МІ́ШКАЛЬЦ (Miskolc),

горад на ПнУ Венгрыі, у адгор’ях гор Бюк. Адм. ц. медзьё Боршад-Абауй-Земплен. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі па значэнні пасля Будапешта прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., цэм., тэкст., шкляная, швейная, дрэваапр., харчовая, буд. матэрыялаў. Політэхн. ін-т. Музеі прыродазнаўства, мастацтва, гісторыі металургіі. Тэатр. Арх. помнікі 13—16 ст. Наваколлі М. з курортамі Лілафюрэд і Тапальца ўваходзяць у нац. парк Бюк. Міжнар. кірмаш.

З 10 ст. ўмацаванае пасяленне венграў. У 1241 зруйнаваны мангола-татарскімі заваёўнікамі. З 15 ст. каралеўскі горад, сталіца камітата Боршад. У 1519 атрымаў шырокія прывілеі; быў адным з цэнтраў Рэфармацыі. У 1596—1686 пад тур. панаваннем. У 19 ст. дзякуючы адкрытым паблізу М. радовішчам жалезнай руды стаў буйнейшым горадам Паўн. Венгрыі.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАМ,

горад, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. Расіі. 126 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Ака. Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (цепла- і электравозы, халадзільнікі), прыладабудаванне, дрэваапр. прадпрыемствы (фанерны з-д, мэблевая ф-ка), харч., лёгкая (баваўняны камбінат, абутковая ф-ка): вытв-сць буд. матэрыялаў. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка. Царква Касьмы і Даміяна (16 ст.), Троіцкі манастыр (17 ст.).

Першапачаткова слав. паселішча на тэр. фіна-угорскага племя мурама Летапісныя звесткі з 862. З 1097 сталіца Мурама-Разанскага княства, у сярэдзіне 12 — пач. 15 ст. — Мурамскага княства. У 1088 разбураны волжска-камскімі булгарамі, у 1239, 1281, 1293 — мангола-татарамі. Заняпаў. Адноўлены ў 1351. З сярэдзіны 15 ст. ў складзе Маскоўскага вял. княства, з 1708 — Маскоўскай губ., з 1778 павятовы горад Уладзімірскага намесніцтва (з 1796 губерні).

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЧКАЛА́,

горад, сталіца Дагестана, у Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на зах. беразе Каспійскага м. на вузкай Прыморскай нізіне, каля падножжа г. Таркітау. Засн. ў 1844 як рас. ваен. ўмацаванне Пятроўскае. 394,5 тыс. ж (1996). Марскі порт. Чыг. станцыя. Аўтамагістраль. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць электразварачнага абсталявання, сепаратараў, шматкаўшовых экскаватараў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім., лёгкая (трыкатаж і інш.), харчовая, у т. л. рыбная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно, сілікатная цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). У М. навуковы цэнтр Рас. АН. 5 ВНУ, у т. л. Дагестанскі ун-т, мед. акадэмія. 5 тэатраў. Музеі: рэсп. краязнаўчы і выяўл. мастацтваў. Бальнеагразевы і прыморскі кліматычны курорт. За 18 км на ПдЗ ад М. бальнеалагічны курорт Талгі.

Да арт. Махачкала. Панарама горада.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́, Меле,

дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст. дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіцаг. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІН,

дынастыя кіт. імператараў у 1368—1644. Заснавана Чжу Юаньчжанам (Тайцзу)

[1368—98],

адным з кіраўнікоў нар. паўстання, якое скінула манг. дынастыю Юань. У час праўлення М. створана найб. цэнтралізаваная сістэма кіравання ў параўнанні з папярэднімі дынастыямі. Пры Чжу Дзі (Чэнцзу) [1402—24] сталіца краіны перанесена ў Пекін, арганізаваны шэраг марскіх экспедыцый у Індыйскі ак. на чале з Чжэн Хэ. З пач. 16 ст. ўсталяваны гандл. адносіны з еўрапейцамі (партугальцамі). Да пач. 17 ст. ўлада імператараў М. падарвана барацьбой розных груповак кіруючых вярхоў, ваен. знаці і дварцовых еўнухаў. Хуткі рост насельніцтва, недахоп зямлі вялі да голаду і масавага жабрацтва, што пагаршалася карупцыяй мясц. улад. Масавая незадаволенасць прывяла ў 1620-я г. да нар. паўстання, адзін з кіраўнікоў якога — Лі Цзычэн — заняў у 1644 Пекін і скінуў дынастыю М.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬБА́О (Bilbao),

горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобласці Краіна Баскаў і прав. Біская. 369,8 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Порт на Біскайскім зал. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Чорная металургія (на базе блізкіх радовішчаў жал. руды і каменнага вугалю); маш.-буд. (суднабудаванне, вытв-сць прамысл. і чыг. абсталявання, эл.-тэхн.), хім., нафтаперапр., тэкст., шкларобчая, харч., папяровая, дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Музей прыгожых мастацтваў. Арх. помнікі: Стары горад (засн. ў 14 ст.), гатычныя і рэнесансавыя цэрквы.

Засн. ў 1300. Да 16 ст. і з 2-й пал. 18 ст. значны порт, цэнтр гандлю і суднабудавання. У час карлісцкіх войнаў вытрымаў 3 асады. З канца 19 ст. цэнтр баскскага нац. руху. У 1936—37 сталіца аўт. раёна баскаў. У чэрв. 1937 захоплены франкістамі. З 1978 адм. ц. Баскаў Краіны.

Да арт. Більбао. Порт.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),

іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.​Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.​Багун, В.​Вольскі, Т.​Кляшторны, М.​Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977.

Х.-К.​Папок.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,

раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіцаг. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,

васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіцаг. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.​Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл. Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.

Літ.:

Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял. Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.​Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Бахта, С.​Дарожны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58;

Свет вчерашний: Воспоминания. М., 1964;

Бел. пер. — Двор. Мн., 1931;

Лесазавод. Мн., 1932.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)