МІХАІ́Л (у свеце Галубовіч; 1800, Літоўская губ. — 18.3.1881),
уніяцкі, потым правасл.царк. дзеяч. Д-р багаслоўя і царк. права. Скончыў Віленскую гал. семінарыю. З 1828 выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі ў Жыровічах, потым служыў у Літ. уніяцкай духоўнай кансісторыі, быў архімандрытам Быценскага кляштара базыльян. На Полацкім царкоўным саборы 1839 разам з інш. вышэйшым духавенствам падпісаў Саборны акт пра скасаванне Брэсцкай уніі 1596 і далучэнне уніяцкай царквы да праваслаўя. З 1839 вікарны епіскап пінскі (з 1840 наз. брэсцкі), з 1848 епіскап, у 1853—68 архіепіскап мінскі. Аўтар перакладу на польск. мову правасл. катэхізіса для б. уніяцкіх святароў, якія не ведалі або дрэнна ведалі рус. мову.
Літ.:
Кісялёў Г. Дыярыуш Міхала Галубовіча // Голас Радзімы. 1998. 29 кастр., 5 лістап.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
базылья́не
(с.-лац. basiliani)
каталіцкія манахі ўсходняга абраду, якія жывуць паводле статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.); існуюць з ранняга сярэдневякоўя, у канцы 16 ст. арганізаваны ў уніяцкі ордэн.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛІСО́ЎСКІ Іраклій (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкіцарк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803 1807, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА Міхаіл (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́ВА Антоній (свецкае імя Анастасій; каля 1583, Полацкае ваяв. — 1655),
уніяцкіцарк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. З 1612 чл. ордэна базыльян, у 1617 пасвячоны ў святары. Скончыў Грэчаскі калегіум у Рыме (1622). З 1622 архімандрыт уніяцкіх манастыроў: у Вільні св. Тройцы, Навагрудку, Жыдзічыне. З 1624 архіепіскап полацкі, з 1639 ген. вікарый Кіеўскай мітраполіі. У 1641—55 мітрапаліт кіеўскі і галіцкі, адначасова з 1652 генерал (протаархімандрыт) базыльянскага ордэна. У 1630—40-я г. ўдзельнічаў у падрыхтоўцы агульнага сабора уніятаў і праваслаўных з мэтай аб’яднання на падставе стварэння Кіеўскага патрыярхата і прызнання вяршэнства папы. Клапаціўся пра адукацыю святароў, умацаванне манастырскага жыцця, адкрыў семінарыю пры Мінскім базыльянскім манастыры (1652). Папулярызаваў культ І.Кунцэвіча. Аўтар «Антыэленхуса» (1622) — адказу на «Эленхус» М.Сматрыцкага (1622) і жыццяпісу Кунцэвіча (1625).
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма. Т. I Мн., 1959;
Уния в документах. Мн., 1997;
Коялович М. Литовская церковная уния. Т. 2. СПб., 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКА́ЛІК Міхась (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),
бел.уніяцкірэліг. і культ. дзеяч. Д-рслав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел.к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).
Літ.:
Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й Іпацій (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (імя невядома),
бел. пісьменнік-палеміст 1-й трэці 17 ст. Належаў да уніяцкага брацтва Св. Тройцы ў Вільні. У 1630 выдаў у Святатроіцкай друкарні «Сняданак віленскім брацкім схізматыкам...», напісаны адразу пасля Львоўскага сабора 1629. У ім М. адлюстраваў складаную рэліг.-дзярж. сітуацыю ў 1-й трэці 17 ст., калі «грэчаскае» набажэнства Русі было падзелена на тры часткі (віленскія і кіеўскія русіны грэч. абраду, што падпарадкоўваліся канстанцінопальскаму патрыярху, русіны, якія знаходзіліся ў адзінстве з рымска-каталіцкім касцёлам, — рымскаму папу). М. лічыў, што ўсе правы і прывілеі, дадзеныя праваслаўным у папярэднім стагоддзі, законна належаць уніятам, а тыя, хто прызнае духоўную ўладу канстанцінопальскага патрыярха, знаходзяцца па-за законам у дзяржаве. Правасл. выданні, у т. л. творы М.Сматрыцкага і Л.Карповіча, лічыў ератычнымі; сцвярджаў, што яны спрыялі бунтам і непаслушэнству прастакоў, што з-за іх быў забіты уніяцкі архіепіскап І.Кунцэвіч, прыняў пакутніцкую смерць прапаведнік А.Граковіч. На старонках «Сняданка...» шмат біягр. звестак пра тагачасных пісьменнікаў, нетрадыц. трактоўкі гіст. падзей у дзяржаве.
Літ.:
Кароткі У.Г. ...І памёр, і ўваскрос // ЛІМ. 2001. 5 кастр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял.кн.ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ Іосіф Вельямін (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.