РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
С.В.Казуля.
т. 13, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)