зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.

2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.

3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.

4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.

5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вокастаранна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́віца, ‑ы, ж.

1. Кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы. Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Шамякін. Мікульскі сціснуў сківіцы, каб не застагнаць. Місько. // Верхняя або ніжняя частка твару ці морды, дзе знаходзіцца гэтая косць. Асноўнай зброяй шчупакоў з’яўляюцца вострыя і шматлікія зубы-іклы, якімі літаральна ўсеяны іх ніжнія сківіцы. Матрунёнак. Цялушка, чакаючы, каб яе пачухалі пад сківіцаю, трасе галавою і выцягвае морду. Колас. // Пра шчаку наогул. [Павел] ляжыць ніцма пад ядлоўцавым кустом і, абапёршыся валасатымі сківіцамі на рукі, глядзіць у зямлю. Кулакоўскі.

2. Пласцінка з штучнымі зубамі, зубны пратэз. Камандзір, не вітаючыся, хутка падышоў да мяне і, злосна агледзеўшы з галавы да ног, гаркнуў так, што ледзь не вывалілася ўстаўная верхняя сківіца зубоў. Гурскі. // перан. Дэталь механізма, якая служыць для захоплівання або раздрабнення чаго‑н. Каля Дома афіцэраў два магутныя экскаватары выгрызалі сваімі стальнымі сківіцамі гару. Паслядовіч. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і даглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак., каго-што.

1. Прагледзець да канца, да якога‑н. месца, часткі. Дагледзець фільм да канца. □ — Надзя, — папрасіў я. — Давай даглядзім, што будзе далей! Кірэенка.

2. (звычайна з адмоўем). Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі; упільнаваць. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, .. [Тварыцкі] не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка. // Падгледзець, прасачыць за кім‑н., каб даведацца пра што‑н. Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Баранавых. Парашылі [конюхі] дагледзець, чым .. [Тром-сын] коней лечыць. Якімовіч.

3. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., акружыць увагай, стварыць добры догляд. Дагледзець хворага. Дагледзець дзяцей. Даглядзець агарод. □ — Вось да нас таварыш прыехаў. Трэба каня, хлопцы, дагледзець: накарміць, напаіць. Лобан. І Ленін гаварыў байцам, Што рана Яшчэ вяртацца да зямлі згібелай, Што зможам даглядзець яе старанна, Калі са зграяю пакончым белай. Гаўрусёў. // Навесці парадак, прыбраць. [Буднік] парашыў неадкладна ж папрасіць жанчыну, якая даглядала за школай, каб яна дагледзела і ягоны пакой. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́зці ’ўзбірацца, залазіць, караскацца’, ’апускацца ўніз’, ’забірацца куды-небудзь, улазіць у што-небудзь’, ’пранікаць крадучыся’, ’змяшчацца’, ’выбівацца наверх’, красл. ’вылазіць, выпірацца’ (Бяльк., Касп., Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’надакучаць, назаліць, дражніцца’ ў выразе лезці ў вочы, лезці ў галаву (Шат., КЭС, лаг.; драг., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), беласт., драг. ’паўзці’, ’марудна ісці’, пруж., драг. ’падыходзіць, дакранацца’ (Сл. паўн.-зах.), ’моцна крычаць’, ’старанна рабіць’ у выразе із шкуры лезці (Ян.), драг. косэ лізуть ’падаюць валасы’ (Лучыц-Федарэц). Укр. лізти ’лезці, улазіць у што-небудзь, вылазіць’, ’поўзаць’, лі́заты ’лазіць’, рус. ле́зти, лезть ’уваходзіць куды-небудзь’, ’гразнуць’, польск. ležć (1‑я ас. lezę, ст.-польск. lazę) ’лезці’, н.-луж. lězć ’ісці, паўзці’, ’узбірацца’, в.-луж. lězć ’лезці’, чэш. lézti ’паўзці, цягнуцца’, ’прыходзіць не ў час’, ’паволі падаць, знікаць’, славац. liezť ’лезці’, славен. lę́sti, ст.-серб.-харв. љести, ле̏сти, ли̏сти ’паўзці, ускарасквацца’, сучаснае серб.-харв. ужываецца з прэфіксамі до‑, па‑, у‑ і замяняе дзеяслоў ѝћи ’ісці’, макед. дыял. љазʼа ’(дзіцё) рачкуе’, балг. ле́за, лезя ’лазіць, поўзаць’, ст.-слав. възлѣзѫ, лѣсти ’узбірацца’. Прасл. lěsti (lězǫ) ’паўзці, пасоўвацца наперад’. Самымі блізкімі адпаведнікамі з’яўляюцца балтыйскія мовы, у якіх прасл. ‑ě‑ адпавядае ‑ē‑: ст.-прус. līse (< *lēza) ’паўзе’, лат. lēžât ’ссоўвацца’, lēžuôt ’ісці паволі, цягнуцца’, літ. lė̃kštas ’плоскі’, lažà, lãžas ’паншчына’; параўн. яшчэ ст.-ісл. lágr ’нізкі’, с.-в.-ням. laege ’плоскі’, гал. laeg, ст.-грэч. λαχύς, англ. low ’нізкі’. Да і.-е. *lēg̑h‑ (Бернекер, 1, 715; Фасмер, 2, 476–477; Слаўскі, 4, 192–193; Скок, 2, 278–279; Шустар Шэўц, 11, 835; Бязлай, 2, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калаці́цца, калачуся, калоцішся, калоціцца; незак.

1. Дрыжаць, хістацца, трэсціся. Ад артылерыйскай стральбы калаціліся сцены. Лынькоў. // Часта, сударгава ўздрыгваць (пра рукі, ногі, цела і пад.). Калаціцца ад страху. □ Калі Арына дакранулася да яе [Ледзіных] плячэй, то пад рукой адчула, як дачка калоціцца ў немым плачы. Карпаў. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Шамякін. // Моцна біцца (пра сэрца). Рукі яго [Хвашча] трэсліся, вочы ліхаманкава разгараліся, сэрца калацілася, гатовае выскачыць. Лупсякоў.

2. Разм. Біцца, сварыцца. — Зямля ж, брат, вольнаю з’явілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? Колас. [Сыны] калаціліся і грызліся адзін з адным за сваю .. гаспадарку. Чорны.

3. перан. Непакоіцца, хвалявацца за каго‑, што‑н. Калі .. [камендант] заходзіў у вёску — сяляне баяліся паказацца, калаціліся за сваё дабро. Бажко. // над кім-чым. Клапаціцца аб кім‑н., старанна, клапатліва ахоўваць каго‑н. Калаціцца над дзецьмі, унукамі. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Калаціцца за кожную капейку. □ Безумоўна, большасць калгасаў тут бачыла беражлівае сэрца Вароніча, які за кожную дробязь у гаспадарцы калоціцца і стаіць, як за сваё. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліне́йка 1, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

1. Прамая лінія на паперы, дошцы і пад., якая дапамагае пісаць роўнымі радкамі, рабіць патрэбны нахіл літар. Сшытак у лінейку.

2. Планка для вычэрчвання прамых ліній. // Вылічальны, вымяральны інструмент такой формы. Маштабная лінейка. □ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.

3. Адна з дарог унутры лагера, якая падзяляе яго на прамавугольныя ўчасткі — кварталы. [Пеця:] — Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую толькі што сам старанна падмёў. Шамякін.

4. Строй у адну шарэнгу. Пастроіцца ў лінейку. // Збор (вайсковы, піянерскі, школьны), на якім удзельнікі выстраены ў шарэнгі. Вячэрняя лінейка. □ Зноў горны іграюць, На збор заклікаюць, Хутчэй на лінейку ідзём. Журба.

•••

Як па лінейцы — аб чым‑н. вельмі роўным, прамым, гладкім. Адсюль дарога была роўная, як па лінейцы, і была відаць далёка-далёка. Краўчанка.

ліне́йка 2, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

Уст. Доўгі мнагамесны адкрыты экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім сядзяць бокам да напрамку руху. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. Ззаду ехала чарада карэт, фаэтонаў і проста лінеек. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)