ЯЧМЕНЕВАЛАСНЕ́Ц (Hordelymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакаў). 1 від — Я. еўрапейскі (H. europaeus). Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і, М. Азіі. На Беларусі трапляецца на тэр. Белавежскай пушчы, занесены ў Чырв. кнігу. Расце асобнымі экзэмплярамі ў ясенніках, грабавых дубровах кіслічнага тыпу.

Шматгадовая травяністая ярка-зялёная расліна выш. 60—120 см. Карэнішча ўкарочанае. Сцёблы пустыя, прамастойныя, каля вузлоў касматыя. Лісце шурпатае, пляскатае. Каласы лінейныя, звужаныя да верхавінкі. Каласкі звычайна аднакветкавыя. Плод — зярняўка.

Ячменеваласнец еўрапейскі.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)