«ФРОНТ»,
газета Выканаўчага к-та з’езда салдацкіх, рабочых і сял. дэпутатаў Заходняга фронту. Выдавалася з 6(19).5 да 20.11(3.12).1917 у Мінску на рус. мове штодзённа. Змяшчала пастановы і рэзалюцыі франтавога з’езда, інструкцыі па стварэнні салдацкіх к-таў, справаздачы пасяджэнняў Выканаўчага к-та Зах. фронту (Выкамзаха). Асн. ўвагу аддавала дэмакратызацыі армейскага жыцця. Мела пастаянныя рубрыкі: «Афіцыйны аддзел», «У франтавым камітэце», «Лісты ў рэдакцыю» і інш. З’яўлялася трыбунай Камітэта выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, перасцерагала ад небяспекі грамадз. вайны і контррэвалюцыі. Пасля выхаду бальшавіцкай фракцыі з Выкамзаха выступала ў падтрымку ідэі стварэння аднароднага дэмакр. ўрада. Апошнія нумары прысвечаны падрыхтоўцы да склікання 2-га франтавога з’езда і да выбараў ва Устаноўчы сход. У сувязі з пераабраннем Выканаўчага к-та выхад газеты спынены. Замест яе з 1(14).12.1917 выходзіла газ. «Советская правда».
М.Я.Сяменчык.
т. 16, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)