Ра́ма1 ’драўляны прамавугольнік для розных патрэб і мэт’, ’перакладзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’рама (акна і інш.)’ (ТС). Распаўсюджана вывядзенне з ням. Rahmen ’устойлівая апора, абрамленне, рама, рамка’ (у тым ліку Брукнер, 453). У беларускіх помніках сустракаецца з пачатку XVII ст. і разглядаецца як запазычанае праз польск. rama з ням. Rahmen (Булыка, Запазыч., 273; параўн. Фасмер, 3, 440). Нельга выключаць запазычанне праз дыялектныя формы, параўн. ст.-в.-ням. rama ’падпора, калона, абрамленне’, с.-в.-ням. rame ’тс’, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, параўн. нідэрландскае raam ’рама, акно’ (параўн. Лявіцкі, 2, 93; Сной, 544).

Ра́ма2 ’прасла’, ’частка ткацкага станка, дзе ёсць ніты’ (Ласт.). Гл. ра́ма1.

Ра́ма3 ’машына для падоўжнага распілоўвання бярвення’, ’прыстасаванне з вертыкальнай рамай, у якой рухаюцца пілы’ (ТСБМ). Гл. ра́ма1.

Ра́ма4 ’прыстасаванне з жэрдак для сушкі траў’ (Сл. ПЗБ). Гл. ра́ма1.

Ра́ма5 ’дзве жэрдкі, замацавання папярочнай планкай, якія кладуцца на сані’ (рас., Шатал.). Гл. ра́ма1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЛЕ́НДА (ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся блендамі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на), барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

oprawa

ж.

1. аправа; абрамленне;

oprawa obrazu — рамка карціны;

oprawa książki — пераплёт;

oprawa noża — дзяржанне нажа;

2. афармленне;

oprawa plastyczna (muzyczna) — мастацкае (музычнае) афармленне

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус. дыял. ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус. рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамение ’лес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус. дыял. ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е. *orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ. arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус. зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен. ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл. *ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е. *orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл. *oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.

Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус. ремык, рус. реме́нь ’тс’, польск. rzemień/rzemyk ’тс’, чэш. řernen ’рамень’, славац. remeň, в.-луж., н.-луж. rjemjeń, серб. ре̏мен, харв. rȅmēn, славен. jérmen, rȇmen, балг. ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав. ремень. Прасл. *remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е. *or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням. Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е. reum ’тс’, ст.-в.-ням. riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)