МІКУ́ЛІЧ (імя невядома),
бел. пісьменнік-палеміст 1-й трэці 17 ст. Належаў да уніяцкага брацтва Св. Тройцы ў Вільні. У 1630 выдаў у Святатроіцкай друкарні «Сняданак віленскім брацкім схізматыкам...», напісаны адразу пасля Львоўскага сабора 1629. У ім М. адлюстраваў складаную рэліг.-дзярж. сітуацыю ў 1-й трэці 17 ст., калі «грэчаскае» набажэнства Русі было падзелена на тры часткі (віленскія і кіеўскія русіны грэч. абраду, што падпарадкоўваліся канстанцінопальскаму патрыярху, русіны, якія знаходзіліся ў адзінстве з рымска-каталіцкім касцёлам, — рымскаму папу). М. лічыў, што ўсе правы і прывілеі, дадзеныя праваслаўным у папярэднім стагоддзі, законна належаць уніятам, а тыя, хто прызнае духоўную ўладу канстанцінопальскага патрыярха, знаходзяцца па-за законам у дзяржаве. Правасл. выданні, у т. л. творы М.Сматрыцкага і Л.Карповіча, лічыў ератычнымі; сцвярджаў, што яны спрыялі бунтам і непаслушэнству прастакоў, што з-за іх быў забіты уніяцкі архіепіскап І.Кунцэвіч, прыняў пакутніцкую смерць прапаведнік А.Граковіч. На старонках «Сняданка...» шмат біягр. звестак пра тагачасных пісьменнікаў, нетрадыц. трактоўкі гіст. падзей у дзяржаве.
Літ.:
Кароткі У.Г. ...І памёр, і ўваскрос // ЛІМ. 2001. 5 кастр.
У.Г.Кароткі.
т. 18, кн. 1, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)