На́вар ’двор для скаціны’ (Бяльк.). Да вор ’загарадка, агароджа’, утворана хутчэй за ўсё з першапачатковага прыназоўнага словазлучэння на вор, гл. у Бялькевіча навыр ’пад карову, даіць карову (і на двор)’. Паралельна да надворак ’двор’, параўн. ворак ’двор для скаціны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́гліць ’гвалтам, нахабна прымушаць да чаго-небудзь’ (Нас.). Да на́гліць ’нахабна хлусіць; прымушаць’ (гл.), якое ад на́глы (гл.). Хутчэй за ўсё, сюды ж таксама прынагляда́ць ’прымушаць’ (шальч., Сл. ПЗБ), якое, такім чынам, трэба лічыць вынікам кантамінацыі прына́гліць з нагляда́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1797—1917 (з перапынкам у 1812—15) у Віцебску. Першае выданне «Пахвальная песня пры ўступленні на прастол... імп. ўсёй Расіі Паўла Пятровіча Першага...» надрукавана ў 1799 на рус. мове грамадз. шрыфтам. Друкавала афіц. цыркуляры, газ. «Витебские губернские ведомости» (з 1838), «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...» (вып. 1—32, 1871—1906), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885), «Віцебскую даўніну» (т. 1, 4, 5, 1883, 1885, 1888) і інш. Усяго надрукавана больш за 250 назваў кніг (большасць з іх адбіткі з «Витебских губернских ведомостей»), больш за 400 друкаваных выданняў

Я.​С.​Умецкая.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.

2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.

3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.

•••

Знакі ўзнагароды гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́дзі прыназ. ’з-за’ (Ян., ТС), ра́дзі, ра́діз прычыны, дзеля’ (Сл. ПЗБ). Архаізм, магчыма другаснае запазычанне з рус. ра́диз-за’, ’з мэтай чаго-небудзь’. Укр. ра́ди, зара́ди, славен. zaradi, серб. ра̑ди, харв. rȁdi, балг. заради́, старое ради, макед. поради, заради, ст.-слав. ради. Да прасл. *radi, якое лічыцца прамым пранікненнем ст.-перс. rādiy ’тс’ (Мартынаў, Становление, 37); іншыя разглядаюць іх як акамянелыя формы лакатыва нейкага назоўніка з тым жа і.-е. коранем (Чарных, 2, 93); паводле Глухака (515), утварэнне ад асновы на i прасл. *radь ж. р., суадноснага з прыметнікам *radъ (гл. рады) па тыпу дзе́ля: дзе́ла (гл.), лац. causā: causa ’справа, праца’ і пад. Аўтары ESJSt (12, 744) схіляюцца да непасрэднай сувязі з *raditi/roditi ’дбаць, старацца’ (гл. рад2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ро́зум, ‑у, м.

1. Вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека, здольнасць лагічна мысліць, асэнсоўваць навакольную рэчаіснасць. Ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна. Колас. Колькі жывой сілы тоіцца ў чорнай з гаркаватым пахам тарфяной глебе! Прыкладзі хоць крыху розуму! — і чэрпай поўнымі прыгаршчамі золата! Новікаў. // Інтэлект як процілегласць пачуццю. [Ігнась] шкадаваў матку, а розум, па прыродзе не хлапечы, падказваў, што трэба зрабіць нешта такое, каб маці не плакала. Мурашка. Рыта ведала — Вігдароўскі з пароды тых людзей, у душы якіх дзіўная зладжанасць розуму і пачуццяў. Навуменка.

2. Здольнасць мысліць, разумець; разумовыя здольнасці чалавека. Слабаваты .. [Хведар] быў сілаю, затое меў галаву з розумам. Якімовіч. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.

•••

Ад (з) вялікага розуму — здуру, па дурасці.

Бог розуму не даў гл. бог.

Брацца (узяцца) за розум гл. брацца.

Выжыць з розуму гл. выжыць.

Дайсці да розуму гл. дайсці.

Дайсці сваім розумам гл. дайсці.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заднім розумам моцны (багаты) гл. моцны.

З дурнога розуму — здуру, па дурасці.

Кароткі розум — пра слабы, невялікі розум.

Набрацца розуму гл. набрацца.

На добры розум — тое, што і на добры лад (гл. лад).

На мой (дурны) розум — па-мойму, на маю думку.

Наставіць, навесці на розум гл. наставіць.

Не майго (твайго, нашага і г. д.) розуму справа гл. справа.

Не ў (пры) сваім розуме — пра псіхічна ненармальнага чалавека.

Розум за розум зайшоў — пра стан, калі чалавек не можа разумна разважаць або дзейнічаць.

Розуму не дабраць гл. дабраць.

Страціць розум гл. страціць.

Схадзіць па розум гл. схадзіць.

У (пры) сваім розуме — у нармальным псіхічным стане (быць, знаходзіцца і г. д.).

Ухапіцца за розум гл. ухапіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ць, ‑стане; ‑станем, ‑станеце; ‑стануць; зак.

1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі. Лобан. Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы. Грахоўскі. З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы... Аўрамчык.

2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе. Шамякін.

3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі. Сачанка. Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Карпюк.

4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́лак, ‑лку, м.

1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.

3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)