МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),

агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.​Бекета, В.​Вулф, Г.​Гесэ, Дж.​Джойса, Э.​Іанеска, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Д.​Г.​Лорэнса, М.​Пруста, Ж.​П.​Сартра, Т.​С.​Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.​Далі, О.​Дзікс, Р.​Дэланэ, В.​Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.​Купка, М.​Ларыёнаў, А.​Матыс, П.​Пікасо, Дж.​Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.​Рэгер, Г.​Малер, Р.​Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.​Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.

На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.​Купалы, Ядвігіна Ш., В.​Ластоўскага, А.​Луцкевіча, Ф.​Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац. б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.​Шагала, К.​Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».

Літ.:

Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава (літаратура).

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)