Свіна́рка1 ‘сівец, Nardus L.’ (Сл. ПЗБ, Шатал.). Відавочна, ад свін‑ (гл. свіны); назва магла быць дадзена за малаўжывальнасць травы; параўн. яе назвы ў іншых славянскіх мовах: укр. псянка, польск. psiarka, славац. psica < *pьsъ ‘сабака’ (Махэк, Jména, 293) або, што болей верагодна, з-за падабенства да свіной шчаціны, параўн. укр. свинниця, рус. щети́нница ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 191).

Свіна́рка2 ‘грыб капытнік, Paxillus involutus Fr., Paxillus atrotomentosus Fr.’ (Сярж.–Яшк., Пятк. 1), свінарэ́йка ‘тс’ (ПСл). Гл. свінуха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапу́х, лапуха ’лопух, Arctium L.’ (Сцяшк., Яўс.; гродз., Кіс., Сл. паўн.-зах.), ’капытнік, Calla palustris L.’ (Сл. паўн.-зах.), ’лотаць, Caltha palustris L.’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’дурань’, ’неразвіты чалавек’ (Яўс., Шатал.). Да лопух (гл.). Сюды ж лапушнік ’лотаць’ (Сл. паўн.-зах., Кіс.), віц. лапуха ’тс’ (Касп.; лепел., КЭС), лапушчік ’зараснік лопуху’, лапушны, лапушысты ’шыракалісты, падобны на лісце лопуху’, лапушыцца ’пышна разрастацца, выпускаць многа лісця’ (Сцяшк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), лыпуховы ’мізэрны, пусцяковы’, лыпуховіча ’пусцяковіна’ (Яўс.), лапушьісты ’пульхны, лапушысты (аб снезе)’ (Бяльк.), лапушнік ’лешч, які нерастуе першым’ (Лаўмане, Zivju, 170). Да лопух (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йнік1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).

Тро́йні́к2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йніккапытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).

Тро́йнік3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)