Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус. каждый, польск. każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін. kö̀u̯ždï, кашуб. každi і koeždi, палаб. kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж. každy, чэш. každý, славац. každý, серб.-харв. кніжн. každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав. къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав. когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е. *ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав. žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац. quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав. lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац. quisque, quidquequaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав. ‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав. kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав. ‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав. кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел. жа, рус. же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав. къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав. kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац. quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск. każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казлы́1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел. козлы, балг. козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.

Казлы́2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел. казёл, польск. kozieł ’кроква’, укр. гуц. кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр. усх.-палес. козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел. усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл2.

Казлы́3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.

Казлы́4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал. козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.

Казлы́5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.

*Казлы́6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.

Казлы́7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.

Казлы́8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр. гуц. кізли, польск. kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж. kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.

Казлы́9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.

Казлы́10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.

Казлы́11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).

Казлы́12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз. драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел. козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ. óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус. пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв. kozláti ’ванітаваць’ і славен. kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус. дыял. драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел. маг. дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв. kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ПАЭТЫ́ЧНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ,

вусная народная творчасць, фальклор, адзін з відаў маст. творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэт. ўзоры.

Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзіянайб. стараж. віды бел. фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў нар. земляробчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сял. сям’і. Як і ў інш. слав. народаў, багаты раздзел бел. фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы с.-г. каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыяліст. светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.

Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, гал. ч. у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»), Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыст. характар. Бел. калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкр. калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш., якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра. На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асн. матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Бел. веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі бел. фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутр. светам і пачуццямі. А.​Я.​Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў бел. песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некат. валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіц. рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэт. сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.​Р.​Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэт. календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з’яў у бел. вуснай нар. творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі бел. фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў). З першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця стараж. звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні (гл. Русальныя песні) якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найб. даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл. Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне. Самае значнае і самае стараж. свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найб. сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па расе, шукалі кветку папараці. Аграрна-магічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і стараж. анімістычным светапоглядам сведчаць і павер’і пра размову дрэў. травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы, многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі. Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліп.). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрна-магічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады» на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды стараж. анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб’екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод бел. традыц. песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэаліст. характару.

У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нац. спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных слав. народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэт. нормаў, густаў, ідэалаў. Укр. вучоны Ю.​З.​Круць даказаў, што ўкр., бел. і польскія жніўныя песні найб. збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сац.-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя на сац.-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербскахарвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічныя баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканам.. паліт. і культ. ўмовамі іх жыцця.

Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.

Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асн. змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыц. нар. лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.​Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некат. даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэаліст. элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асн. матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору інш. народаў. Тысячы нар. песень услаўляюць каханне (гл. Песні пра каханне). Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў нар. лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю маст. абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях. У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры інш. народаў, багата песень гумарыст. і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Ліра-эпічным складам і драм. напружанасцю вызначаецца бел. балада. Яна амаль заўсёды паэт. драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Бел. балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найб. вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы бел. балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт бел. балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны. Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са стараж. жанраў бел. фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.

Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэт. выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філас. асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прыродай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання маст. густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Укр. фалькларыст С.​У.​Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання бел. казкі не маюць сабе роўных. Бел. казкі пра жывёл ён называў перламі бел. казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.​Поліўка лічыў бел. казачны эпас адным з найбагацейшых у вусна-паэт. спадчыне славян, а яго найб. важнай рысай — вял. колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнар. паказальніку Аарнэ—Томпсана (АТ). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рус. і бел. фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польск. і бел. фальклору. У бел. і польск. вуснай нар. творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (АТ 102), «Леў, конь і воўк» (АТ 118), «Антаганізм сабакі і ката» (АТ 200), якіх няма ў рус. казачным эпасе. У АТ не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб’я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.​Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.​Федароўскага). Паводле падлікаў Л.​Барага, у бел. фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкр. — 187, у рус. 144. Легендарных казак у бел. фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкр. —196, рус. — 56. Спецыфічную для бел. фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з бел. паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навук. л-ры адзначалася роднасць бел. паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Бел. паданні пра асілкаў А.​Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі бел. і рус. паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фін. і зыранскімі паданнямі. Я.​Колас, які сам збіраў і апрацоўваў бел. нар. казкі, быў знаёмы з карэла-фін. «Калевалай», якую Э.​Лёнрат стварыў з карэла-фін. рунаў, эст. «Калевіпоэгам», напісаным Ф.​Крэйцвальдам паводле эст. ліра-эпічных песень, казак і паданняў, лат. «Лачплесісам», створаным А.​Пумпурам з лат. казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нац. паэт. эпасу і ў бел. л-ры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сац. і рэліг. ўціску. Пазнавальную і эстэт. каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатыр. антырэліг. казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»), Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найб. вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне нас. пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д. Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных нар. апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках. Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, маст. дасканаласцю і з’яўляюцца важным сродкам нар. педагогікі. Лепшыя ўзоры бел. фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».

Публ.:

Даль В.И. Пословицы русского народа. М., 1862;

Номис М. Українскі приказки, прислів’я і таке інше... СПб., 1864;

Бессонов П.П. Белорусские песни... М., 1871;

Носович И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874;

Романов Е.Р. Белорусский сборник Вып. 1—9. Киев и др., 1886—1912;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1—3. СПб., 1887—1902; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1—4. СПб., 1891—1903; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Т. 5—6. Warszawa, 1958—60; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1—2. Мн., 1927—28; Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76; Історичні пісні. Київ, 1961; Родинно-побутова лірика. Київ, 1964; Колядки та щедрівки. Київ, 1965; Жартівливі пісні. Київ, 1966; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобл. Мн., 1973; Песні сямі вёсак. Мн., 1973; Рекрутські та солдатські пісні. Київ, 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975; Лірычныя песні. Мн., 1976; Казки про тварин. Київ, 1976; Лірыка беларускага вяселля. Мн., 1979; Весільні пісні. Кн. 1—2. Київ, 1982; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Гомельская вобл. Мн., 1989; Легенди та перекази. Київ, 1985; Героїко-фантастичні казки. Київ, 1984; Пісні кохання. Київ, 1986; Балади: Кохання та дошлюбні взаемини. Київ, 1987; Балади: Родинно-побутови стосунки. Київ, 1988; Афанасьев А.Н. Народные русские сказки. Т. 1—3. М., 1985—86; Яго ж. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобл. Мн., 1995; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу Т. 1—3. М., 1865—69;

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Гродно, 1895;

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. СПб., 1897;

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч 1—2. СПб., 1903—05;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Яго ж. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976;

Яго ж. Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян. Мн., 1978;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні. Мн., 1981;

Яго ж. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. Мн., 1998;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак;

Сістэм. паказ. Мн., 1978;

Яго ж. «Асілкі» белорусских сказок и преданий: (к вопросу о формировании восточнослав. эпоса) // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Яго ж. Трапным народным словам. Мн., 1971;

Яго ж. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Яго ж. Русская сказка. Л., 1984;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я го ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Яго ж. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. № 1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. № 2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Яе ж. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Яе ж. Магічнае слова. Мн., 1990;

Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;

Салавей Л.М. Беларуская народпая балада. Мн., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Василевич В.А. Восточнославянская юмористическая песня. М., 1979;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнослав. сказка. Л., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання. Мн., 1989;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993;

Восточнославянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Bolte J., Polivka G. Anmerkungen zu den Kinder und Hausmarchen der Brüder Grimm. T. 1—5. Leipzig, 1913—32;

Polívka J. Slovanské pohádky. T. 1. Praha, 1932;

Krzyżanowski J. Polska bajka ludowa w układzie systematycznym. T. 1—2. 2 wyd. Wrocław etc., 1962—63;

Horálek K. Slovanské pohadký. Praha, 1964;

Thompson St. The Folktale. New York, 1946;

Lüthi M. Das europäische Volksmärchen. München, 1974.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Како́ра1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора2 (гл.).

Како́ра2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокара ’галіна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекор ’галіна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корь ’корань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан. ’група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какоры ’хлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoi ’хлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокора ’корань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора2 і какора3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора4паўд., а какора3паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёл1 ’жывёла, самец казы’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; КЭС, лаг.; Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Юрч., Янк. Мат., Янк. 3.). Укр. козел, рус. козёл, польск. kozioł, в.-луж. kozoł, н.-луж. kózoł, чэш. kozel, славац. kozol, славен. kózel, серб.-харв. kozao (чак. і інш.), kozel (кайк.), балг. козел, ст.-слав. козьлъ, козелъ. Прасл. kozьlъ < koza, аб структуры ўтварэння гл. Шульцэ, Зб. Ягічу, 343–347. Прасл. інавацыя; БЕР (2, 525) спрабуе прапанаваць і.-е. рэканструкцыю: *(s)kəĝ‑ilo‑s літаральна ’скакун’.

Казёл2 ’козлы для распілоўкі дроў’ (Бяльк., Выг. дыс., Касп., лаг. КЭС; Мат. Гом., Юрч.). Рус. (пск., калін., цвяр. і інш.) козёл ’тс’, н.-луж. kózol ’тс’. Статус слова няясны; яно можа быць самастойным утварэннем тыпу рус. козёл і інш. у значэнні розных падпорак, асабліва рагатых, а можа, улічваючы натуральнасць формы мн. ліку для назвы гэтай рэаліі, быць другасным. Ва ўсякім разе меркаваць, што бел., рус. і н.-луж. назвы захоўваюць або першасную, або старую паралельную назву для гэтай рэаліі, няма падстаў. Можна думаць, што тут не абышлося без уплыву іншых тэрмінаў у адз. ліку, як аманімічных да разглядаемага слова, так і семантычна падобных (кабылка і інш.). Гл. козлы, дзе этымалогія і паралелі.

Казёл3 ’умацаванне саламянай страхі’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да казёл1, перанос назвы паводле падабенства рэаліі да рагоў жывёлы, такая ж матывацыя ў шматлікіх іншых назвах розных рогападобных прыстасаванняў, дэталей і інш., параўн. наступныя словы і семантыку дэрыватаў ад каза.

Казёл4 ’умацаваныя на бэльцы козлы, на якія абапіраецца верхняя частка даху’ (Юрч.). Як не зусім дакладныя адпаведнікі, можна прывесці польск. kozieł ’кроква, частка канструкцыі даху’ (ст.-польск. з XV ст. и дыял. паўн.-зах.), н.-луж. kózol ’тс’. Матывацыя, як і ў папярэднім выпадку, паводле падабенства.

Казёл5 ’гімнастычны снарад’ (ТСБМ). Да казёл), матывацыя зразумелая (перанос па знешняму падабенству: канструкцыя на ножках параўноўваецца з формай жывёлы); паралелі ў іншых мовах і статус слова як тэрміна прымушаюць меркаваць аб запазычанні з рус. козел ’тс’.

Казёл6 ’частка збудавання пры студні: разгалістае бервяно, на якім прымацоўваецца вочап’ (Янк. 3.). Да казёл1, перанос назвы па зааморфнай прыкмеце рэаліі (наяўнасць расохі), якая параўноўваецца з рагамі жывёлы. Не выключае, што тут субстытуцыя каза3 (гл.).

Казёл7 ’сажань, прылада для вымярэння плошчы’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Да казёл1, гэта слова паралельнае каза8 або замяшчэнне назвы, як больш прымальнае або ўтворанае ў канкрэтным выпадку (у сістэме тэрміналогіі гаворкі).

Казёл8 ’мера даўжыні (2,5 м)’ (Мат. Гом.). Можна разглядаць як утварэнне на базе папярэдняга слова (прыстасаванне для вымярэння — мера); што ж датычыцца канкрэтнай лічбы, тут або адлюстраванне старых варыянтаў мер даўжыні (параўн. у Семянтоўскага, О мерах и весах, употребляемых в Витебской губернии. Витебск, 1874, стар. 12), або мясцовыя традыцыі. Магчыма, гэта некалькі павялічаны касы сажань.

Казёл9 ’мера дроў (2,5 м³)’ (Мат. Гом.). Відавочна, да папярэдняга слова: укладка на кубічнага «казла» → «казёл» як новая мера. Не выключана, што суадносіны гэтых лексем больш складаныя. Калі прыняць, што назва казачок, казёл утвараецца ад назвы спецыфічнай укладкі дроў пэўнага аб’ёму, можна думаць, што яе рэальная даўжыня магла лічыцца і асобнай мерай. Такім чынам, з’яўленне слова казёл ’мера даўжыні’ абавязана тэрміналагізацыі назвы спецыяльнай укладкі дроў як меры аб’ёму. Калі ж лічыць, што гэта малаверагодны (паводле складанасці пераносаў) варыянт тлумачэння, вельмі цяжка высветліць суадносіны слоў казачок і казёл. Магчыма, гэта незалежныя ўтварэнні і, прымаючы для слова казёл першы варыянт этымалогіі, можна экстрапаліраваць і на слова казачок. Тут неабходна дапусціць існаванне значэння ’прылада для вымярэння даўжыні’. Паколькі казачок у іншых значэннях як метафара ад казак < каза зафіксавана ў бел. і ў інш. слав. мовах, а рэалія носіць назвы-дэрываты ад каза1, казёл1, такое дапушчэнне цалкам верагоднае. Назва меры даўжыні таксама натуральная з’ява, як і магчымае наступнае ўтварэнне паняцця кубічнай меры. Прымаючы казачок ’лінейная мера, кубічная мера’ адэкватным сажню (параўн. каза ’сажань’), атрымліваем казачок ’мера дроў, якая раўняецца сажню’. Гатовыя для ўжывання дровы маглі вымярацца кубічнай і лінейнай мерай, а таксама адным, двума і г. д. радамі паленняў. Звычайным можна лічыць варыянт сажань дроў ’сажань з адным радам дроў’ і адпаведна казак дроў. Прымаючы пад увагу рус. пятерик дров ’пяціпаленны сажань’ і прыведзеныя Далем даныя па даўжыні палена — 10–12 вяршкоў, можна меркаваць, што пяціпаленны сажань — гэта кубічны сажань пры мінімальнай даўжыні палена, а пры іншым падліку (сажань — 3 аршыны, аршын — чатыры чвэрці па чатыры вяршкі, усяго 48 вяршкоў), пры даўжыні палена 12 вяршкоў, атрымліваем 1/4 сажня. Гэта можна прыняць, аднак рэальна ў нас казачок не 1/4, а 1/8 сажня. Можна прапанаваць наступную версію тлумачэння, каб суаднесці гэтыя лічбы. Казачок ’мера дроў’ звычайна яшчэ і ’столькі дроў, колькі змяшчаецца на невялікім возе’. Казачок ’1/4 сажня дроў’ і казачок ’два вазы дроў, адзначанае ў слоўніку мінска-маладзечанскіх гаворак, суадносяцца як роўныя велічыні. Гэта дазваляе меркаваць, што казачок ’адзін воз дроў’ і адпаведна ’1/8 сажня’ — другасныя ўтварэнні, вынік натуральнага развіцця значэння і ўзнікнення зручнай дробнай меры аб’ёму з наступнай спецыялізацыяй значэння ’аб’ём невялікага воза’. Аднак рус. болх., арл. казак значыць не 1/8, а 1/16 кубічнага сажня дроў, што матэматычна добра ўзгадняецца з папярэдняй лічбай як яшчэ больш дробная велічыня (1:2), але дрэнна тлумачыцца лінгвістычна, нават калі прымаць гэта слова як пранікненне з бел. гаворак (з формы казак) у якасці тэрміна. Апрача гэтага, пярэчыць нашым меркаванням і рус. дыял. (арханг.) козлец ’маленькі воз сена’, якое паказвае, што гэта праблема не толькі бел. мовы: тлумачэнне павінна ўлічваць і такі факт, прапаноўваючы або тыпалагічна верагодную мадэль утварэння, або такі варыянт, які ўключае рус. лексему як роднасную. Па такіх крытэрыях прапануемая этымалогія не вельмі надзейная і перавага за ранейшымі версіямі. Гл. казачок.

Казёл10 ’род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’бабка ячменных снапоў без шапкі’ (полац., Нар. лекс.). Гэтыя фіксацыі нельга аддзяліць ад рус. слаўк., пск. козёл ’укладка снапоў’ (пра лён), калін. ’вялікая ўкладка аўса’, валд., наўг. ’асаблівая ўкладка жытніх снапоў у дажджлівы час’. Безумоўна, да казёл1, аднак матывацыя не зводзіцца да адзінай, што, магчыма, указвае на розныя па ўтварэнню словы. Так, можна разглядаць асобна казёл ’укладка лёну’ — гэта ўтварэнне па тыпу казёл, козлы ў дачыненні да прадметаў, пастаўленых у піраміду (козлы) вертыкальна з нахілам. Казёл ’спецыяльная ўкладка снапоў’ суадносіцца хутчэй за ўсё з тэрмінамі казёл, козлы, ставіць казлом, якія абазначаюць або Т‑падобныя канструкцыі, або спецыяльную ўкладку торфу, цэглы для больш хуткай прасушкі; такія словы суадносяцца з лексемай казёл1 непасрэдна або — гэта вынік ужывання як уласнага тэрміна з адпаведным значэннем. Звяртае на сябе ўвагу дублетнасць ужывання бабка і казёл, гл. вышэй у дэфініцыях, параўн. таксама рус. дыял. (1965) козлуха ’укладка снапоў ільну; сноп ільну’ і прыклад: «Козлуха — снопы составляешь бабочкой, а что бабочка, что козлуха — все одно, так называют снопик льна» (СРНГ, 14, 69). Цяжка меркаваць, ці магла тут мець месца субстытуцыя тэрмінаў бабка і казёл, як у іншых выпадках, разгледжаных вышэй, ці гэта паралельнае ўжыванне тыпалагічна эквівалентных канструкцый (у змешаных гаворках). Тое ж і для разглядаемага слова: такі варыянт магчымы, але неабавязковы, як і ў выпадку баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза, казёл ’тс’.

Казёл11 ’упарты чалавек’ (Янк. 3.). Пераноснае ўжыванне казёл1. Метафара празрыстая; тое ж відаць, як тыпалагічная універсалій, у іншых мовах: рус. козел, польск. kozioł ’тс’, літ. oži statyti ’ўпарціцца, капрызіць’ і да т. п.

Казёл12 ’конік, Locusta viridissima і інш.’ (Грыг., Касп., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), ’травяны конік як нажыўка’ (полац., З нар. сл.). Відавочна, паўн. і паўн.-зах. рэгіянальнае ўтварэнне. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма, аднак падобныя ўтварэнні ад каза, казёл і іх дэрыватаў вядомы дастаткова шырока, таму няма падставы меркаваць аб іншамоўным уплыве, параўноўваючы з літ. ožiùkas ’конік’, ožỹs ’жужаль’. Матывацыя пераносу: параўнанне характэрных асаблівасцей насякомых і жывёлы (перамяшчэнне скокамі), магчыма, на ўзроўні складанага вобраза, калі ўплываюць і іншыя зааморфныя прыкметы. Нельга не ўлічваць уплыву моцнага «тэрміналагічнага» фону дэрыватаў ад каза, казёл, конь, кабыла і да т. п., дзе магчымыя як субстытуцыі, так і генералізацыя асобінах форм і значэнняў, не выключаны калькі, аказіянальныя ўжыванні розных тэрмінаў і многія інш. працэсы.

Казёл13 ’паласа, участак, адмераны драўляным брыгадзірскім цыркулем або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Відаць, перанос ад казёл ’сажань, прылада для вымярэння даўжыні, плошчы’; параўн. сінонімы ў той жа гаворцы: казулька, казюлька, палка ’паласа, участак’. Натуральнасць пераносу не дазваляе меркаваць аб сувязі з каза ’паласа і інш.’, хоць фармальна і семантычна гэта і магчыма.

Казёл14 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (рас., Шатал.). Хутчэй за ўсё непасрэдна да казёл1: устаноўленая з наклонам дошчачка на падстаўцы нагадвае або сабаку (і гэты вобраз рэалізуецца ў рус. собачка), або казу, казла, паколькі ёсць два выступы, утвораныя выемкай. Метафара знаходзіць аналогію ў шматлікіх утварэннях; аднак для канкрэтнага выпадку не выключана, што вобраз мог быць складаным: тут праглядваюцца тыповыя для іншых утварэнняў ад казёл, сабака магчымыя значэнні ’ўпірацца; трымаць’ і наогул уплыў самой сістэмы тэрмінаў, утвораных ад заонімаў. Параўн. каза11 (гл.).

Казёл15 ’тоўстая галіна на дрэве — лапа, сук’ (Янк. 3.). Сувязь з казёл1 фармальна бясспрэчная, матывацыя, аднак, не зусім ясная. Магчыма, вельмі простае ўтварэнне — разгалінаваны сук — сук; для расохі, рагулі назва казёл натуральная. Іншы варыянт тлумачэння — казёл як назва розных прыстасаванняў для сушкі гароху і інш., звычайна невялікае дрэўца з сукамі або кол, жэрдка з перакладзінамі. Зразумела, што галоўная адзнака прыстасавання — сукі, таму перанос назвы на адзін сук мог быць натуральным. Гэтыя варыянты не тлумачаць значэння ’тоўстая галіна — лапа’ і можна думаць, што справа не толькі ў знешнім падабенстве. Таксама не выключана, што тут выпадак субстытуцыі назвай казёл іншага тэрміна; такая з’ява была адзначана намі для каза і баба, бабка каза, казёл і кабылка, конь і інш., што дазваляе меркаваць аб магчымым кабыла, конь або інш. у значэнні ’тоўстая галіна’, для якіх такое значэнне з’яўляецца натуральным; характарызуецца вялікі, часта звышнатуральны памер прадмета. Калі гаварыць аб канкрэтнай рэаліі, можна прывесці славен. bìk, kònj ’неабрэзаная галіна вінаграднай лазы, галіна вінаграднай лазы’, аднак прымаць гэты прыклад неабходна вельмі асцярожна, разглядаючы рэвам з іншымі назвамі (напр. locenj), якія сведчаць і аб іншай семантыцы. Тое ж датычыцца і чэш. (мар.) kȯň ’вялікая галіна лісцевага дрэва’, не выключана, што тут ад’ідэацыя да ku̇ň, якое суадносіцца з чэш. дыял. konár ’моцная ветка’, славац. konár, польск. konar, укр. (зах.?) конар, гл. Махэк₂, 272, дзе іншыя вытворныя формы і спроба этымалогіі.

Казёл16 ’палавіна веніка’ (Бяльк.), ’вязка лісцяў’ (Мат. Гом.). Да магчымасці супастаўлення дэфініцый параўн. прыклад: «Насабірай лісцяў падарожнікаў і сдзелай с іх казла і падвесь у сенцах» (Мат. Гом., 4, 193). Усх. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., асташ., цвяр. козел і казёл ’пара венікаў, звязаных разам’. Сувязь з казёл1 (фармальная) відавочная, матывацыю вытлумачыць не проста. Па сутнасці, нявызначанасць дэфініцыі для рус. слоў дазваляе меркаваць, што венікі маглі быць злучаны крыж-накрыж; суаднесенасць назвы казёл для гэтай рэаліі і казёл1 цалкам празрыстая. Аднак казёл ’пара венікаў’ — утварэнне другаснае, а сама рэалія суадносіцца з бел., параўн. у Бялькевіча, 217: «Адзін ужо ё казёл на венік, а другей нада зьдзелыць». Пара венікаў, такім чынам, два «казлы». Матывацыя назвы казёл ’вязка’ незразумелая, калі толькі не шукаць магчымых зааморфных прыкмет гэтай або папярэдняй рэаліі; ва ўсякім разе дзве злучаныя палавіны веніка можна ўявіць як варыянт расохі, рагулі, раздваення. У такім выпадку казёл ’вязка’ неабходна разумець як другасную назву (ад казёл ’венік’, якое казёл ’венік з дзвюх палавін’).

Казёл17 ’подсціл (на чарэнь пры выпяканні хлеба)’: «Каб ад залы не быў чорны хлеб, кладзём казёл з дубовых лістоў» (Мат. Гом., 193). Няясна; фармальная сувязь з казёл1 відавочная, матывацыя зацямнёная. Магчыма, ад казёл15 ’вязка лісіцяй’ — ’лісце як подсціл’. Менш верагодна меркаваць аб метафарычным ужыванні слова казёл ’падпора, падстаўка і пад.’.

Казёл18 ’засохлая слізь, якая тарчыць з ноздры, і ўсякі бруд у носе’ (Нас.). Дакладных адпаведнікаў быццам бы няма, аднак вытворныя, галоўным чынам, ад дэрыватаў асновы коз‑: рус. пецярб. козява, асташ., цвяр. козура, рус. козявка ’тс’. Бел. слова можна разглядаць як вытворнае на базе рус. падобных слоў, першапачатковае значэнне ’ўсякія камары, машкара’, ’усякая брыдота’ з канкрэтызацыяй значэння ’засохлыя соплі’; усё ж аднаўленне формы казёл, каза не зусім зразумелае. Да семантыкі параўн. яшчэ рус. дыял. козявка ’вусень’, вышневал., наўг. козура ’засохлая скурка невялікай жывёлы’, варонеж. ’пра неахайную жанчыну’. Параўн. таксама прыведзенае Далем без геаграфіі козулька ’нешта змятае ў пальцах у выглядзе чарвяка’. Магчыма, аднак, казёл, казёл18, казёл1; у аснове пераносу магло ляжаць уяўленне аб выдзяленнях з носа як дрэннай, магчыма, шкоднай з’яве, калі ўсё непажаданае, шкоднае чалавеку суадносіцца з жывёльным светам. Такая матывацыя праглядваецца ў розных дэрыватах ад каза, бык, асабліва воўк і інш.

Казёл19 ’грыб масляк’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Дэмб., Жд. 3, Жыв. сл., Нар. словатв., Нас.; в.-дзвін., Шатал.; Юрч.; бялын., Янк. Мат.), ’перцавы грыб’ (Нар. словатв.), ’пеўнік стракаты’ (мазыр., Жыв. сл.). У Дэмбавецкага значэнні: ’Boletus luteus’, ’B. flavus’, ’B. annulatus’. Магчымы варыянт — паралельнае ўжыванне тэрмінаў, утвораных розным спосабам, па розных метафарах, хоць, магчыма, і не без узаемаўплыву. З такога пункту гледжання можна разгледзець літоўскі прыклад. Слова ўтворана на базе зааморфнай прыкметы грыба, але потым матывацыя не ўспрымаецца, семантыка абумоўліваецца іншымі прыкметамі грыба.

Казёл20 ’расліна казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.). Да казёл1, калі гэта самастойнае ўтварэнне, або адваротнае ад казелец, больш частага і звычайнага ў назвах раслін. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Аб матывацыі гл. казелец.

Казёл21 ’легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. козел ’тс’, якое або да казёл1, або, магчыма, калькуе невядомую нам назву. Ва ўсякім разе, калі прыняць першую версію, цяжка з пэўнасцю вытлумачыць метафару.

Казёл22 ’род гульні ў карты, даміно’ (ТСБМ). Выклікае сумненне правільнасць дэфініцыі; прыклад ілюструе толькі другую яе частку (гульню ў даміно). Відавочна таксама, што слова хутчэй за ўсё сустракаецца толькі ў выразе стукаць казла, што, відаць, калькуе рус. забивать козла. Апошняе можа ўзыходзіць да назвы гульні казёл, якое ў сваю чаргу да казёл ’той, хто праіграў, апошні’. Не выключана, што гульня ў даміно нейкім чынам (у тэрміналогіі) атрымлівае ў спадчыну традыцыйныя паняцці народных гульняў: рус. гаворкі ведаюць такія, напрыклад, лексемы, як козел ’костка пры гульні ў бабкі; бабка — свінчатка’, козёл‑мозёл ’ямка, дзе стаіць гулец у клюшкі’. Лексема ў гульнях козёл у такім выпадку магла суадносіцца з назвай хатняй жывёлы паводле розных матывацый. Рус. мова і гаворкі ведалі і козла ’гульню ў карты’, цяжка, аднак, меркаваць, як гістарычна адносіцца назва гульні ў карты і ў даміно казёл: у рус. мове лінгвістычная інфармацыя аб гульні ў карты была вядома ў XVI ст., даміно — у канцы XVIII, калі з’явілася назва казёл у гэтых гульнях, нам невядома.

Казёл23 ’метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.’ (ТСБМ). Запазычанне са спец. рус. тэрміналогіі: параўн. у Даля з паметай горн. посадить козла ’астудзіць недаглядам вагранку, недаплавіўшы чыгуну; тады ламаюць печ’. Параўн. таксама н.-тагіл., свярдл. козлик ’кусок металу, які не расплавіўся ў мартэнаўскай печы’. Матывацыя рус. слова (калі гэта не калька з вядомага нам еўрапейскага тэрміна ў параўнальна позні час) у адносінах да казёл ’назва жывёлы’ не зусім зразумелая. Тут можна меркаваць і аб метафары на базе вядомага, хоць і не вельмі пашыранага ўяўлення аб пажаданым чалавечым і непажаданым, шкодным — жывёльным; дэрываты ад каза, казёл у славянскім свеце значна ўступаюць у частотнасці вытворным ад воўк, сабака і да т. п. Можна меркаваць і аб літ. упарты, як казёл, і, нарэшце, аб магчымасці суаднесці козлик ’кусок металу’ і рус. наўг. козёл ’у ганчароў — куча нарыхтаванай гліны’. Апошняе можа быць і па знешняму падабенству, незалежна або і ў межах семантыкі ўтвораных ад заонімаў тэрмінаў, якія называюць розныя правільнай формы ўкладкі, кучы і т. п. Калі ж разглядаць казёл, козел, козлик як магчымую метафару па форме, можна думаць, што гэта цалкам магчыма: рэалія магла характарызавацца такімі назвамі на прычыне наяўнасці вострых выступаў, наплываў (рагоў, рожай). Што ж датычыцца значэння ’метал, шлак, які прыкарэў да сценак печы, каўша’, то гэта вельмі нагадвае магчымы вобраз пры ўтварэнні назвы казёл ’засохлая слізь у носе і да т. п.’

Казёл24, у казла. Назва гульні дзяўчынак у «галанцы» (гродз., Нар. словатв.). Апісанне гульні наступнае: «Выбіраюць пяць гладкіх аднолькавых каменьчыкаў, кладуць іх на зямлю або на разасланую вопратку. Пачынае гуляць адна дзяўчынка: бярэ каменьчык (галанец), падкідае яго ўгору і ў гэты момант бярэ з зямлі наступны, стараючыся злавіць падкінуты. Пасля падкідае адзін каменьчык і бярэ з зямлі два, затым бярэ па тры і чатыры. Калі не зловіць, гуляць пачынае наступная дзяўчынка» (стар. 266). Аўтары слоўніка змяшчаюць слова ў рубрыку «Назвы гульняў з няяснай матывацыяй». Фармальная сувязь з казёл1 празрыстая, што ж датычыцца матывацыі, можна пагадзіцца з тым, што яна няясная. Здаецца, бел. слова нельга лічыць матываваным, калі толькі не меркаваць, што каменьчык у гульні мог насіць назву казёл. Лінгвістычна (гуляць у казала, а не ў казлоў) гэта не выглядае надзейна. Больш верагоднай здаецца версія, па якой бел. гульня суадносіцца з такімі гульнямі, дзе назва казёл належыць пэўнаму ўдзельніку гульні, напрыклад, бел. тураў. казёл ’той, хто падкідае мячык пры гульні ў лапту’, рус. дыял. (бран., арл.) козёл ’гулец у лапту’ і, магчыма, козёл ’той, хто застаецца «казлом» у азартных гульнях’. Першае, што менш верагодна, можна разглядаць як утворанае ад казёл1 (адпаведна козел) па «функцыянальнаму» падабенству: ’які скача як казёл’, параўн. рус. дыял. козёл ’пра бойкага жывога чалавека’, козлом прыгать, в козлы (козлом) играть (взыграть) ’хутка пабегчы’, або як адэкватнае маркіраванаму казёл у азартных гульнях, матывацыя апошняга няясная, магчыма, вынік адмоўнай дыфузнай семантыкі ўтваральнага слова, магчыма, рэлікт — спадчына тых гульняў, дзе казёл, па сутнасці, быў тэрмінам-заонімам. У такім выпадку казёл — галоўны ўдзельнік гульні зааморфнага характару, у наступным — галоўны ўдзельнік гульні наогул; адмоўнаясемантыка магла завіцца значна пазней (казёл — той, хто прайграе). Бел. слова можна тлумачыць па апошняму меркаванню (казёл ’галоўны ўдзельнік’ або казёл ’хто не злавіў каменьчык’). Звяртае на сябе ўвагу, што гульня ў раскладзеныя на зямлі каменьчыкі магла патрабаваць або спецыяльнай позы гульца, або яго рэзкіх рухаў. Параўн. рус. пск. козлиться ’нагінацца, каб падняць што-н.’ і таксама пск. козлом (стаяць) ’на карачках’. Параўн. да гэтага бел. тураў. козёл *дзіцячая гульня’: адзін стаіць, сагнуўшыся, а на яго ўскокваюць па чарзе ўдзельнікі і стараюцца ўтрымацца’ — тут сувязь з казёл1 і, апрача таго, зразумела, як з’яўляецца семантыка адмоўнасці (быць казлом, казёл — той, якому больш за іншых дастаецца). Меркаваць аб храналогіі ўтварэння цяжка, паколькі мы не маем дакладных адпаведнікаў да бел. слова, аднак аб яго магчымым старым паходжанні можа сведчыць серб.-харв. дыял. kozàrati se — так гавораць дакорліва дзецям, якія ўвесь час кідаюць і падкідваюць каменьчыкі; аўтары RJA (5, 416) мяркуюць, што гэта, магчыма, ад kòzar ’пастух коз’ і азначае ’гуляць як kozari’. Да апошняга параўн. бел. гродз. гуляць у каменьчыкі — тое, што і ў казла: «Як пасвілі каровы, то ў каменьчыкі гулялі» (Нар. словатв., 261). Што бел. слова можна разглядаць як старую бел. інавацыю, сведчыць рус. пск., асташ., цвяр. козули ’гульня ў каменьчыкі, пры якой іх кладуць у жалабок паміж самкнутымі пальцамі рук і, падкідваючы, ловяць’. Гэта паралель між іншым падтрымлівае версію, па якой назва казёл магла адносіцца да каменьчыкаў.

Казёл25 ’захворванне бульбы’ (Юрч.). Паколькі дакладна інфармацыі аб рэаліі ў слоўніку няма, па прыкладу («Сёліта ўся бульба ў кызлах», 106) відаць нейкае пашкоджанне скуры бульбы. Дакладныя адпаведнікі (у форме мн. ліку) бел. шчуч. казлы ’пашкоджаныя вочкі бульбы’ (Сл. паўн.-зах.), відаць, другаснае ’вочкі на бульбіне’ (Жд. 1); з іншых паралеляў параўн. тураў. козаты ’паточаны, шашалеваты’: козатые картоплі, магчыма, рус. горыц., калін. козлястый ’няроўны, з паглыбленнямі (пра бульбу)’. Рус. лексема хутчэй за ўсё толькі няпэўная семантычная паралель. Усх.-палес. козляк ’парастак на бульбе’ можна інтэрпрэтаваць як аналагічнае каза або як паралельнае да разглядаемага слова. Фармальная сувязь з казёл1 бясспрэчная; матывацыя па тыпу чалавечы — нечалавечы, жывёльны; станоўчы, карысны — адмоўны, шкодны; аднак неабходна адзначыць, што ў слав. мовах звычайна па такой матывацыі ўтвораны розныя дэрываты ад воўк, сабака і да т. п. Што датычыць прыкладаў, можна прывесці серб.-харв. kȍze ’воспіны’, kòzice, kozjače, kozȉci ’тс’, kozica ’воспіна, рабацінка’. Улічваючы звычайнасць дублетаў каза/казёл у тэрміналогіі і натуральны характар субстытуцыі такіх утварэнняў з наступнай генералізацыяй таго або іншага дэрывата, можна меркаваць, што вялікай розніцы паміж бел. і серб.-харв. утварэннямі няма, аб чым сведчыць і тураў. форма козаваты. На жаль, позні характар рэаліі (бульбы) не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім характары бел. назвы. Безумоўна, можна дапусціць, што тут выпадак позняй спецыялізацыі старой назвы, аднак, нават і пры такім дапушчэнні рэгулярны характар утварэння наогул не дае магчымасці сцвярджаць архаічнасць лексемы. Натуральнасць такой назвы (як дэрыват ад каза1, казёл1) можна пацвердзіць і наяўнасцю назвы для ’воспіна, рабацінка’, утворанай ад асновы bab‑; параўн. рус. наўг., пск. бабушка ў такім значэнні. Як было паказана намі, у радзе выпадкаў дэрываты ад baba і koza выступаюць як субстытуты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)