ІМБІ́Р (Zingiber),

род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).

Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).

Імбір аптэчны.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПЕКАКУА́НА, ванітоўны корань (Cephaelis ipecacuanha),

кветкавая расліна сям. марэнавых. Пашырана ў трапічных лясах Бразіліі, Калумбіі і Цэнтр. Амерыкі. Вырошчваюць як лек. сыравіну.

Паўхмызняк выш. да 60 см з карэнішчам, якое мае пацеркападобныя патаўшчэнні. Лісце супраціўнае. Дробныя кветкі сабраны ў паўшарападобныя галоўкі. Карэнішча мае 2—3% алкалоідаў (эмецін, цэфаэлін і інш.). Выкарыстоўваецца ў медыцыне як адхарквальны сродак (ужываюць у выглядзе экстрактаў, настояў, сіропаў). У вял. дозах выклікае рвоту [адсюль другая назва — ванітоўны (ірвотны) корань].

Іпекакуана.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),

кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.

Касцяніцы камяністыя.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫЯ́НТУМ (Adiantum),

род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).

Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.

Адыянтум венерын волас.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),

род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).

Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.

Марсілея чатырохлістая.

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Купе́на ’купена многакветкавая, Polygonatum Moench multiflorum (L.)’ (Нас., Кіс., Касп., Гарэц.). Да купах (гл.), улічваючы форму карэнішча (БелСЭ, 6, 204) і такія сінонімы да назвы лекавай купены, як пупнік, грыжнік. Словаўтварэнне нерэгулярнае. Ці не да купіна? Параўн. купіна3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),

род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.

Пузырнік судэцкі.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Патаску́ха1 ’публічная жанчына’ (Мядз.), добр. ’пасялуха’ (Мат. Гом.). Відаць, з рус. потаску́ха; параўн. яшчэ потаскна́я, потаску́ша, потаску́нья ’тс’.

Патаску́ха2 ’парушэнец парасоністы, Chimaphila Pursh. umbellata (L.)’ (ігн., Сл. ПЗБ). Відаць, да патаску́ха1. Матывацыя: паўзучае карэнішча расліны цягнецца, па-руску «тащится».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДНАКВЕ́ТКА (Moneses),

род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс. м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.

Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв.пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.

Аднакветка буйнакветная.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́КСА (Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

Адокса мускусная.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)