Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (sę), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (sę); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йды біць ’займацца не справай, а глупствам; плявузгаць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. дыял. ба́йды бить, укр. би́ти ба́йди. Магчыма, скарачэннем на аснове ўкр. би́ти ба́йдики, рус. дыял. бить ба́йдики ’тс’ (аб гэтым Краўчук, УМШ, 1960, № 6, 60). Параўн. рус. байди́к, байтик, ба́ди́к, бадо́к, бати́к і г. д. ’палка, дубец, жардзіна’ (бить ба́йдики = рус. бить баклу́ши, да апошняга гл. Праабражэнскі, 1, 13; Фасмер, 1, 110). Слаўскі (1, 25) хоча тут бачыць bajda (ад bajati ’гаварыць’) ’пустаслоў’. Неверагодна Парасунька, НЗКіеўПІ, XXXIII, 1963, 105–109 (запазычанне з фін.-уг. моў; параўн. комі байӧг ’курапатка’; выраз азначаў лавіць курапатак’). Нас. адносіў да ба́йда ’паля’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йка 1 ’казка, басня, небыль’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк.), ’гаворка, мова’ (Хрэст. дыял., 333). Рус. ба́йка, укр. ба́йка і г. д. (гл. Шанскі, 1, Б, 12–13). Слав. bajьka, вытворнае з суфіксам ‑ьka ад *bajati ’гаварыць; вядзьмарыць’. Махэк₁, 22; Слаўскі, 1, 25. Ужо ў ст.-бел. мове: ’казка, басня, выдумка’ (Нас. гіст.), ’выдумка’ (Бярында, 5).
Ба́йка 2 ’саматканая спадніца’ (Бяльк.), спадніца, сатканая з ільну і сукна’ (ДАБМ, 934), ба́йка ’від тканіны’, рус., укр. ба́йка. Запазычанне з польск. baja, bajka ’тс’ (< гал., ням. baai, Boi < лац. badius светла-карычневы’). Гл. Фасмер, 1, 107; Шанскі, 1, Б, 12. Параўн. баёвік (баечка, баю́ўка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бакай ’рачная пратока; глыбокае месца ў рацэ; яма ў балоце’ (Інстр. лекс.). Рус. дыял. бака́й ’ручай’, укр. бака́й ’глыбокая яма ў рацэ, сажалцы; выбоіна (з вадой) на дарозе’ (ці сюды ж укр. бакаль ’возера’?). Слова няяснага паходжання. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Параўн. Фасмер, 1, 109; Юркоўскі, SOr., 13, 69. Не пераконвае прыняцце роднаснасці з гальск. beccus ’заглыбленне, упадзіна’ (так Гараеў, 9) або параўнанне (Сабалеўскі, Slavia, 5, 441) з бак. Рудніцкі (57) прапануе вывядзенне ад бак ’рэзервуар’. Наўрад ці гэта так (супраць Юркоўскі, там жа). Не пераконвае таксама версія пра запазычанне з італ. bocca ’рот, вусце, заліў і т. п.’
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жвір ’буйназярністы пясок’. Рус. дыял. жвир ’тс’ (Літва, Латвія), польск. żwir ’тс’ (і шэраг вытворных). Параўн. рус. дыял. гверста́ ’тс’, серб.-харв. звр̑ст ’тс’. Фанетыка і геаграфія бел. і польск. форм указваюць на іх літ. паходжанне: літ. žvỹras ’тс’ (Эндзелін, Darbu, 1, 103; Карскі, Труды, 395, Лаўчутэ, Сл. балт., 54; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 5, 142). Рус. гверста і серб.-харв. зврст суадносяцца з літ. як роднасныя. Фрэнкель, 1328–1329; Траўтман, 375; Фасмер, 1, 398–399; Брукнер, 668; Скок, 3, 668. Гл. яшчэ жарства. Аб пашырэнні жвір у бел.-польск. сумежжы гл. Зданцэвіч, Зб. Фальку, 347–399. Урбуціс, Baltistica, 19, 150.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ждаць ’чакаць’ (ТСБМ, Нас.). Рус. ждать ’тс’, укр. ждати ’тс’, польск. дыял. żdać ’тс’, памор. ždac ’тс’, чэш. ždáti ’тс’, славац. уст. ždať ’тс’, балг. жда ’тс’, славен. ždéti ’тс’. Ст.-слав. жьдати. З прасл. *žьdati < і.-е. *gheidh‑ (Покарны, 1, 426–427); параўн. літ. geidžiu, geĩsti ’жадаць’, лат. gàidît ’чакаць’, ст.-прус. gēidi ’чакаюць’, с.-в.-ням. gīt, ням. Geiz ’жаднасць’. Фасмер, 2, 39; Траўтман, 82; Праабражэнскі, 1, 223; Махэк₂, 725; БЕР, 562, Брукнер, 663. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 279) указвае на роднаснасць кораня ждать < *gьdati з коранем год (годить ’чакаць’). Параўн. яшчэ жадаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на ‑іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зазно́ба ’жаль’, ’прадмет жалю’ (Нас.). Рус. зазно́ба ’каханне’, ’каханая’, уст. ’жаль’, укр. зазно́бка ’шрам, апёк’ (Жэлях.), ’засмучэнне’. Відаць, бяссуфіксны аддзеяслоўны наз. ад ст.-рус. зазнобити ’выклікаць абмарожанне (> боль); які з прэфіксам за‑ ад знобити ’быць крыніцай холаду, уздзейнічаць холадам, абмарожваць, выклікаць дрыжыкі’ (параўн. рус. озноб). Адсюль ’засмучэнне, жаль’. Пра рус. пераход да ’кахання’ гл. Фасмер, 2, 74; Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120; Шанскі, 2, З, 31–32. Зубаты (Studie, 1, 2, 179) параўноўвае бел. слова з гнесці, польск. gnębić ’прыгнятаць’. Гэта параўнанне мае сэнс толькі ў плане рэканструкцыі і.-е. кораня, але не непасрэдна на слав. грунце. Гл. зні́бець, зяб.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́пан ’фартух’ (Жд. 2, Мат. Гом.), запо́н, запо́нка ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. за́по́н ’фартух’, укр. запо́на ’заслона; пакрывала; засцежка; перашкода’, польск. zapona ’засцежка, заслона’, чэш. zápona, zápon ’засцежка, заслона’, славац. zápona ’засцежка, фартух’, славен. zapòn, zapȏna ’засцежка’, серб.-харв. за́пон(а) ’засцежка; затрымка’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *zapenti (> zapęti) з чаргаваннем e/о. Za‑pę‑tі — прэфіксальнае ўтварэнне ад pęti (гл. пяць 2, апона). Варыянты націску ў рус., бел. звязаны з наяўнасцю ці адсутнасцю дзеяння закона Шахматава ў розных дыялектах. Форма запо́нка мае суфікс ‑к‑a, утворана пазней ад запона. Фасмер, 2, 78; Брукнер, 645.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)