СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),

амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.​Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.​Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.​Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.

Тв.:

Рус. пер. — Автобиография Алисы Б.​Токлас. СПб., 2000.

Літ.:

Бернацкая В. Гертруда Стайн: тупик или перспектива? // Совр. худ. лит. за рубежом. 1975. № 6.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)