазвалася вялікім болем у сэрцах тых, хто асабіста ведаў яго, хто быў звязаны з ім ніцямі дружбы. Арабей.

5. Выказаць сваю думку аб кім‑, чым‑н., даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Мікола, каб неяк выклікаць юнака на шчырую гутарку, сам пачаў расказваць пра сябе. Пра сваю працу, пра сваю вышэйшую адукацыю, аб якой, магчыма, знарок адазваўся зняважліва, — гэта і запомніў Вадзім. Гаўрылкін.

6. Даць сябе адчуць, выявіцца. Адчувала.. [Люба] сябе, як разарваная на кавалкі.. Вельмі можа быць, што гэта адазвалася спрацаванасць. Чорны. [Паўлінка:] Памагаў [бацька], пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхецкая фанабэрыя. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Заняцца агнём, пачаць гарэць. Ад іскры паравоза загарэўся лес. Шчарбатаў. Там, куды ўдарыла маланка, нешта загарэлася. Васілёнак. Загарэлася сяло ў часе бою. Чорны.

2. Пачаць свяціцца, выпраменьваючы або адбіваючы святло. Загарэліся плафоны-шарч пад столлю прасторнай залы. Шамякін. Але вось у акне побач з ганкам раптам загарэлася святло. Краўчанка. // Пачаць блішчаць, ззяць. Недзе блізка загарэлася зорка і.. рассыпаліся над лесам. Пташнікаў. Сонца асвятліла верхавіны стромкіх елак, і на іх тысячамі вясёлак загарэліся дажджынкі. Грахоўскі. // перан.; чым, ад чаго і без дап. Ажывіцца, азарыцца (пра вочы, погляд). Вочы ў Дзяміда Сыча загарэліся ад цікаўнасці. Паслядовіч. Паглядзеў цар палатно белае, карункі тонкія, ручнікі вышываныя: загарэліся ў яго вочы хцівыя. Асіпенка.

3. перан. Пакрыцца румянцам, зачырванецца. Таня, зірнуўшы на Апеньку, адчулі, як загарэліся ў яе шчокі, а па целе пайшлі нейкая млявасць. Навуменка. Алена загарлася. Невялікі твар яе, усыпаны каля малых, шэра-сініх вачэй і на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў. Мележ.

4. перан. Моцна чым‑н. захапіцца. Загарэцца ідэяй. □ Няхай Ганна раскажа .. [жанчынам], як яна росціць лён, і не можа быць, каб яны не загарэліся гэтай справай. Сабаленка. — Давай лепш надзімаць лодку, — прапанаваў Сашка. — Давай! — загарэўся Вадзім. Гамолка. // Напоўніцца якім‑н. пачуццём. Я з тваёю маткай пагавару! Як гэта яна цябе пускае! — зноў загарэлася Любіна маці. Арабей.

5. перан. Узнікнуць, пачацца з вялікай сілай; узгарэцца. Загарэлася спрэчка. □ Страшэнная нянавісць загарэлася ў .. [Юркавыж] сэрцы. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Загарэлася яму ісці ў грыбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку руху; проціл. назад. Зрабіць крок наперад. Працягнуць руку наперад. Падацца наперад. □ Дзяўчына стаяла нерухомая і глядзела наперад. Маўр. // Уперад іншых. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік. Зелянюк прайшоў наперад і сеў ля стала на лаўку, а Таццяна асталася стаяць ля парога. Зарэцкі. // у знач. выкл. Ужываецца як каманда рухацца ў напрамку перад сабой. «Наперад!» — .. падаў каманду Ягораў, і сам першы ступіў на лёд. Краўчанка.

2. прысл. Далей, няспынна развіваючыся. Навучанне хоць марудна, але пасоўваецца наперад. Колас. Жыццё ішло няспыннаю хадою наперад і наперад. Дубоўка. // перан. У будучыню. Да светлай мэты ўрачыста, Дзе камунізма ззяе дзень, Ідуць з’яднана камуністы, Наперад Ленін іх вядзе. Хведаровіч. Новы дзень нас наперад заве, — не шкадуй сваіх сіл для айчыны! Дубоўка.

3. прысл. Разм. Спачатку, раней за што‑н. іншае. Трэба сказаць наперад, што цвік гэты выцягнуў Наўмыснік. Чорны. // Загадзя, раней таго, што можа адбыцца, здарыцца. Ніколі не трэба наперад нічым хваліцца. Чорны. Насустрач пайшлі яны адзін аднаму, не аглядаючыся назад і нічога не задумваючы наперад. Васілевіч.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну, у лік будучага; авансам. Узяць плату наперад.

5. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперад» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на лінію руху якіх ці ў напрамку перад якімі хто‑, што‑н. выходзіць, выбягае і пад. Другі жаўнер мерыцца ў яго з вінтоўкі, але Данілава маці забягае жаўнеру наперад, засланяючы Данілу. Крапіва.

•••

Забегчы наперад гл. забегчы.

Заглянуць наперад гл. заглянуць.

Крок наперад гл. крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)