АЛЖЫ́Р

(араб. Аль-Джазаір),

горад, сталіца Алжыра. Адм. ц. вілаі Алжыр. З прыгарадамі — Вялікі Алжыр (Алжырская агламерацыя), 2,5 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Буйны порт на Міжземным м. Міжнар. аэрапорт. Галоўны эканам., навук. і культ. цэнтр. Маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, хім., нафтаперапр., цэментная прам-сць. Метрапалітэн. Ун-т.

Засн. ў 10 ст. на руінах невял. рым. порта Ікозіум. Назва ад араб. слова «аль-джазаір» (астравы). Хутка стаў важным гандл. цэнтрам на Міжземным моры. Да пач. 16 ст. ўваходзіў у араба-берберскія дзяржавы Фатымідаў, Альмаравідаў, Альмахадаў, Заянідаў. У 1510 заняты іспанцамі. У 1530 грэка-тур. карсары выгналі іспанцаў, захапілі ўладу і перайшлі пад апеку Асманскай імперыі. У 1830—62 адм. ц. франц. калоніі Алжыр. У час 2-й сусв. вайны ў Алжыры штаб-кватэра саюзнага камандавання на Міжземным м. З 1962 сталіца Алжыра.

Размешчаны амфітэатрам на зах. беразе Алжырскага заліва каля падножжа і па схілах узгоркаў. Шмат садоў і паркаў. У старым горадзе (з 1978 музей-запаведнік) захаваліся касба-крэпасць (тур. часу), Вял. мячэць (1096) з мінарэтам (1323), мячэць-усыпальніца Сідзі Абдарахман (1611), мячэць Джамі аль-Джэдзід (мячэць Рыбакоў, 1660); палацы Дар Азіза (1551) і Мустафа-пашы (1799—1800); віла Бардо (18 ст., цяпер Музей першабытнай гісторыі і этнаграфіі).

У новым горадзе (развіваўся ў 19 ст. на ПдЗ ад сярэдневяковага) Дом урада (1930, арх. Ж.Гёшэн, А. і Г.Перэ), Палац нацый (1965, арх. Мустафа Муса), Дом радыё і тэлебачання (1950-я г., арх. П.Турнон і М.Жалі) і інш. Працуе Нац. музей прыгожых мастацтваў.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)