прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)