ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),
подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.
Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.А.Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.Дастаеўскі, Гайка №6 — А.Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.Шаўчэнка).
На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.
Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.Луцкевіч — Антон Навіна; В.Ластоўскі — Власт; М.Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.Скурко — Максім Танк; І.Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.Янчука і П.Дземідовіча, Максім Беларус — М.Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.Міцкевіча — Мікалаевец, І.Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.Жылуновіча — Бэйгар, С.Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.Бяспалага — Зм Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.Луцэвіч, М.Б. — М.Багдановіч, Я.С. — Я.Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.Багушэвіч, *S — І.Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.Луцэвіч, Б—ч — М.Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.Рэка — А.Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.Багдановіч, Ганна Аршыца — У.Дубоўка, Ганна Галубянка — І.Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.Броўка і Я.Скрыган; І.Сібарсач — Я.Сіпакоў, Р.Барадулін, Б.Сачанка; Я.Лупаты — Я.Брыль, М.Лужанін, П.Панчанка, М.Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.Кудзелька, Г.Глебаў — Г.Сарокін, У.Уладамірскі — У.Малейка, В.Галіна — В.Александроўская, Л.Рахленка — Л.Г.Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.Лісіцкі, Ксёндз — А.Ксяндзоў, Мара — А.Марачкін, А.Эроціч — А.Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.Іваноў — А.Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.
Літ.:
Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;
Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;
Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;
Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;
Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;
Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;
Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;
Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;
Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 99