сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.
Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Уладзімір Іванавіч) (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),
рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.Гумілёва, С.Гарадзецкага, М.Клюева, М.Цвятаеву, В.Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розныхмуз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.Міцкевіча, Р.Барадуліна, У.Някляева, А.Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел.нар. песень і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРУ́ЗЧЫК,
самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.
П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г.зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).
На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб.з-д.
І.І.Леановіч.
Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА,
перадача грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей адным удзельнікам дагавора другому з умовай вяртання і выплаты працэнтаў. Від П. залежыць ад характару дагавора, складу ўдзельнікаў пазыковай здзелкі, памеру і крыніцы выплаты працэнтаў і інш. П. бываюць: банкаўскія, дзе пазыкадаўцамі з’яўляюцца пазыковыя ўстановы (банкі), а пазычальнікамі — юрыд. і фін. асобы; дзяржаўныя (бюджэтныя), у якіх удзельнікамі пазыковай здзелкі могуць выступаць як з боку пазычальніка, так і з боку пазыкадаўцы бюджэты розных узроўняў (рэсп. і мясц. ад імя дзяржавы); камерцыйныя, у якіх суб’екты гаспадарання даюць пазыковыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці адзін аднаму; спажывецкія, дзе пазычальнікам з’яўляецца насельніцтва. Класіфікуюцца: паводле мэтавага прызначэння; спосабу выдачы пазычаных сродкаў — арганізаваныя і неарганізаваныя, прамыя і ўскосныя; паводле тэрмінаў пагашэння — тэрміновыя, кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя, адтэрмінаваныя і пратэрмінаваныя; паводле месца ажыццяўлення — унутраныя і знешнія. Суб’ектамі знешніх (міжнар. П.) выступаюць дзяржавы, банкі, міжнар. і міжрэгіянальныя валютна-крэдытныя і фін. арг-цыі, юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЕЛЯЙМО́Н (свецкае Ражноўскі Павел Стафанавіч; 21.10.1867, г. Кастрама, Расія —30.12.1950),
мітрапаліт, царк. дзеяч Беларусі. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай акадэміі. У 1897 прыняў манаства. Настаяцель Маркава манастыра ў Віцебску (1906—13), вікарны епіскап дзвінскі (1913—20), епіскап пінскі (1920—22). З-за нязгоды з царк. палітыкай польскіх улад, пазбаўлены кафедры і знаходзіўся пад наглядам у розных манастырах Польшчы. У 1939—40 патрыяршы экзарх Заходніх Беларусі і Украіны, у 1940—41 архіепіскап гродзенскі. У 1941—44 ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі. У ліп. 1944 эмігрыраваў у Германію. У 1946 разам з большасцю бел. епіскапаў, якія эмігрыравалі, перайшоў пад юрысдыкцыю Рус. праваслаўнай царквы ў замежжы. Пахаваны на могілках у прыгарадзе Мюнхена. У 1987 перапахаваны на рус.гіст. могілках каля г. Вісбадэн.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.Ф.Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес.пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.
Літ.:
Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ.М., 1984;
Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розныхч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАПЁРЫЯ (Actinopterygii, Teleostomi),
падклас касцявых рыб. Аб’ядноўвае каля 97% відаў сучасных рыб. Вядомы з верхняга сілуру — сярэдняга дэвону (каля 410—380 млн.г. назад). 5 надатр.: палеанісцыды (Palaeonisci), мнагапёры (Brachiopterygii, або Polypteri), храстковыя ганоіды (Chondrostei), касцявыя ганоіды (Holostei) і касцістыя рыбы. Паводле розных класіфікацый, 33—60 атр. (10—16 вымерлых), каля 430 сям., больш за 20 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах. Рыбы Беларусі належаць да П.
Шкілет касцявы, хорда захавалася толькі ў асетрападобных. Верхнясківічны апарат рухома сучленены з чэрапам (гіястылія або амфістылія). Луска ганоідная, цыклоідная або ктэноідная, рэдка скура голая або з касцявымі пласцінкамі Спінны плаўнік звычайна I (другасна могуць быць 2—3). Хвост гетэрацэркальны ў стараж. і гомацэркальны ў больш маладых груп. Плавальны пузыр звычайна ёсць. Спіральны клапан кішэчніка і артэрыяльны конус сэрца характэрны толькі для ганоідных і ніжэйшых касцістых рыб. Многія П. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;