балю́ча,

1. Прысл. да балючы (у 2, 3 знач.).

2. безас. у знач. вык., каму-чаму і з інф. Пра фізічны і душэўны боль. Калі мы падышлі да рэчкі, узышло сонца, і снег так заблішчаў, што ажно вачам стала балюча. Хомчанка. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў [Даміра] стрымаць сябе. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цечка, ‑і, м.

Ласк. да бацька (у 1 знач.). // Фамільярны зварот да субяседніка. — Разумею, разумею вас, бацечка мой. Час і, так сказаць, творчае натхненне, — і Іван Антонавіч не да месца падміргнуў з-за акуляраў. Даніленка. / у іран. ужыв. — Можа, проста хварэе [Сашка] нездаровай цікавасцю, як і бацечка. І той жа Марцінок усюды хоча свой нос утачыць, — дадаў Максім. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цюхна, ‑ы, м.

1. Разм. Ужываецца звычайна пры звароце з пашанай да каго‑н.

2. Ласкава-фамільярны зварот да каго‑н. Ленін горача запярэчыў Пятроўскаму: — Вы забываецеся, бацюхна, што мы ўжо Савецкая дзяржава. Мяжэвіч.

•••

Бацюхны (мае)! (у знач. выкл.) — выражае здзіўленне, спалох. [Салдат:] — Сынок! Мой сынок! Як жа так?.. Няўжо не пазнаеш? А вырас — бацюхны!.. Сапраўдны мужчына. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благаславе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. благаслаўляць — благаславіць (у 1 знач.).

2. Разм. Ухваленне чаго‑н.; згода на што‑н. Так было да часу, пакуль не парадзела ў хлявах, пакуль не дала свайго благаславення маці на аддзел Платона. Ракітны.

3. Падзяка, хвала. Благаславенне табе і ўся душа табе, мясціна, дзе радзіўся і вырас чалавек! Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адму́чыцца, ‑мучуся, ‑мучышся, ‑мучыцца; зак.

Прамучыцца пэўны час. [Дзед:] — Я і так буду ўсё жыццё локці сабе кусаць — гэта ж праз мяне ты амаль цэлы год у канцлагеры адмучыўся, ледзь жывы астаўся. Сачанка. // Скончыць, перастаць мучыцца. // Памерці; смерцю пазбавіцца ад мук. — Гарыць увесь [пра закатаванага фашыстамі да непрытомнасці хлопчыка] ... Дзе толькі сілы бяруцца! Тут і мужык не вытрымае ... Той, што сувязны быў, памёр. Адмучыўся бедалага. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апро́ч, прыназ. з Р.

Тое, што і апрача. Нічога не скажаш, апроч: век жыві і век вучыся. Грамовіч. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала: — У іх ёсць хлопчык Ігар. Брыль. Апроч усяго, Аўгіння ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

Паведамленне, весць. Вестка аб звароце Пракопа шпарка абляцела назаўтра затонскія хаты і зрабіла яшчэ большае ўражанне, чым вестка аб яго знікненні з сяла. Колас. Яны [метэаролагі] сягоння ўсёй зямлі Шырока вестку падалі: — Ідзе Вясна! Ідзе Вясна! Усе ўставайце да відна. Лужанін.

•••

Без вестак прапасці гл. прапасці.

Падаць (даць) вестку гл. падаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апане́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.

[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́качацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Разгладзіцца, расправіцца пры качанні.

2. у што. Качаючыся, абляпіцца, запэцкацца. Выкачацца ў снег. // у чым. Пакачацца. Выкачацца ў траве. □ Неўзабаве ён [Этай] вярнуўся ўвесь заснежаны, нібы знарок выкачаўся ў гурбах. Бяганская.

3. Разм. Паправіцца, выжыць. Сяк-так ад хваробы выкачаўся [дзед]. Лынькоў. [Кастусь:] — Зноў я застаўся адзін, але не прапаў, выкачаўся сярод людзей. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)