Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́НІШЧА падземны парастак шматгадовых раслін. У адрозненне ад кораня мае спец. лускападобнае дробнае лісце, пупышкі, прыдаткавыя карані без каранёвага чэхліка і каранёвых валаскоў. Штогод нарастае і ўтварае з верхавінкавых ці пазушных пупышак надземныя парасткі. Асн. функцыі К.: назапашванне пажыўных рэчываў, вегетатыўнае аднаўленне і размнажэнне (гл.Карэнішчавыя расліны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́Зу раслін,
відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ДЛІК,
у беларусаў невялікі ўслончык, які часам рабілі з карэнішча ці камля з 3—4 адгалінаваннямі-ножкамі, з круглым ці квадратным сядзеннем. Саступіў месца табурэту і ў наш час амаль выйшаў з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЕ́Р (Acorus),
род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.
Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМБІ́Р (Zingiber),
род кветкавых раслін сям. імбірных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Паўд. Афрыцы, Аўстраліі. Найб. вядомы І. звычайны (Z. officinalis).
Шматгадовая травяністая трапічная расліна выш. да 1 м. Лісце ланцэтнае. Кветкі фіялетава-жоўтыя, стэрыльныя, у кароткіх, падобных на колас, суквеццях. Сухое карэнішча мае прыемны духмяны пах і пякучы смак, спажываецца ў кулінарыі як прыправа і ў харч. прам-сці для араматызацыі (варэнне, лікёры і інш.).
кветкавая расліна сям. марэнавых. Пашырана ў трапічных лясах Бразіліі, Калумбіі і Цэнтр. Амерыкі. Вырошчваюць як лек. сыравіну.
Паўхмызняк выш. да 60 см з карэнішчам, якое мае пацеркападобныя патаўшчэнні. Лісце супраціўнае. Дробныя кветкі сабраны ў паўшарападобныя галоўкі. Карэнішча мае 2—3% алкалоідаў (эмецін, цэфаэлін і інш.). Выкарыстоўваецца ў медыцыне як адхарквальны сродак (ужываюць у выглядзе экстрактаў, настояў, сіропаў). У вял. дозах выклікае рвоту [адсюль другая назва — ванітоўны (ірвотны) корань].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНІ́ЦЫ (Rubus saxatilis),
кветкавыя расліны сям. ружавых. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі, на Беларусі — усюды. Трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы), якія сцелюцца і ўкараняюцца. Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае. Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматкасцянка з ярка-чырв. сакаўных кіслых плодзікаў. Харч. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯ́НТУМ (Adiantum),
род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).
Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),
род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).
Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.