ФАЛЕРЫ́СТЫКА (ад грэч. phalaron металічныя ўпрыгожанні),
дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю сістэм узнагарод і самі ўзнагароды, што прызначаюцца для публічнага нашэння на шыі і на грудзях (ордэны, медалі, знакі адрознення, значкі, жэтоны і інш.). З пач. 20 ст. існавала ў межах нумізматыкі і медальерства (гл. Медальернае мастацтва). Тэрмін «Ф.» з’явіўся ў канцы 1930-х г. У 1960-я г. пачалося вылучэнне Ф. ў асобную дысцыпліну. З 1980-х г. выпрацоўваюцца новыя падыходы да аб’ектаў даследавання, вывучаюцца персанальныя комплексы ўзнагарод і звязаныя з імі дакументы (ордэнскія кніжкі, граматы, патэнты і інш.), павялічваецца роля пісьмовых крыніц, пашыраецца іх кола (пэўныя пытанні могуць вывучацца па фотаздымках, партрэтах і інш.), паслабляюцца сувязі з ваен. гісторыяй. Ф. азначае таксама калекцыяніраванне значкоў, нагрудных знакаў і інш.
Літ.:
Filipow K. Falerystyka (nazewnictwo, zakres, materiał, metody badawcze) // Lodzki numizmatyk. 1980. №1—4.
І.І.Сінчук.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)