ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.Віньеса (фп.) і Ш.Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл.«Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз.франц. Шубертам). Абапіраўся на франц.нар. песеннасць, развіваў прынцыпымуз. прасодыі К.Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л.патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпываен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш.навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́ТАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел тэарэтычнай кібернетыкі, які даследуе пераўтваральнікі дыскрэтнай інфармацыі. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з развіццём тэорыі выліч. машын, тэорыі алгарытмаў. Асн. паняцці — абстрактны аўтамат і кампазіцыя аўтаматаў. Першае характарызуе алгарытм функцыянавання прыстасавання (алгарытм перапрацоўкі інфармацыі, які яно рэалізуе), складаецца з 3 непустых мностваў (станаў, уваходных і выхадных сігналаў) і 2 функцый (выхаду і пераходу). Другое характарызуе структуру прыстасавання, прынцыпы яго пабудовы з больш простых элементаў. Аўтаматаў тэорыя складаецца з абстрактна-алг., структурнай тэорыі і тэорыі імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм.
У абстрактна-алг. аўтаматаў тэорыі даследуюцца ўласцівасці абстрактнага аўтамата і спосабы яго задання. У структурнай аўтаматаў тэорыі аўтамат выяўляецца ў выглядзе сеткі, элементы якой выбраны з папярэдне зададзенай сукупнасці элементарных аўтаматаў. Яны злучаны паміж сабой і ажыццяўляюць запамінанне і пераўтварэнне элементарных сігналаў. Тэорыя імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм выкарыстоўваецца пры праектаванні і аўтаматызацыі праектавання дыскрэтных канструкцый і выліч. машын. Мае важнае значэнне для тэорыі алгарытмаў, тэорыі фармальных машын сістэм, тэорыі праграмавання і інш.
На Беларусі даследаванні па аўтаматаў тэорыі праводзяцца з 1956 у Мінскім пед. ун-це, ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,
кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.
Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн.прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я (Carcía),
іспанскія музыканты, бацька і сын.
Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп.муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.Р.Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.Нуры.
Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед.прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.Фрэцаліні, М.Маркезі, Г.Нісен-Саламан, Ю.Штокгаўзен, Г.Гарсія (яго сын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),
навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).
Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.
У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.І.Калугін, М.М.Кулагін, М.В.Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.С.Антанюка, К.Ф.Барысаўца, А.А.Гайко, З.Д.Гільмана, В.Ц.Горына, М.П.Грыня, В.А.Івановай, У.П.Лемеша, І.М.Нікітчанкі, С.І.Пляшчанкі, К.М.Сонцава, У.І.Шляхтунова, М.А.Янко і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Бел.НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАЛЕКУЛЯ́РНАЙ І А́ТАМНАЙ ФІ́ЗІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Мінску на базе шэрагу падраздзяленняў Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава. У ін-це 9 лабараторый, 1 аддзел і 1 група (1998); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: малекулярная спектраскапія, фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі, метады і апаратура атамна-малекулярнага аналізу і дыягностыкі. Асн. вынікі навук. даследаванняў: выяўлены і вывучаны шэраг якасна новых генерацыйных з’яў, звязаных з праяўленнем у лазерах розных тыпаў анізатрапіі, на аснове чаго развіты і рэалізаваны высокаэфектыўныя ўнутрырэзанатарныя метады кіравання параметрамі генерыраванага выпрамянення; прапанаваны прынцыпы і развіты метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі, якія знайшлі выкарыстанне для вымярэння спектраскапічных канстантаў рэчыва, вызначэння структуры спектральных ліній і вывучэння анізатропных уласцівасцей асяроддзяў. Вывучаны: дынаміка вярчальнага руху электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул у газавай фазе; фізіка ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль з плазмай; фізіка плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на розныя матэрыялы; шматфункцыянальныя структурна-арганізаваныя сістэмы на аснове тэтрапірольных злучэнняў і паказана перспектыўнасць іх фіз.-хім. і біял. дастасаванняў. Ін-т выдае міжнар.час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі Г.П.Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МІКРАБІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1975 у Мінску на базе Аддзела мікрабіялогіі АН Беларусі (з 1966). Лабараторыі (1998): ферментаў, біяхіміі мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, экалогіі мікраарганізмаў, ліпідаў мікраарганізмаў, кампанентаў нуклеінавых кіслот, мікалогіі; групы біяметаду аховы раслін, калекцыі мікраарганізмаў, інфармацыі, лабараторны ферментацыйны стэнд. Аспірантура з 1966.
Асн. кірункі даследаванняў: фізіялогія і біяхімія мікраарганізмаў; навук. асновы накіраванага сінтэзу біялагічна актыўных рэчываў і выкарыстанне мікраарганізмаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне і ахове навакольнага асяроддзя. Вынікі даследаванняў: вывучаны механізмы рэгуляцыі ўтварэння мікробных дэпалімераз як элементаў складанай сістэмы адаптацыі, высокай канкурэнтаздольнасці і экалагічнай пластычнасці мікраарганізмаў, выяўлена роля злучэнняў ліпіднай прыроды ў адаптацыі мікраарганізмаў да стрэсавых уздзеянняў і распрацаваны прынцыпы атрымання ліпафільных біяантыаксідантаў новага пакалення, біялагічна актыўных злучэнняў тыпу прастагландзінаў. Распрацаваны навук. асновы біятэхналогіі атрымання злучэнняў з супрацьвіруснай і супрацьпухліннай актыўнасцямі, канцэпцыя рэгулявання дзейнасці мікрафлоры, якая забяспечвае інтэнсіфікацыю працэсаў разбурэння таксічных рэчываў, якія забруджваюць глебу. Упершыню прапанаваны шляхі біял. рэкультывацыі тэрыторый, якія выведзены з с.-г. карыстання, і новыя падыходы да біярэмедыяцыі глеб шляхам ужывання інтрадуцэнтаў шырокага спектра дзеяння. Створаны шэраг біяпрэпаратаў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і ветэрынарыі. У ін-це працаваў чл.-кар.АН Беларусі С.А.Самцэвіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Г.Лабанок (дырэктар з 1975), чл.-кар. Н.І.Астаповіч, 8 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.