Зы́баць ’гушкаць’. Рус. зы́бить, дыял. зы́бать ’тс’, палаб. zåibi‑sǎ ’гушкаецца’ (3 ас.), славен. zíbati ’гушкаць’ (у тым ліку ў калысцы), серб.-харв. зи́бати ’гушкаць’. Ст.-слав., ст.-рус. зыбати. Прасл. zybati, верагодна, суадносіцца з арм. cup, cupʼ ’зыб’ (Сараджава, Этимология, 1976, 64–66); да і.-е. асновы *gʼūb‑ (да якой можна ўзвесці зыбаць), магчыма, адносіцца нарв. дыял. gǒp ’бездань’. Больш надзейных і.-е. паралелей яшчэ не выяўлена. Фасмер, 2, 109; Шанскі, 2, З, 114; Куркіна, Этымалогія, 1967, 140, 143; Макіенка, Вопр. географии, № 81, 75; Скок, 3, 653, дзе іншая літ-ра. Спробы этымалогіі арм. слоў: Ачаран, 3, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зява́ць ’міжвольна ўдыхаць паветра’. Рус. зева́ть, укр. зіва́ти, польск. ziewać, н.-луж. zewaś, чэш. zivati, славац. zívať ’тс’, славен. zę̋vati ’трымаць вусны адкрытымі, крычаць’, серб.-харв. зе́вати ’трымаць вусны адкрытымі, зяваць’, ’ззяць’. Ц.-слав. зѣвнѫти. Ст.-рус. зѣвати (XVIII ст.). Ад і.-е. *gʼhēi‑ ’быць пустым’ > прасл. *zě‑ з дадаткам дзеяслоўнага ітэратыўнага суф. ‑va‑: zěvati. Пра корань гл. ззяць1. Слав. слова мае балт. адпаведнікі: літ. žióvauti, лат. žàvât ’ззяць, зяваць’ (лат. ž не тлумачаць Мюленбах-Эндзелін, 4, 798 і 795; Фрэнкель, 1312; Траўтман, 368). Фасмер, 2, 91. Шанскі (2, З, 84) тлумачыць зевать ад зев (гл. зеў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадо́й ’птушка Caprimulgus’ (БРС, ТСБМ). Нягледзячы на пашырэнне ў слав. мовах: укр. козодій, рус. козодой, польск. kozodój, чэш. kozodoj, славен. kozodòj, серб.-харв. ко̏зодој, балг. уст. козодой (лічыцца запазычаннем з рус. мовы), не з’яўляецца старажытным. Паходзіць з лац. caprimulgus ’птушка казадой’ і ’пастух, чалавек, які доіць коз’, capra ’каза’ і mulgere ’даіць’. Лац. слова адлюстроўвае старажытнае павер’е, што гэта птушка ўначы высмоктвае малако ў коз. Аб шляхах запазычання меркаваць цяжка; рус. козодой Фасмер (2, 279) лічыў або кніжнай калькай праз ням. Ziegenmelker з лац., або непасрэдна з лац. caprimulgus. Бел. слова — з рус. або польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палон ’няволя, у якую трапляе чалавек, захоплены ворагам у час вайны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш.), пало́ннік ’палонны’ (Нас., Гарэц.). Агульнаслав.: рус., укр. поло́н, ст.-рус. полонъ, ст.-слав. пленъ, польск. plon ’жніва, ураджай’, чэш. plen ’выручка, прыбытак’; ’ураджай’, славац. plen ’здабыча, грабеж’, серб.-харв. пле̑н, пли̏јен ’здабыча’, славен. plén ’здабыча, грабеж’, балг. плен ’палон’. Прасл. pelnъ. Роднасныя літ. pel̃nas ’заслуга, заработак’, pelnaũ, pelnýti ’заслужваць’, лат. pèlna ’заслуга, прыбытак’, ст.-інд. paṇas ’абяцаная узнагарода’, pánatē ’закупляе, скупляе’, грэч. πολέω ’купляю’, ст.-в.-ням. fäli (< *fēli̯a) ’прадажны’, ст.-ісл. falz ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 314; там жа і агляд літ-ры).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасна́дней ’больш выгодней, ямчэй’ (Нас.). Да ⁺снадны. Параўн. рус. снадить ’прыстасоўвацца’, ’складаць, падганяць (дошкі)’, ст.-польск. snadny ’зручны, ёмкі’, польск. snadnie ’лёгка, без намаганняў’, чэш., славац. snadny ’лёгкі’, мар. nesnadný ’бурклівы’, якія са слова snadъ: н.-луж. snaź, в.-луж., польск. snadź ’мажліва, відаць’, чэш. snad, славац. snaď ’тс’. Брукнер (504) і Фасмер (3, 696) уключаюць сюды і снасць ’начынне працы’. Пэўнай этымалогіі няма. Калі зыходзіць з асноўнага snadъ, можна дапусціць вельмі старое скарачэнне з прыслоўя snadobь (як рус. надо з надобь. Параўн. ст.-слав. оудобь ’лёгка’, ц.-слав. без‑добь ’у неадпаведны час’. Тады sna‑d‑ азначала б ’палёгка’ (Махэк₂, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патака́ць1 ’паблажліва, нястрога адносіцца да каго-н., патураць каму-н.’ (ТСБМ), пат́акнуць ’кіўнуць сцвярджальна’ (Яруш.), пата́каваць ’згаджацца’ (КЭС, лаг.), патако́ўнік ’патуральнік’ (Нас.), пата́чка ’паблажка’ (ТСБМ). Укр. пота́катися ’згаварыцца’, потака́йло, потака́ч ’той, хто паддаквае’, пота́кувати ’паддакваць’; рус. пота́ка́ть ’патураць’, потака ’прытворства, прыкідванне’, ст.-рус. потаков(ь)никъ ’уступчывы, падатлівы’, польск. potakiwać, potakać, potaknąć ’патакаць’, чэш. potakací slovo ’слова, якімі мы пацвярджаем’. Утворана ад сцвярджальнай часціцы так (такъ, тако) пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑) (Праабражэнскі, 2, 115; Фасмер, 3, 343; Варш. сл., 4, 801).

Патака́ць2 ’ткаць іншым матэрыялам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, з падтыка́ць < падаткнуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пато́ля ’спагада, спачувальныя адносіны да слабейших’, ’патуранне, воля, свабода’, ’задаволенасць, заспакоенасць’ (ТСБМ, Шат.; стаўб., Сл. бел. фраз.; лях., шчуч., Сл. ПЗБ), ’палягчэнне’, ’міласць, ласка’ (Яруш.), ’непрыемнасць, скруха’ (Сцяшк.), патолі́й ’патуранне’ (Зянк.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі па‑ ад прасл. toliti (укр. у‑толи́тися ’здаволіцца’, рус. у‑толи́ть ’тс’, ’напатоліць’, славен. tóliti ’уціхамірваць, суцішаць’, серб.-харв. у‑то̀лити ’сціхнуць’, балг. утолявам ’суцішаць’, ст.-слав. оу‑толити ’угаворваць, спакушаць, схіляць’, ’слухацца, падкарацца’), роднаснага да літ. tìlti ’змоўкнуць’, tìldyti ’прымусіць маўчаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylà ’маўчанне’, лат. tilinât ’патураць (дзіцяці)’, ст.-ірл. tuilim ’сплю’, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пацёс ’столь’ (Сцяшк., слонім., Арх. Бяльк.; маст., Сл. ПЗБ; бар., Сл. Брэс.; зэльв., свісл., Шатал.). Да па‑(< прасл. po- са значэннем ’пашырэнне выніку дзеяння’) і цёс, якое з + цясиць (замест яго ў бел. літар. мове замацаваўся дзеяслоў часаць, і ад якога засталіся цясак, цясла, цясляр і да таго пад.). Да прасл. tesati. І.‑е. адпаведнікі: літ. tašyti ’часаць (дрэва)’, ст.-інд. taksati, takšnoti, t äs t і ’ачэсвае, цяслярыць’, takęa ’цясляр’, авест. tašan‑, ст.-грэч. τέκτων ’тс’, лац. texō‑, ‑ere ’ткаць, плясці, будаваць’; ст.-в.-ням. dehsala, ірл. tat (< *tökslo‑) ’цяслярская сякера’ (Фасмер, 4, 50). Сюды ж свісл. пацёсіна ’дошка ў столі’ (Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паці́ра ’страта’ (чэрв., Сл. ПЗБ), кліч. паці́р ’страта парасят ад недагляду’ (Жыв. сл.). Утворана ад дзеяслова ⁺паціраць, параўн. в.-дзв. паціра́ць ’згубіць’ (там жа), у якім ‑і‑ узнікла ў выніку рэдукцыі ‑е‑: рус. потеря́ть, укр. теря́ти, ст.-рус. терѧти ’разбураць, спусташаць’, потерѧти ’загубіць, знішчыць’. У якасці роднасных слоў Фасмер (4, 50) прыводзіць серб.-ц.-слав. тѣряти ’праследаваць, праганяць, абвінавачваць, імкнуцца’, балг. терам ’ганю, падганяю’, славен. terati ’катаваць’, серб.-харв. тjе̏рати ’забіваць’, чэш. těr: крканошск. ’рэз ствала ўпоперак’, potěr ’малькі’, ’апалонікі’, ’крухмаленне’, а таксама potří‑ti ’перамагчы, пабіць, адольваць, знішчыць’. Да церці, тру (гл.). Сюды ж карм. паціра́нка ’згубленая рэч’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плашч ’лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Укр., рус. плащ, польск. płaszcz, н.- і в.-луж. płasć, чэш., славац. plášť, славен. plášč, серб.-харв. пла̑шт, харв. чак. plašć, макед. плашт, балг. плашт(ът), ст.-слав. плащь ’плашч’. Прасл. *plaščь не зусім яснага паходжання. Праабражэнскі (2, 70), Брукнер (420) звязваюць гэтую лексему з плат; больш імаверна суадносіць з плоскі, пла́скі (гл.) (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 277; Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 618) звязвае з прасл. *plast‑ъ > пласт (гл.), да якога далучаўся суф. *‑jь > *plastjь ’пастухоўская апанча, густа сплеценая з пасмаў воўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)