ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),

уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.

С.В.Казуля.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)