мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т. л. лясныя), горныя (у т. л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.
Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т. л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для генерацыі, пераўтварэння, перадачы, прыёму і выкарыстання лазернага выпрамянення. Выкарыстоўваецца ў ваеннай тэхніцы (дальнамеры, цэлеўказальнікі, імітатары стральбы), матэрыялаапрацоўцы (лазерныя зварка і рэзка цвёрдых і тугаплаўкіх матэрыялаў, тэрмаапрацоўка і мадыфікацыя паверхні), сістэмах сувязі, інфармацыйных тэхналогіях (запіс і счытванне інфармацыі, лазерныя прынтэры, сканеры), бытавой тэхніцы, метралогіі, навук. даследаваннях, фоталітаграфіі, медыцыне і інш.
Л.т. ўключае ў сябе: уласна лазеры, іх элементы (выпрамяняльнікі, аптычныя рэзанатары, крыніцы напампоўкі і сілкавання, блокі кіравання і інш.), прылады кіравання лазерным прамянём (мадулятары святла, дэфлектары, пераўтваральнікі частаты і інш.), а таксама прылады, сістэмы і ўстаноўкі, дзе выкарыстанне лазера вызначае іх функцыянальнае прызначэнне. Выкарыстанне Л.т. грунтуецца на такіх прынцыповых адрозненнях лазернага выпрамянення ад выпрамянення інш. крыніц святла, як кагерэнтнасць, манахраматычнасць, высокія накіраванасць і яркасць, магчымасць атрымання светлавых імпульсаў малой працягласці, недасягальных з дапамогай інш.тэхн. сродкаў. Напр., факусіроўкай лазернага выпрамянення ажыццяўляецца лакальнае ўздзеянне на матэрыялы з зонай апрацоўкі прыкладна 1—10 мкм. Перспектыўнымі з’яўляюцца лазеры на сапфіры, легіраваным тытанам (маюць плаўную перанастройку частаты і генерыруюць фемтасекундныя імпульсы), а таксама цвердацелыя лазеры з дыёднай лазернай напампоўкай (пераўтвараюць выпрамяненне паўправадніковых лазераў у лазернае выпрамяненне высокай якасці). Гл. таксама Лазерная тэхналогія.
Літ.:
О’Шиа Д., Коллен Р., Родс У. Лазерная техника: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПЫ,
гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р.Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на З ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс.ж. (1998).
У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.
Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л. курганны могільнік балтаў 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз.сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж.сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ ((Mill) Джон Сцюарт) (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),
англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.Берклі, Д.Юма, А.Конта, Д.Рыкарда, І.Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).
Тв.:
Рус.пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;
Основания политической экономии. СПб., 1909;
Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»
(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),
«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.
Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.
На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр.БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш.бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел.правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз.сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),
арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш.рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.
Літ.:
Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.