Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́паць 1, лу́паты, лу́патэ ’лыпаць, моргаць вачыма’ (маст., зах.-палес., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Касп., Нас., Растарг., Гарэц., ТСБМ), ’мігацець’ (Грыг.), укр. лу́пати (очима), рус. лу́пать ’тс’, польск. łupać oczyma ’вытрэшчваць вочы’ (Ліндэ), чэш. loupati očima ’тс’ — у выніку кантамінацыі лупа 3 і лы́паць (гл.). Сюды ж лу́пацца ’плюшчыцца, лыпаць’, лу́паць очыма ’маргаць ад разгубленасці, збянтэжанасці, здзіўлення, страху’, лу́пнуць ’лыпнуць’ (ТС). Параўн. лу́па 3 (гл.).

Лу́паць 2 ’трашчаць (аб высахшай скуры)’ (Кліх), лу́пацца ’лопацца, трэскацца (аб яечках пчол)’ (Анох.), укр. лупа́тися ’лопацца, трэскацца’, чэш. lupati ’тс’. Да луп 1 (гл.) (Махэк₂, 344). Слаўскі (5, 323) мяркуе, што прасл. lupati (lupajǫ) з’яўляецца пазнейшым ітэратывам да lupiti, якое было ў ранняй прасл. мове нематываваным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патароча 1 ’здань, пудзіла, міфічная істота з жудасным тварам і вытрашчанымі вачыма’ (чач., Нас. Сб., Бір. Дзярж.), ’пудзіла’, ’лупаты чалавек’ (Нас.). Укр. поторо́ча ’прывід, страшыдла’. Напрошваецца суаднясенне з рус. вы́таращить (глаза), польск. wytrzeszczyć, чэш. třeštiti ’вытрашчыць вочы’, якія Махэк₂ (657) супастаўляе з генетычна роднасным літ. pastérti ’уставіцца (вачыма)’. Можна дадаць яшчэ pa‑stėrti ’скарчанець, адубець’. Паводле Махэка, у славян была аснова ster‑ з суфіксам ‑sk‑ati (інтэнсіў), у якой пачатковае s‑ адпала ў выніку дысіміляцыі са ‑sk‑ і *ter‑skati перайшло ў групу на ‑iti > terščiti; рус. таращить паходзіць з окаючых гаворак < торощить.

*Патароча 2, драг. поторо́ча ’той, хто настойліва працяглы час гаворыць пра адно і тое ж’ (Лучыц-Федарэц). З дзеяслова торо́чытэ ’гаварыць доўга пра адно і тое ж, несці лухту’, укр. торо́чити ’тс’, якія можна суаднесці з рус. наўгар., цвяр. торо́щиться ’дарма збірацца’ і з серб.-харв. тра́скати ’несці лухту’. Праславянскі архаізм.

Патароча 3 ’няшчасце ў дарозе’ (усх.-маг., КЭС), рус. кур. поторо́ча ’сустрэча, выпадак, падзея, прыгода’, смал. ’выскачка, які ўсюды ўткне свой нос’, пск. поторо́чье ’перашкода’, цвяр. торча́ться ’перашкаджаць сваёй прысутнасцю’, чэш. містршыцк. trči to do tvého? ’гэта табе перашкаджае?’, — усе ўзыходзяць да прасл. tъrčati ’стаяць, вытыркаючыся уверх ці наперад’, ’цягнуцца ўверх’ > тырча́ць (гл.) (Варбот, Этимология–1979, 5–6).

Патароча 4 ’бура’ (Сержп.), рус. арханг. то́рок, то́рох ’бура ў моры, шквал’. Міклашыч (359), Фасмер (4, 84) звязваюць гэта слова з торкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́па 1 ’губа чалавека, жывёлы’ (маладз., Янк. Мат.; Мікуц., Сцяц., Сл. ПЗБ; сувалк., Карт. Атл. Беласточчыны), łupufka ’губны гармонік’ (там жа), лу́пы ’губы’ (мін., КЭС), лу́па ’морда жывёлы’ (Мядзв.). Балтызм, параўн. літ. lū́pa ’губа’, лат. lũpa (Буга, Rinkt., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 64 і 160; Liet. term., 181; Пальцаў, Лекс. балтызмы, 37; Зданцэвіч, LP, 8, 344). Булыка (Запазыч., 192) вызначае ст.-бел. лупы ’губы’ як запазычанне са ст.-польск. łupy ’тс’. Супраць Непакупны (Baltistica, 11, (1), 109). Сюды ж лупа́ты ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (Сцяшк., Шат.; бялын., докш., Янк. Мат.; віц., КЭС; драг., полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), сувалк. łupaty ’тс’; лаг. лупазу́бы ’бяздзейны, разінькаваты падлетак’, лупа́ч ’мужчына з тоўстымі вуснамі’ (КЭС, лаг.; шальч., Сл. ПЗБ), ’губаты’ (міёр., З нар. сл.).

Лу́па 2, лу́пы ’губа, губавыя грыбы, Polyporaceae’ (паст., Жыв. сл.). Да лу́па 1. Аб семантычным пераходзе ’губа’ — ’грыб’ гл. гу́ба.

*Лу́па 3, лу́пы ’вочы’, лупачы́ ’тс’ (Юрч. Вытв.), сувалк. zalać łupe ’ўпіцца’, якое адпавядае драг. залэ́тэ го́чэ (горі́лкію) ’тс’; рус. перм., урал. лу́пы ’вочы’, алан., валаг. лу́пачи́ ’вытрашчаныя вочы’, уладз. лупа́нда ’вірлавокі’, укр. правабярэжна-палес. лупа́тий і мсцісл. лупа́ч ’тс’. Генетычна ўзыходзіць да прасл. lupъ (параўн. бел. ё‑луп), якое Мартынаў (Этимология–1984, 129–130) рэканструюе з пратэзай як glupъ. Сюды ж бел. лупа́ты ’вірлавокі’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Дразд., Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Нас., Растарг.; бых., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс.; пух., Сл. ПЗБ; ТС), лупава́ты (Мат. Гом.), лупа́сценькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), лупачы́ ’лупатыя вочы’ (капыл., Жыв. сл.; свісл., Сцяшк. Сл.).

Лу́па 4 ’яечня, непадкалочаная мукой’ (круп., Сл. ПЗБ) — перанос назвы з першапачатковага лупа ’яечня непадкалочаная’, параўн. гом., чач. лупа́ ’яечня’, асіп. лупа́тая яешня ’яечня нераскалочаная’. Аналагічна рус. глазу́нья, чэш. volská oka ’тс’ (літаральна ’валовы вочы’). Да лу́па 3 (гл.).

Лу́па 5 ’павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе’ (ТСБМ). З рус. лу́па ’тс’, якое на пачатку XIX ст. з франц. loupe непасрэдна або праз ням. Lupe (Фасмер, 2, 534; Крукоўскі, Уплыў, 72). Канчаткова — да лац. lupa ’ваўчыца’ і ’круглая пухліна’, ’круглае шкло’.

Лупа́ ’адходы пры ачыстцы зерня і інш. збожжавых’ (Мат. Гом.; лун., ЛАПП), ’астаткі пасля прасейвання мукі’ (Ян.; ганц., Сл. ПЗБ), ’лупіны, шалупіны, высеўкі, вотруб’е’ (ТС). Укр. лупа́ ’тс’, ’луска рыбы’, ’перхаць’, зах. лу́па ’лупіна, скурка’, рус. лупа́ ’слой скуркі, які лушчыцца’, ’перхаць’, ’дранка’, ’наносы на рацэ’, ’азёрная трава’; польск. łupa ’лупіна агародніны, шалупайка’, ’кара’, ’трэска, палена’, ’луста’, ’куча гною, смецця’, ’кратавіны’, в.-луж. łupa ’лупіна, мяккая кара, лыка’, славац. lupy ’лушпіны’, серб.-харв. лу̏па ’біццё, таўчэнне, стук’. Прасл. lupa ’лупіны ў агародніне’, ’шалупайка яйка’, ’высеўкі’, ’кара дрэў’ (Слаўскі, 5, 317–319). Да і.-е. *leu‑p‑ ’здзіраць скуру, лупіць’; ‑p‑ у гаворках выступае часам у варыянце ‑sp‑ > ‑шп‑. Самыя блізкія і.-е. адпаведнікі: лат. laupa ’здабыча’, lupa ’шкарлупіна, кавалачак, ануча’, lupis ’лясны рабаўнік’; літ. lupà ’кара; лыка (луб), лупіна’: lupti, лат. lupt, làupît ’драць, здзіраць, лупіць’, ’біць’, lùptis ’лупіцца, лушчыцца’, aplaupýti ’абдзіраць, аблупіць’ (Скок, 2, 331–332; Фасмер, 2, 534–535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм.Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)