ЖАНР [франц. genre ад лац. genus (generis) род, від],
у большасці відаў мастацтва ўнутранае падраздзяленне, якое склалася гістарычна; тып устойлівай структуры маст. твора, спосаб яго змястоўнай і кампазіцыйнай арганізацыі. Жанравая дыферэнцыяцыя залежыць ад спецыфікі відаў мастацтва. Асновай развіцця Ж. з’яўляецца складаны характар рэчаіснасці, патрэбнасць у адэкватным вобразным адлюстраванні пэўных тыпаў жыццёвых сувязей і адносін. Паэтыка кожнага Ж. заключаецца ў выбары маст. формул, спецыфіка якіх складае жанравы стыль. Ж. семантычна і марфалагічна арганізуе ўсе элементы вобразнай структуры, ён нараджаецца патрэбамі зместу і ў сваю чаргу ўплывае на знешнюю форму з дапамогай характэрных толькі для яго сродкаў выразнасці. Наяўнасць адносна ўстойлівых фармальных прыкмет, спецыфічнай мовы дазваляе аднесці Ж. да катэгорыі маст. формы, якая, аднак, не мае самастойнага эстэт. сэнсу і не з’яўляецца назаўжды зададзенай і завершанай. Усе структурныя элементы Ж. выступаюць носьбітамі актыўнай пазіцыі аўтара і абумоўлены яго светапоглядам, творчай манерай, метадам і інш. Незалежна ад уласцівых кожнаму віду мастацтва спецыфічных прынцыпаў падзелу на Ж. існуюць і агульныя канцэпцыі жанравай дыферэнцыяцыі: паводле прадмета характару адлюстравання, інфармацыйнай і пазнавальнай ёмістасці, спосабу пабудовы маст. вобраза і інш.
Тэрмін «Ж.» і жанравая класіфікацыя ўзніклі ў франц. эстэтыцы класіцызму ў 17—18 ст., але з 19 ст. страцілі строгія межы падзелаў і гал. ролю ў іерархічнай сістэме мастацтваў; нягледзячы на відавочную гістарычнасць паняцця Ж., у практыцы мастацтвазнаўства яго ўжываюць да ўсіх перыядаў гісторыі сусв. мастацтва, што тлумачыцца зручнасцю падзелу твораў паводле тэматыкі адлюстравання. У пластычных відах мастацтваў, дзе немагчыма вылучыць прадмет выявы (архітэктура, дэкар.-прыкладное мастацтва і інш.), жанравая класіфікацыя не прынята.
У выяўленчым мастацтве асн. прыкметы Ж. найперш вызначаюцца паводле прадмета выявы (пейзаж, партрэт, бытавы жанр, гістарычны жанр, батальны жанр, нацюрморт і інш.). Наступная больш дробная жанравая дыферэнцыяцыя абумоўлена зліццём у маст. творчасці пазнавальных, вобразна-мастацкіх, ідэйна-ацэначных элементаў і наяўнасцю ў кожнага твора вызначанага функцыян. прызначэння. Так, у залежнасці ад ідэйна-ацэначнай пазіцыі мастака партрэт можа быць у форме шаржу ці карыкатуры, а ў залежнасці ад прызначэння — парадным, камерным, інтымным і інш. Новыя «паджанры» ўзнікаюць і пры падзеле на больш дробныя з’явы прадметаў выявы (марына — асобны від пейзажа, «галантны жанр» — адзін з відаў бытавога Ж. і інш.). Развіццё і эвалюцыя Ж. ў выяўл. мастацтве Беларусі абумоўлены асаблівасцямі яе гіст. развіцця (гл. ў арт. Жывапіс, Графіка, Скульптура і пра адпаведныя Ж.). У жывапісе 16—18 ст. пераважаў Ж. параднага (т. зв. сармацкага) партрэта (партрэт Крыштофа Весялоўскага, 1636, і інш.). Пейзажны Ж. у графіцы ўзнік у пач. 16 ст. (гравюра «Руф у полі», 1517—19, з Бібліі Ф.Скарыны), у жывапісе склаўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. («Зарослая сажалка» А.Гараўскага, 1857). З 19 ст. назіраецца спалучэнне Ж. («Партрэт жонкі з нацюрмортам» І.Хруцкага, да 1836), у 20 ст. — іх сінтэз (трыпціх «Незабыўнае» К.Касмачова, «Партызанская мадонна» М.Савіцкага, «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» А.Марачкіна і інш.).
У літаратуры пад Ж. разумеюць устойлівыя разнавіднасці твораў, што склаліся ў працэсе яе гіст. развіцця. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце від літаратурны. У аснове кожнага Ж. ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў. Кожны з трох асн. родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае Ж. Напр., да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма. Эпічныя Ж. адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу. Існуюць таксама «змешаныя» Ж., у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напр., ліраэпічныя Ж. (паэма, балада). Многія Ж. маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драм. элемент, у драме — эпічны і г.д.). Пры характарыстыцы маст. твораў вызначэнне Ж. можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «Ж.» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, Ж. рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш. Жанравая сістэма бел. л-ры такая, як і ў інш. еўрап. л-рах. Аднак некаторыя Ж., выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напр., гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).
У музыцы паняцце Ж. абагульняе розныя бакі муз. твора і ўключае: жыццёвае прызначэнне і функцыю бытавання (адрозніваюць прыкладную музыку, што выконвае дапаможную функцыю, і прапанаваную, якая патрабуе адасаблення выканаўцы ад слухача і спец. ўстаноўку на эстэт. ўспрыняцце); спосаб і ўмовы выканання і ўспрыняцця (музыка выконваецца пэўным складам выканаўцаў, па фіксаваным тэксце або па-за ім, у канцэртнай зале, оперным т-ры, у хатніх умовах, на дыскатэцы і інш.); тыпізаваную змястоўную сферу; пэўныя стылістычныя адзнакі. Складанасць і шматсэнсоўнасць паняцця Ж. абумоўлены тым, што яго састаўныя часткі рознага парадку могуць уступаць адна з адной у разнастайныя спалучэнні. Змены ўмоў бытавання муз. твораў, узаемадзеянне фалькл., бытавых і прафес. Ж., развіццё муз. мовы вядуць да мадыфікацыі старых і фарміравання новых Ж. Таму ў муз. навуцы існуюць розныя сістэмы класіфікацыі Ж., адзіная ж тэорыя муз. Ж. знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адносна прафес. музыкі найб. пашырана класіфікацыя паводле складу выканаўцаў і спосабу выканання. У вак. музыцы вылучаюць Ж. чыста вакальныя (хор а капэла), у вак.-інструментальнай — камерна-вакальныя (сольная песня, раманс, вак. цыкл, розныя вак. ансамблі) і вак.-сімфанічныя (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), у інструментальнай — камерна-інструментальныя (саната, сюіта, паэма, балада, рапсодыя, мініяцюра, трыо, квартэт, квінтэт і інш. віды ансамбляў) і сімфанічныя (сімфонія, сімфанічная сюіта, сімфанічная паэма, сімфаньета, канцэрт, уверцюра), муз.-сцэнічныя (опера, балет, аперэта, мюзікл). Усе Ж. атрымалі значнае развіццё ў бел. музыцы.
У кіназнаўстве ўжываюцца такія жанравыя вызначэнні, як кінараман, кінааповесць, кінаэпапея, кінапаэма, дэтэктыўны фільм і інш. Існуюць і больш вузкія жанравыя падраздзяленні: філасофская або лірычная кінааповесць, сатыр., эксцэнтрычная, муз. кінакамедыя, музычны фільм, паліт. кінадэтэктыў і інш. Вядомы такія Ж., як вестэрн, фільм жахаў, кінамюзікл і інш. Існуе тэндэнцыя да змешвання Ж., з’яўляюцца новыя жанравыя ўтварэнні. У бел. кінематографе прадстаўлены Ж.: героіка-прыгодніцкі («Лясная быль»), кінаэпапея («Людзі на балоце»), эпічная кінадрама («Першы ўзвод»), сац.-псіхал. кінадрама («Двойчы народжаны») і кінааповесць («Іван Макаравіч»), кінакамедыя («Нашы суседзі»), героіка-рамант. кінадрама («Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце»), гераічная кінаэпапея («Полымя»), гісторыка-рэв. кінааповесць («Масква—Генуя»), лірычная кінааповесць («Я родам з дзяцінства») і кінапаэма («Вянок санетаў»), дэтэктыў («Дзікае паляванне караля Стаха») і інш.
Жанр газетны — сістэма літ.-публіцыстычных форм у журналістыцы для асвятлення падзей паліт., эканам., сац. і культ. жыцця. Падзяляецца на 3 жанравыя групы: інфармацыйны (нататка, справаздача, інтэрв’ю, рэпартаж), пабудаваны на канкрэтных, пераважна аператыўных фактах; аналітычны (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, рэцэнзія), які апрача канстатацыі фактаў патрабуе іх аналізу, ацэнкі; мастацка-публіцыстычны (замалёўка, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет), набліжаны да маст. (белетрыстычных) твораў. У іх спалучаюцца лагічны, рацыянальны і вобразны пачаткі. У сучаснай журналістыцы пашыраны т.зв. «сінтэтычныя» Ж., у якіх для больш вобразнага і глыбокага раскрыцця падзей і характараў спалучаюцца элементы некалькіх Ж. (напр., нарыса і рэпартажу, артыкула і замалёўкі і інш.). Некаторыя элементы газетнага Ж. выкарыстоўваюцца таксама ў кіна-, тэле- і радыёжурналістыцы.
Літ.:
Буало Н. Поэтическое искусство: Пер. с фр. М., 1957;
Недошивин Г.А. Беседы о живописи. М., 1959;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Бяспалы А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання. Мн., 1994;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Цуккерман В.А. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964;
Сохор А. Теория музыкальных жанров: задачи и перспективы // Сохор А. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1983. [Т.] 3;
Власов М. Виды и жанры киноискусства. М., 1976;
Шилова И.М. Проблемы жанров в киноискусстве. М., 1982;
Газетные жанры. М., 1971;
Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977.
М.А.Цыбульскі (агульная частка), М.А.Лазарук (літаратура), А.А.Друкт (музыка), С.В.Говін (Ж. газетны).
т. 6, с. 423