Ікра́1 (рыбная). Рус. икра́, укр. ікра́, польск. ikra, в.-луж. jikra, jikrno, jerk, н.-луж. jark, палаб. jȧkră, чэш. jikry, славац. ikry, славен. íkra, серб.-харв. и̏кра, балг. и́кра, макед. икра, ст.-слав., ст.-рус. икра. Мае дакладныя паралелі ў літ. ìkrai, лат. ikri, ірл. iuchair, iuchrach*ikōr) ’ікра’. Балт. формы, магчыма, са слав. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 219). Згодна з найбольш прынятай версіяй, прасл. *jьkra роднаснае і.-е. назвам печані: літ. jãknos, jẽknos, лат. aknas, ст.-інд. yákṛt, yaknás, авест. yākarǝ, грэч. ἧπαρ, ἥπατος, лац. iecur, iecinoris. Старая аснова на ‑r/‑n і.-е. *i̯ek​. Патабня, РФВ, 6, 1881, 153; Фасмер, 2, 125; Покарны, 1, 504; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220 (з літ-рай).

Ікра́2 ’галёнка’ (леп., навагр., крыч., узд., КЭС), і́кра (Інстр. I), толькі мн. і́кры (Мат. Гом.). Рус. икра́, укр. ікра́ ’кароўе вымя’ (Грынч.), польск. дыял. ikro, чэш. дыял. ikro, славац. дыял. ikra, ikro, славен. ikrna noga, балг. и́кра, макед. дыял. икра. У якасці адпаведнасцей прыводзяць ст.-літ. ikru, усх.-літ. ìkrai, лат. ikri, ст.-прус. yccroy, ірл. orca? Найбольш верагоднай належыць прызнаць этымалагічную сувязь ікра1 і ікра2. Фасмер, 2, 125–126. Брукнер (190) і Слаўскі (1, 447–448) зыходнай лічаць семантычную адзнаку ’набуханне, уздутасці’; параўн. ст.-польск. і дыял. kra ’пухліна’; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220; Безлай, I, 209. У шмат якіх мовах значэнні ’ікра рыбы’ і ’лытка’ перадаюцца адной лексемай; гл. Каліма, ZfslPh, 9, 1932, 376–378. У гэтым метанімічным пераносе, відаць, можна бачыць семасіялагічную заканамернасць. Не здаецца пераканаўчым збліжэнне з грэч. ἴκριον ’дошка, бэлька’ (Беценбергер, BB, 27, 1902, 162; Голуб-Копечны, 154; БЕР, 2, 63) і лац. ocrea ’галёнка, халява’ (Гараеў, 122; Махэк₂, 226–227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́1 ’чырвона-буры налёт на паверхні жалеза; прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе; жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.), іржаве́ц, іржа́віньня ’тс’ (Бяльк.), іржаві́нне ’балота з іржавай вадой’ (ТСБМ, Нас.), іржаве́ць. Рус. ржа, ржа́вчина, дыял. иржа́ ’ржа’, иржа́вец ’топкае месца, якое змяшчае многа жалезнай руды’, ’балота з жоўта-бурай вадой’, укр. ржа, іржа́, польск. rdza, в.-луж. zerz, zerzawc, н.-луж. rza, ст.-чэш. rzě, чэш. rez, славац. hrdza, славен. rja, серб.-харв. р̀ђа, балг. ръжда́, макед. ʼрѓа. Ст.-слав. ръжда, ст.-рус. ръжа. Пачатковае і‑ пратэтычнае. Прасл. *rъdja роднаснае літ. rùdas ’буры’, rūdìs ’іржа’, лат. ruds ’чырванаваты’, ст.-інд. rudhirās ’чырвоны, крывавы’, грэч. ερυθρός ’чырвоны’, ἐρυθρός ’іржа (на хлебе)’, лац. ruber ’чырвоны’, гоц. rauþs ’тс’, с.-в.-ням. rot ’іржа’; узыходзяць да і.-е. *reudh/*roudh‑ ’чырвоны’. Гл. Покарны, 1, 872–873; Махэк₂, 513; Фасмер, 3, 480, дзе іншая літ-ра. На іншай ступені чаргавання гл. ірдзець, руда, руды.

Іржа́2 ’жыта’ адзначана толькі ў слоўніку Бялькевіча (агульнабел. жыта), аднак прыметнік іржаны́, аржаны́ (гл.) пашыраны па усёй беларускай тэрыторыі. Вытворнае іржа́ніца ’жытняк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. рожь, укр. рож, польск. reż, в.-луж. rož, rožka, н.-луж. rež, палаб. råz, чэш. rež, славац. raž, славен. , серб.-харв. ра̑ж, балг. ръж, макед. ʼрж. Беларуская форма з пратэзай і‑. Прасл. *rъžь мае дакладныя адпаведнікі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. rugỹs, лат. rudzis, ст.-прус. rugis, ст.-ісл. rugr, ст.-сакс. roggo. Гл. Фасмер, 3, 493–494; Праабражэнскі, 1, 210–211; Махэк₂, 513. Версія пра запазычанне з цюркскіх ці фінскіх моў (Шрадар–Нерынг, 2, 266) непераканаўчая. Агляд іншых прапаноў гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўда́, рэдка на́ўда, ноўда ’карысць, выгада’ (Шпіл., Сл. ПЗБ, Арх. Федар., Сцяшк. Сл., Цых., шчуч., З нар. сл.), ’патрэба, неабходнасць’ (Федар., Сл. ПЗБ), ’навіна, дзіва’ (Шн. 3, Яўс., Янк. БП; бялын., Нар. сл.), ’асаблівасць, важнасць’, звычайна іранічна ў выразе: вялікая наўда (Чач., Нас., Яруш., Гарэц., Шат.), ’смутак, бяда’ (Яруш., слуц., чэрв., Мат.). Бясспрэчны балтызм, у якасці крыніцы ўказваюць літ. naudà ’карысць, выгада, грошы, дабро’, лат. nauda ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 48 (з л-рай), сюды ж прус. Nauden (ул. імя), гл. Непакупны: Балт. яз. и их взаимодействие, 22; упершыню ў якасці літуанізма адзначыў Насовіч, спасылаючыся на літ. nauda ’дробная манета’ (Нас., 300), што павінна тлумачыць іранічнае ужыванне слова ў беларускай мове ў значэнні ’асаблівасць, важная рэч’; адзначаецца спецыфічнае ужыванне лях. наўда́, калі гаворыцца аб з’явах, якія адбываюцца незалежна ад жадання і волі чалавека: наўда ўпасці (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94); значэнне ’годнасць, прыгажосць’, параўн. наўда яна на морду, адзначанае Арашонкавай і інш., выводзіцца хутчэй за ўсё са значэння ’дабро, вартасць’, параўн. літ. naudà mergà ’добрая, удалая дзяўчына’ (БЛ, 3, 1973, 31, там жа карта распаўсюджання слова ў межах БССР). Краўчук (Лекс. балтызмы, 15) беспадстаўна аддзяляе наўда ’смутак’ насуперак Карскаму (Труды, 393) ад наўда, ноўда ’карысць’ і ўзводзіць яго да прасл. *nav‑, *ny‑ ’смерць, зморанасць, стомленасць’, параўн. ст.-рус. навь, чэш. unaviti і г. д., на падставе чаго *навьда ’смутак’, што малаверагодна, паколькі значэнне ’смутак’ магло ўзнікнуць на граніцы арэала ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння са словамі нуда́ ’журба, смутак, маркота’. У беларускую літаратурную мову ў значэнні ’патрэба, справа’ слова ўведзена Ф. Багушэвічам (Мар. дыс., 50) і шырока ужывалася ў мастацкай літаратуры ў 20‑я гады XX ст., з другой палавіны 30‑х гадоў ужываецца рэдка (Германовіч, Аб нек. асабл., 10–12; Гутшміт, ZfSl, 19, 1974, 2, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́ўскі: на́ўскі вялікдзень ’чацвер велікоднага тыдня’ (Інстр. II), наўські: Radaūnica albo Nauśki Wielikdzieri ’вясеннія дзяды’ (Пятк. 2), параўн. наські: наські велікдзень ’тс’, іншая назва мёртвых велікдзень (ТС), укр. навський: навський великдень ’вялікдзень мёртвых, паводле народных вераванняў, у чацвер на апошнім тыдні вялікага посту’, рус. маск. навский: навский день ’рэлігійны звычай памінання памерлых на магілах на працягу тыдня пасля вялікадня’, чэш. дыял. navski: navskä kost ’цвёрды нараст’, славен. namški: namška kosi (*navьska kostь) ’тс’. Да прасл. *navь, параўн. ц.-слав. навь ’мярцвяк’, рус. навь, навье ’тс’, укр. навка, мавка ’душа дзяўчынкі, што памерла да хрышчэння’, ст.-чэш. nav ’магілка, пекла, той свет’, unaviti ’забіваць’, чэш. unaviti ’стаміць’, unava ’стомленасць, знямога’, славац. nava ’прыстанак добрых душ’, славен. navje ’душы няхрышчаных дзяцей’, nâv ’душа нябожчыка’, балг. мак. нави ’злыя духі, злыдні’, гл. таксама ўна́ўя: загоніць унаўя ’на той свет, у магілу’ (Мат. Маг.). Дакладныя адпаведнікі: лат. nâve ’смерць’, nāvêt, nāvît ’забіць’, літ. nõvė ’цярпенне, смерць’, novis ’мучэнне’, nõvyti ’душыць, знішчаць’, ст.-прус. noms ’тулава, пень’, гоц. naus ’мярцвяк’, ст.-ісл. nar ’мярцвяк, труп’; звязана чаргаваннем галосных з ныць ’марнець, чахнуць’, уныць, унываць ’траціць жыццёвыя сілы’ (гл.), гл. Фасмер, 3, 35; Махэк₂,/391; Бязлай, 2, 216; робяцца спробы звязаць слав. *navъ з і.-е. naṷ- ’карабель’, якія грунтуюцца на уяўленнях, што шлих на той свет вядзе па рацэ ці праз мора, а таксама на назвах абрадаў, параўн. рус. навской (номской, навский) день, навьи проводы ’летнія дзяды, памінкі; пахаванне’ (Седакова, Балтославян. этнокультурные и археологические древности: Погребальный обряд. Тез. докл. конф. М., 1985, 73), а таксама рус. навий день ’дзяды’, навья косточка ’цвёрды нарост’, літ. navikaulis ’тс’ з лат. veļa kauli ’костачка ў ступні, звязаная з пэўнымі павер’ямі’, Veļu laiks ’памінанне мёртвых’ (Іванаў–Тапароў, Слав. языкозн., М., 1973, 168). Параўн. таксама Талстой, БСИ, 1977, 87; Іванаў-Тапароў, Иссл., 68–69; Кобилянський, Мовознавство, 1980, 1, 46; Буга, Rinkt., II, 503. Гл. навей,.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́дзіць1 ’кпіць, жартаваць, смяяцца’ (віл., Нас.), ’маніць’ (мядз., Нар. словатв.), ’марнатравіць час’ (Шат.), ’трызніць’ (Касп.), мін. ’сварыцца’ (Сл. ПЗБ). Укр. луди́ти ’прывабліваць, спакушаць’, гуц., бойк. ’заманьваць (птушак, свойскую жывёлу’, зах. ’выбіць, ашукваць, зводзіць’; рус. лу́дить, луди́ть ’падманваць’, ’красці (у садзе, агародзе)’, ’сварыць, ганіць каго-небудзь’, ’піць’, ’біць’; польск. łudzić ’прывабліваючы, уводзіць у зман’, ’зводзіць’ і шматлікія прэфіксальныя ўтварэнні з гэтым дзеясловам; чэш. louditi ’вымантачваць, зводзіць’, ’хвалячы, спакушаць’, ст.-чэш. lúditi ’падманваць’, ’прыцягваць’, славац. lúdiť ’зводзіць, баламуціць, прывабліваць’, ’настойліва прасіць’; славен. lúditi ’намагацца ўвесці ў зман, спакусіць’, ’праводзіць час’, ’над нечым забаўляцца’, lǫ́diti ’ашукваць’, ’зводзіць’, ’прывабліваць’, loditi se ’займацца чым-небудзь, забаўляцца’, ст.-слав. лоудити ’ашукваць, зводзіць’. Прасл. luditi ’прывабліваючы, падманваць’, ’зводзіць у зман’, ’спакушаць’, ’прывабліваць’ (Слаўскі, 5, 291–296). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. laustineiti ’прыніжайце’ (< *laustas ’пакорлівы’), літ. liũsti ’засмучацца’, liū́dnas ’смутны, журботны’, liūdė́ti ’быць смутным’, ’перажываць’, першапачаткова ’быць схіленым’ > ’згінацца пад цяжарам мітрэнг і клопатаў’, лац. lūdere ’маніць’, гоц. luits ’фальшывы’, liūta ’крывадушнік’, luton ’зводзіць, ашукваць’, ст.-ісл. lutr пахілены, нагнуты’, lot ’ашуканства’, уэл. lluded ’стомлены’ < і.-е. *leud‑ ’нахіляцца’ > ’схіляцца перад кім-небудзь’, ’прыніжацца’ > ’быць крывадушным, ашукваць’. Значэнне ’трызніць’ у лудзіць можна супаставіць з блізкімі ’неразумны, шалёны, дурны, прыдуркаваты’ ў паўд.-прасл. ludъ: серб.-харв. лу̑д, лу̑да̄, славен. lȗd, макед., балг. луд ’тс’ і ’недасведчаны, няспелы, наіўны’, ’свавольны, раптоўны’, а таксама ц.-слав. людыи ’дурны, шалёны’ і укр.-ц.-слав. людъ ’дурны’ (Фасмер, 2, 528; Махэк₂, 341; Скок, 2, 325–326; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 486–487 з л-рай). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 133), ст.-бел. лудити (1595 г.) ’вабіць, клікаць; ашукваць’ — запазычанне са ст.-польск. łudzić.

Лудзіць2 ’выводзіць (птушанят)’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відавочна, генетычна можа быць звязана з літ. lùgzti ’трэскацца, лопацца’ (з чаргаваннем ‑gz‑/‑ж і пераходам ж > дз — гл. Карскі, 1, 384). Параўн. таксама лузґа́ ’жамерыны’, ’кастрыца ад ільну’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́жа, лу́жана, лу́жына ’месца на дарозе, дзе ўтварылася яма, запоўненая вадой’, ’калюга, якая застаецца пасля дажджу’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ; слуц., слонім., КЭС), слаўг. лужа́віна, лужа́іна, лужаі́вінка, лужае́віна, лужча́віна, лёзн. лу́жынка ’лужына вады’ (Яшк.), а таксама лу́жа ’дрыгва, вялікае махавое балота’ (капыл., рэч., слаўг., Яшк.), ’стаячае возера’ (рэч., слаўг., Яшк.), ’заліў ракі’ (паўд.-усх., КЭС). Зах.-укр. лу́жа ’лужына’, бойк. лужи́на ’лаза для кошыкаў’, у Грынчэнкі лужи́на ’луг’; рус. лу́жа: валаг. ’лужына’, ’лагчына, запоўненая вадой’, разан. ’сырое, балоцістае месца’, ’запруда’, разан., арханг. ’невялікае азярко’, пск. ’сенажаць на нізкім месцы’, пск., цвяр. лужа́вина ’сырое, балоцістае месца’, уладз. ’лужок’, кастр. ’сенажаць’, ст.-рус. лужа ’лужына’, ’балота’, лужина ’азярко, стаячае балотка’; польск. łuża ’яма, катлавіна, залітая вадой’, в.- і н.-луж. łuža ’лужына’, łuž ’вада ў лужы’, ’слота’, палаб. lau̯zə ’лужына’, ’балота’, ’луг’; чэш. louže, louž, мар. lužovica, ган. ložufka ’лужына’, ’яма для жыжы з гною’, ст.-чэш. lúžě ’лужа, балота’; славен. lúža ’тс’, серб.-харв. лужа (XVII ст.) ’лужына’, ’дрыгва’, ст.-балг. лужа ’балота, возера’ і, магчыма, балг. лъ́жа, лъ́джа ’лазня’, ’лужына’ (насуперак БЕР, 3, 541). Прасл. luža (у Фасмера, 2, 529 — памылкова lougi̯a) ’яма з балоцістай, стаячай вадой’, ’балота’, ’мокрая мясціна’ (Слаўскі, 5, 377–378). Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: літ. lū̃gas, liū̃g(n)as ’балота’, ’лужына’, лат. luga ’ліпкая маса, якая пакрывае зарастаючыя азёры’, ļuga ’халадзец’, lugava ’асенняя слота’, назва ракі Ludze і возера Ludza, ст.-прус. Lügelgen, а таксама рус. гідронім Лжа < Лъжа, ст.-грэч. λυγαῖος ’цёмны’, ілір. *lugas, *lugā ’балота’ (у Страбона) > алб. lëgatë ’лужына’, ’балота’. Да і.-е. *lougi̯a, якое з *leug‑ ’цёмны’, ’балота’ (Літ-py гл.: Махэк₂, 342; Скок, 2, 333; Бязлай, 2, 158 і ў вышэйпададзеных слоўніках). Гл. таксама генетычна роднаснае луг2. Паводле Мартынава (Язык, 37) прасл. luža з’яўляецца балтыйскім інгрэдыентам прасл. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луч1 ’лепш’ < лу́ччы ’лепшы’ (Рам. 1, Нар. Гом., ТС), лу́ччай ’лепш’ (Жд. 1, Ян.), лу́чча ’тс’ (Ян.), лу́тчай ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), луччэй ’тс’ (Растарг.), лу́ччы, луччэйшы ’лепшы’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; круп., Сл. ПЗБ), лу́чшы(й), лу́ччый ’тс’, ’правы бок матэрыі’ (шчуч., стол., даўг., Сл. ПЗБ), лу́ччай ’больш’ (Ян.). Укр. лу́чче, лу́ччий, рус. лу́чше, лу́чший, ст.-рус. лучии, ст.-слав. лоучии, лоучьши — першапачаткова азначала ’які найбольш падыходзіць’. Да лу́чыць (гл.).

Луч2, мн. лучэ́ ’прамень’ (гарад., Сл. ПЗБ; Яруш.). Укр. луч ’тс’, рус. луч ’тс’, ’лучына’, ’паходня’, ’агонь на носе лодкі’ (арханг., пск., урал.), ’агонь на краі гумна пры малацьбе’ (цвяр.), ’агонь у жыллі’ (арханг.), ’колер’, луча́ ’лучына’ (цвяр.), ’прамень’ (вяц.); польск. łuczywo, н.-луж. łucywo, в.-луж. łučwo, łučiwo, чэш. louč, славац. lúč ’лучына’, lúče ’прамяні’, славен. lúč ’святло’, ст.-славен. ’свечка’, долен. ’лучына’, серб.-харв. лу̑ч ’лучына’, ’паходня’, ’сасна’, лу̏ча ’прамень’, макед. лач, балг. луч, луча ’тс’, ’зара’, ц.-слав. лучь ’святло, бляск’, лоуча ’прамень’. Прасл. lučь < *lou̯k‑is, luča < *lou̯ki̯a < і.-е. *leuk‑ ’свяціць’ (параўн. ст.-прус. luckis ’палена’, літ. laũkas ’жывёла — Лыска або Зорка’, ’поле’ — аналагічна славен. svet ’поле’; ст.-інд. loká‑ ’прастор, святло’, rōkás ’святло’, rōciṣ ’бляск’, авест. raōčah‑ ’святло’, ст.-грэч. λευκός ’светлы, бліскучы’, λύχνος ’зара’, лац. lūx ’святло’, lūcus ’святы гай’, lucerna ’лятарня’, ірл. lóche ’маланка’, гоц. liuhaþ ’святло’, ст.-в.-ням. lōh ’прасека’, ст.-ісл. log ’полымя, святло’ (Фасмер, 2, 537; Скок, 2, 323–324; Бязлай, 2, 154; БЕР, 3, 529–530; Шустэр–Шэўц, 11, 784–785).

Луч3 ’пучок лучыны, вязка карчоў, якія паляць у сетцы на носе лодкі, калі колюць рыбу васцямі ноччу’ (полац., З нар. сл.), рус. арханг., пск., урал. луч ’агонь на носе лодкі’; параўн. таксама паўн. ст.-рус. лучити ’лавіць рыбу з падсвечваннем на спецыяльным прыстасаванні на носе лодкі’ (XVII ст.). Да луч2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъlisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leisleisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліст1 ’орган расліны’, ’лісце’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лісць ’лісце’ (Нар. Гом., Яруш.), лі́сце ’тс’ (ТСБМ, Кл., Бес., Бяльк., Сцяшк.), лісцейко, лісціка, лістейка ’тс’ (Нас., Кл., Растарг.), лацінка, лісціна ’асобны ліст’ (Бяльк., Нас., ТС; полац., Нар. лекс.), ’ліст капусты’ (Жд. I; в.-дзв., Шатал.), лісток, лісцік (Яруш., Бяльк., Нас., Шат., ТСБМ); лістам слаць ’дагаджаць, красамоўна гаварыць’ (Ян.). Укр., рус. лист, польск., н.- і в.-луж., чэш., славац. list, палаб. lai̯st, славен. lȋst, серб.-харв. ли̑ст, макед. лист, listu, балг. лист, листът, ст.-слав. листъ. Прасл. listъ ’ліст расліны’. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. laĩškas ’ліст дрэва, капусты’, лат. laiska ’лісток ільну’, laikse ’гарлачык белы, Nymphaea alba L.’, ст.-прус. lāiskas ’кніга’ — усе да праформы *laiska‑ (< і.-е. *lisk‑to, гл. Скок, 2, 307), якая фанетычна разыходзіцца з прасл. праформай *leistu‑. Такое чаргаванне зычных у слав. і балт. словах, аднак, з’яўляецца рэгулярным, параўн. прасл. bṛzъ/bṛzdъбалт. brzgъ ’хуткі’, літ. burzdùs/burzgùs ’жвавы’. Мартынаў (Слав. акком., 68) адрозненне ў суфіксацыі слав. (‑to‑) і балт. (‑ko) тлумачыць змешваннем і на карысць . Педэрсэн (IF, 5, 79) прабалт. лексему спрабуе рэканструяваць як *laištkas. Іншыя індаеўрапейскія адпаведнікі не знойдзены. Больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 282; Фасмер, 2, 500–501; Скок, 2, 307–308; Бязлай, 2, 144. Махэк 2 (335) звязвае балт. і слав. лексемы праз зборнае слав. listvьje < lisk ‑tvьje. Сюды ж ліст ’бляхі, на якіх пякуць піражкі, мяса’ < ліст ’ліст капусты, дуба, на якім пякуць хлеб’; ліставы, лісцвянны, лісцёвы, лісцясты, лісцвячы, лісцявы (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Сцяшк., ветк., Мат. Гом.).

Ліст2 ’тонкі пласт матэрыялу (паперы, металу, фанеры)’, ’допіс’, ’афіцыйная папера, дакумент’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат., Бяльк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. листъ ’грамата’. Запазычана са ст.-польск. list ’тс’, якое да ліст1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мала́нка1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка2 ’вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)