Смех ‘праяўленне весялосці, радасці і пад.’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тс’ і ‘жарт, забава’ (Яўс.), смеў (сьмеў) ‘тс’, мн. л. сме́вы: смевы ды перасьмеўкі (Ласт.). Параўн. укр. сміх, рус. смех, польск. śmiech, в.-луж., н.-луж. směch, чэш. smích, славац. smiech, серб.-харв. сми̏јех, славен. smẹ̑h, балг. смях, макед. смев, ст.-слав. смѣхъ. Прасл. *směchъ утворана з дапамогай суф. ‑chъ ад *smьjati sę ‘смяяцца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 70; узыходзіць да і.-е. *smoi̯sos ‘тс’ (Фасмер, 3, 684 з літ-рай; Сной₁, 584; Борысь, 617). Формы з в (ў) у выніку фанетычных змен. Гл. смяяцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́тнасць ’самае істотнае, галоўнае, унутраны змест чаго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), су́тностʼ (сутʼ) ’існасць’ (Вруб.). Укр. су́тність ’тс’, параўн. стараж.-рус. сутьство, ст.-слав. сѫтьство ’тс’, якія выводзяцца са стараж.-рус. суть, ст.-слав. сѫть, формы 3 ас. мн. л. цяп. ч. дзеяслова быць ’яны ёсць’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485), гл. суць. Украінскае (і, відаць, беларускае) слова ўтворана па тыпу рус. су́щность ’тс’ у пачатку XX ст. на базе прыметніка су́тній ’існы, істотны’ (Німчук, Давньорус., 15), што на фоне старога і́снасць ’самае істотнае’ (ТСБМ) дае падставы трактаваць слова як “сапсаванае расейскае”, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1194.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяро́н, сярэ́н, сару́н, се́ран, се́рань ’шарпак, замерзлы зверху снег пасля адлігі’ (Мат. Гом.), сяру́н, шару́н (шеру́н) ’ранні сакавіцкі снег, па якім можна хадзіць не правальваючыся’ (Мядзв.), сярён, сіра́н ’замерзлы снег пасля адлігі’ (Бяльк.), сяра́н ’шарпак’ (Юрч.), се́рэн (сѣрэн) ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. сере́н ’тс’, рус. серён, се́рен ’тс’, польск. śron ’іней, імжа’. Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (БЛ, 40, 54–55), формы з пачатковым с‑ з’яўляюцца архаізмамі, выціснутымі з цэнтральнай Беларусі формамі з пачатковым ш‑ (гл. шарон) пад уплывам літоўскага субстрату, што сумніўна, параўн. сяру́нь ’шарпак’ з тэрыторыі Літвы (шальч., Сл. ПЗБ) і пярэчанні Анікіна (Опыт, 275). Гл. се́ран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́тва ‘плыт’ (З нар. сл.), ‘від плыта для невялікіх рэк’, ‘кладка для мыцця бялізны на рацэ’ (ТС). З польск. tratwa ‘платформа з бярвёнаў для рачнога транспарту’, якое з больш ранняга trafta, trawta ў выніку перастаноўкі зычных ft (wt) > tw, што ад tref з с.-в.-ням. tref ‘звязаны плыт’, trift ‘сплаў бярвенняў’ < с.-в.-ням. triften ‘гнаць, піхаць, прыводзіць у рух’ (Вінцэнц; Борысь, 640); метатэза тлумачыцца ўплывам фіналі ‑twa ў словах тыпу brzytwa, dratwa. Семантычна і фармальна палескія словы набліжаны да пратва (гл.). Формы без метатэзы трапта, трапты (гл.) сведчаць аб больш раннім запазычанні спецыфічнай плытніцкай тэрміналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трупа́ціць экспр. ‘есці’ (Юрч. Вытв.): Трупаціла яна крупеню, / Яечню, руднік, жур, смажэню («Энеіда навыварат», Бел. літ. XIX ст.). Рус. смал. трупа́чить ‘разліваць ежу’ (1853 г., СРНГ). Хутчэй за ўсё, экспрэсіўнае ўтварэнне ад трупаць (гл.), аднак параўн. балг. тру́пам ‘накладаць, нагрувашчваць’, макед. трупи ‘навальваць, набіваць’, серб. тр̀пати ‘набіваць, напіхваць’, харв. tr̀pati ‘тс’, славен. trpati ‘тс’ (з харв., серб., (гл. Сной₂, 788) і асабліва серб. тр̀пија ‘абжорства’. Паводле Скока (3, 508), балгарска-македонскія формы звязаны чаргаваннем з харвацка-сербскімі і выводзяцца з *trupъ (гл. труп). Сной₂ (788) узводзіць да прасл. *tьrpati, роднаснага ст.-інд. tr̥̀pyati ‘насыціцца, задаволіцца’, нова-перс. tulf ‘перанасычанасць’ і пад. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэа́тр ‘род мастацтва, прадстаўленне відовішчаў’, ‘памяшканне са сцэнай і залам’, ‘месца важных падзей’ (ТСБМ, Пятр.), тэа́тар, тэа́тр (Некр. і Байк.), ст.-бел. театръ, театрумъ ‘тэатр, сцэна, памост’ (1638 г). Запазычана або са ст.-польск. teatr, teatrum, якія праз лац. theātrum узыходзяць да ст.-грэч. θέατρου, іян. υέητρον ‘гледачы, публіка ў тэатры’, ‘прадстаўленне’, або непасрэдна ад лац. theātrum, пра што сведчыць ранняя фіксацыя ў старабеларускай мове формы театрумъ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Прысутнічае не ва ўсіх славянскіх мовах, параўн. чэш. divadlo, славац. divadlo, харв. gledalîšte, што тлумачаць уплывам пурыстычных тэндэнцый (Чарных, 2, 231–232; ЕСУМ, 5, 534; Скок, 1, 568; Фасмер, 4, 34).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА, варыяцыі,

музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.

Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, Г.​Ф.​Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Ф.​Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст. найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).

У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, У.​Алоўнікава, Р.​Суруса, Э.​Тырманд, М.​Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.​Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.​Залатарова, сімфаньеце М.​Аладава, фп. трыо А.​Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.

Літ.:

Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;

Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́РТ (франц. eau-forte літар. азотная кіслата),

від гравюры на метале, у якой паглыбленыя элементы друкарскай формы ствараюцца траўленнем металу кіслотамі.

Металічную пласціну («дошку») пакрываюць кіслотаўстойлівым лакам, потым гравіравальнай іголкай, якая знімае лак і агаляе метал, наносяць малюнак. Змясціўшы «дошку» ў кіслату, пратраўліваюць метал, што паглыбляе след ад іголкі. Малюнак запаўняюць фарбай. Адбіткі з дапамогай спец. станка пераносяць на вільготную паперу. У шырокім сэнсе афорт уключае і інш. віды гравюры з траўленнем: акватынту, лавіс, мяккі лак; можа спалучацца з «сухой іголкай» і гравюрай разцом. Афорт узнік у Зах. Еўропе на пач. 16 ст. (Д.​Хопфер, А.​Дзюрэр у Германіі, У.​Граф у Швейцарыі). Развіццё атрымаў у творчасці мастакоў 17—19 ст.: Ж.​Кало (Францыя), Рэмбранта, Дж.​Піранезі (Італія), Ф.​Гоі (Іспанія). Да афорта звяртаюцца ў 20 ст. Ф.​Брэнгвін (Вялікабрытанія), К.​Кольвіц (Германія) і інш.

На Беларусі першыя афортныя творы (медзярыт) з’явіліся ў 16 ст. (Карта Полацкай зямлі і План Полацка, абодва 1579). У 1980—90-я г. ў тэхніцы афорта выконваюцца асобныя творы і цыклы, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці (Л.​Ран, А.​Кашкурэвіч, Л.​Асецкі, А.​Паслядовіч, Г.​Паплаўскі, М.​Басалыга, М.​Барздыка, В.​Баранаў, С.​Герус, С.​Балянок, Ю.​Падолін і інш.).

М.​М.​Паграноўскі.

Да арт. Афорт. Г.​Паплаўскі. Ілюстрацыя да паэмы Я.​Купалы «Яна і Я». 1979.
Да арт. Афорт. Ю.​Падолін. Пакінуты. 1994.
Да арт. Афорт. Л.​Ран. Партрэт дзяўчыны. 1959.
Да арт. Афорт. Ф.​Гоя. Бравісіма! З серыі «Капрычас». 1793—1803.
Да арт. Афорт. А.​Кашкурэвіч. Смага. 1970.
Да арт. Афорт. Ж.​Кало. Два камедыянты. 1620-я г.

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)