Ленінскія арганізацыйныя прынцыпы 5/343
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,
клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л. біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл. Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.
А.І.Балсун.
т. 7, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Варыяцыйныя прынцыпы механікі 1/535; 2/610; 3/328; 4/123, 198, 325, 326; 5/573; 7/165, 378
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫ́НЦЫПЫ МЕХА́НІКІ,
матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл. Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.
Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю
. Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл. Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.
Літ.:
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.
А.У.Чыгараў.
т. 4, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,
галіна права, прадметам рэгулявання якой з’яўляюцца прынцыпы арганізацыі і парадак дзейнасці дзярж. інстытутаў, прававы статус грамадзян і іх узаемаадносіны з дзяржавай. К.п. рэгламентуе форму дзярж. ладу, вызначае сістэму, парадак стварэння, кампетэнцыю і прынцыпы дзейнасці дзярж. органаў. Гал. крыніцай К.п. з’яўляецца канстытуцыя, а таксама прававыя акты, якія змяшчаюць нормы дзярж.-прававога характару. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах для абазначэння гэтай галіны права выкарыстоўваецца тэрмін дзяржаўнае права.
т. 7, с. 596
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,
міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у т. л. СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.
т. 2, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.
Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст. англ. філосаф Дж.Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.
Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНІ́Я (ад геа... + грэч. techne мастацтва, майстэрства, уменне),
прыродазнаўча-тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае прынцыпы і метады рацыянальнага ўмяшання ў прыродныя працэсы для наладжвання аптымальнага ўзаемадзеяння паміж грамадствам і прыродай.
т. 5, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія рэгламентуюць асновы дзярж. і грамадскага ладу краіны, сістэму і прынцыпы фарміравання і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян. У некат. замежных краінах тэрмін Дз.п. замяняецца тэрмінам канстытуцыйнае права.
У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніца Дз.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб выбарах, інш. прававыя акты. Нормы Дз.п. вызначаюць паліт. і эканам. сістэму грамадства, асновы дзейнасці дзяржавы ў галіне сац. развіцця і культуры, знешняй палітыкі і абароны Айчыны, рэгулююць узаемаадносіны дзяржавы і асобы, устанаўліваюць таксама сістэму, парадак утварэння і прынцыпы дзеяння органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улады, органаў мясц. кіравання і самакіравання, фінансава-крэдытнай сістэмы, пракуратуры, дзярж. кантролю. Вызначальнае месца ў сістэме Дз.п. належаць нормам, якія замацоўваюць канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, гарантуюць абарону гэтых правоў і свабод. Дз.п. як вядучая галіна з’яўляецца асноватворнай для інш. галін права — цывільнага, прац., адм. і інш.
Існуе і навука Дз.п., якая вывучае дзяржаўна-прававыя нормы, інстытуты і адносіны ў працэсе іх узнікнення і развіцця, даследуе прыроду, сутнасць і змест Дз.п., яго прынцыпы, прадмет, крыніцы і сістэму.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)