СЯЛЯ́ВА Антоній (свецкае імя Анастасій; каля 1583, Полацкае ваяв. — 1655),
уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. З 1612 чл. ордэна базыльян, у 1617 пасвячоны ў святары. Скончыў Грэчаскі калегіум у Рыме (1622). З 1622 архімандрыт уніяцкіх манастыроў: у Вільні св. Тройцы, Навагрудку, Жыдзічыне. З 1624 архіепіскап полацкі, з 1639 ген. вікарый Кіеўскай мітраполіі. У 1641—55 мітрапаліт кіеўскі і галіцкі, адначасова з 1652 генерал (протаархімандрыт) базыльянскага ордэна. У 1630—40-я г. ўдзельнічаў у падрыхтоўцы агульнага сабора уніятаў і праваслаўных з мэтай аб’яднання на падставе стварэння Кіеўскага патрыярхата і прызнання вяршэнства папы. Клапаціўся пра адукацыю святароў, умацаванне манастырскага жыцця, адкрыў семінарыю пры Мінскім базыльянскім манастыры (1652). Папулярызаваў культ І.Кунцэвіча. Аўтар «Антыэленхуса» (1622) — адказу на «Эленхус» М.Сматрыцкага (1622) і жыццяпісу Кунцэвіча (1625).
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма. Т. I Мн., 1959;
Уния в документах. Мн., 1997;
Коялович М. Литовская церковная уния. Т. 2. СПб., 1861.
С.В.Казуля.
т. 15, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)