Лясёнка ’радняная посцілка ці абрус, у якіх носяць з поля сена, салому, траву, пераносяць груз за плячамі’ (Янк. 1, Жд. 1, Шат., Бяльк.; асіп., ДАБМ, к. 254; пух., З нар. сл.; асіп., Шатал.; іўеў., Сцяшк. Сл.); ’невялікі вышыты дыванок’ (Новы Двор пад Мінскам, КЭС). Генетычна ўзыходзіць да прасл. lěsa ’пляцёнка з галінак, прутоў для розных мэт, пляцень, вароты, краты’ (укр. лі́са, ліса́, рус. леса́, ст.-рус. лѣса, леса, лесы; польск. lasa, ст.-польск. lasy, ст.-н.-луж. lěsa, в.-луж. lěsa, чэш. lísa, мар. ľésa, славац. lesa, lésa, liesa, славен. lẹ́sa, серб.-харв. ljȅsa, макед. леса, балг. леса́, ля́са, ле́са, леси, лесич, ц.-слав. лѣса), якому адпавядаюць лат. lę̃sa ’сплеценыя расліны на паверхні вады’, lę̂sa ’пасцель з ільну, збажыны (снапоў)’, ’карэні раслін, якія зрасліся над вадой і ўтварылі слой’, lę̄ss ’тс’ (Сабалеўскі, РФВ, 15, 366; Брукнер, 290; Слаўскі, 4, 56–59; Мюленбах-Эндзелін, 2, 462). Фасмер (2, 485–486) мяркуе, што такое збліжэнне звязана з семантычнымі цяжкасцямі. Значэнне бел. лексемы ’посцілка’ развілося з прасл. ’пляцёнка з галінак’, трэба помніць аб тым, што ткацтва больш за ўсё нагадвае пляценне і, відавочна, узнікла з яго (Трубачоў, Ремесл. терм., 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліня́ць ’траціць першапачатковы колер, выцвітаць’, ’мяняць поўсць, шэрсць, пер’е’, ’лупіцца’, ’прападаць’ (Нас., Касп., ТСБМ, Сцяшк., ТС; в.-дзвін., лях., гродз., даўг., Сл. паўн.-зах.), ліна́ць ’тс’ (віл., ваўк., швянч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Нас.), ліне́ць ’тс’ (трак., Сл. паўн.-зах.), ліні́цца ’тс’ (петрык., Шатал.), ліня́ць ’худнець’ (Юрч. Вытв.). Укр. линя́ти, рус. линя́ть, славін. l’əńwc, мар. liňat, серб.-харв. лѝњати (се). Прасл. linjati побач з блізкім паводле сваёй будовы, linati (бел. лінаць, укр. линати, рус. смал. линать, н.-луж. linaś, в.-луж. linać, чэш. línati), а таксама liněti (бел. лінець, укр. лині́ти, рус. линеть, польск. linieć, ст.-чэш. líněti, славац. lieniť sa, макед. линее, балг. линея). Паводле Слаўскага і інш. (гл. 4, 268), узыходзяць да незахаванага прыметніка *linъ, параўн. літ. leĩnas ’тонкі, гнуткі’, laĩnas ’тонкі, высмаглы’, с.-в.-ням. bi‑linnan ’уступіць, аслабець’. Бернекер (7, 222) і Майргофер (2, 102–103) звязваюць разглядаемыя лексемы са ст.-інд. linăti ’курчыцца, гнецца, туліцца’, láyatē, lī́yate, liyati ’растае, прыціскае, знікае’. Лексемы збліжаюцца таксама са ст.-грэч. ἀλῑ́η ’мажу, націраю’, λῑτός ’гладкі’, лац. lino livi (lēvi), litum, ‑ere ’намазваю’. Аснова lin‑ чаргуецца з lěn‑ і lěv‑ (Фасмер, 2, 499). Гл. таксама лінёвішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́гва ’высокая бочка з накрыўкай, у якой трымаюць муку, крупу і інш.’, лаговочка ’тс’, лагвіца, лагуўка, лагуцька ’невялікая драўляная бочка з накрыўкай для сала’ (зах.-палес., З нар. сл.), лагвіца, лагвыця ’тс’ (Сіг.), ст.-бел. лагвица ’сасуд для віна, вады’, ’пасудзіна, чаша’ (з XVI ст. — у Сірыны, у Хроніцы М. Бельскага, у Рэвізіях каралеўскіх пушчаў), лагвіца падарожны сасуд для напіткаў’, ’падатак, памер якога быў нявызначаны’ (Гарб.). Рус. лаговка ’посуд для малака’, лагвіца ’кубак’, ц.-слав. лагва, польск. łagiew, lagwa ’драўляны падарожны посуд для напіткаў’ (з XV ст.), lagiew ’бочачка’, н.-луж. łagwja ’бутэлька, збан’, ’скураны мяшок’, в.-луж. lahej ’бутэлька, збан’, чэш. láhev ’бутэлька’, ст.-чэш. у форме láhvicě, мар. lävica ’драўляная пасудзіна для вады’, славац. ľagvice ’тс’ (запазыч. з польск. паводле Махэка₂, 317), славен. lagev, lägva ’вінная бочка’, lagev, lägve ’бутэлька’, серб.-харв. lägav, lagva ’бочка’. Позняе прасл. lagy, lagwe ’посуд для вадкасцей, бочачка, скураны мяшок’ запазычана са ст.-в.-ням. *läga (с.-в.-ням. lägen, баварск. lagen ’сасуд для піцця, мера’) < лац. lagōna/ lagūna/lagena ’бутэлька, збан для віна’ < грэч. λάγΰνος ’тс’ (Фасмер, 1, 445–446; Бернекер, 1, 685; Слаўскі, 4, 424–425).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́бедзь, ле́бядзь, ле́бяць ’птушка з сямейства качкавых, Cygnus musicus Bechst., Cygnus olor J. F. Gmel.’ (Нас., Касп., Сцяшк., Яруш.; шчуч., іўеў, Сл. паўн.-зах.), ле́бэдь ’тс’ (Бес.), ’пародзісты свойскі гусь’ (лун., жытк., петрык., мазыр., ЛАПП), ’дружа, сябар’, лябе́дзька ’галубок’, лябе́дзюхна ’галубок, галубка’ (Нас.). Укр. ле́бедь, лебідь, лебеде́ць, рус. лебедь, ст.-рус. лебедь, польск. łabędź, славін. łabąc, łabąʒ, u̯abyńć, сілезск. u̯abůnt, łabęt, чэш. labuť, мар. labudek, лаш. labuďa, апаўск. labudź, славац. labuť, labuď, labuda, славен. labód (lobod, labud, lobot), серб.-харв. ла̏буд, ла̏бут, ле̏бут, кайк. лабат, макед. лабед, балг. ла́бед, ле́мбед, ли́бед, ло́бад, ло́бод ’тс’. Прасл.: зах. і паўд. ólbǫdь (olbǫtь), паўд. olbędь, паўд. і ўсх. elbedь (Слаўскі, 4, 400). Для апошняй формы дакладнымі адпаведнікамі з’яўляюцца ст.-в.-ням. albiʒ, elbiʒ ’тс’, ст.-ісл. ǫlptr (мн. л. elptr, alptir), для форм на ‑ǫdь балт. формы на ‑andis. Белы колер апярэння паслужыў для суаднясення і.-е. праформы *albho‑ з лац. albus ’белы’, ст.-грэч. ἀλφός ’белая пляма, высыпка на целе’ (супраць чаго Махэк₂, 316), з літ. bálti ’бялець’, ад якога ўтворана літ. balánda ’лебяда’ і balañdis ’голуб’. Генетычна роднаснае з лебяда1 (гл.). Падрабязна этымалагічную літаратуру гл. Фасмер, 2, 470–471; Слаўскі, 4, 399–401; Скок, 2, 256; Бязлай, 2, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́ла ’галіна, дубец; жэрдачка ў варотах’ (Сцяшк. Сл.), звычайна ў мн. л. пя́лы экспр. ’ногі’ (ветк., Мат. Гом.), пя́ло ’планка ў баране, у якую ўбіваюць зубы’ (петрык., Шатал.), пʼя́ло ’трыножка, на якую вешалі калыску ў полі; распорка’ (ТС), ’кроква ў будане’ (лельч., Нар. сл.), пя́лы ’косці тазасцегнавая сустава’ (калінк., Сл. ПЗБ), пʼя́лы ’прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы’ (Ян.), ’дужкі ў кошыку’, ’дужкі ў рыбалоўнай снасці’, ’прыстасаванне для прымацавання сотаў у калодачным вуллі’ (светлаг., SOr, 39, 356), укр. пʼя́ло ’распорка для расцягвання скуры’, рус. пя́ло ’тс’, ст.-чэш. padla ’прылада для катаванняў’, чэш. мар. padlo, piadlo ’рамка для вышывання; дошка, на якой расцягваюць скуру’, славац. piadlo ’распорка, якую устаўляюць у рот жывёле, каб не ссала, не кусала і пад.’ Сюды ж серб.-харв. пропе́ло ’распяцце’, славен. razpélo ’тс’. Прасл. *pędlo, утворана ад *pęti ’нацягваць, расцягваць’, як шыла ад шыць і пад., гл. пяць, пну, роднаснае літ. pinklas ’павязка’, лат. pineklis ’путы, кайданы’ (Фасмер, 3, 423; Махэк₂, 425). Параўн. пя́льцы (гл.) і іншыя прыстасаванні для расцягвання, распінання, растапыраныя, тырчачыя прадметы. Сумнеўнае вывядзенне Грынавяцкене і інш. пя́лы ’ногі’ з літ. piaũlai ’тс’ (Сл. ПЗБ), хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаля́нка1 ‘смолка, Viscaria viscosa Aschers’ (Шат., Кіс., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘зязюльчын светнік, Coronaria flos cuculia L.’ (Кіс., Жыв. сл.), смаля́нка, смалёўка ‘травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі’ (ТСБМ). Да смаляны < смала1 з суф. ‑к‑, параўн.: смалянка ліпне, як смала (Сл. ПЗБ). Далей гл. смолка.

Смаля́нка2 ‘гатунак груш’ (ТСБМ, Мат. Гом.), смоля́нка ‘гатунак груш і яблыкаў’ (ТС). Параўн. польск. smolanka, чэш. мар. smoľenka, славац. smolnatka ‘гатунак груш’. Да смала1; паводле Махэка₂ (563), таму, што гэтыя грушы, як толькі пачынаюць гнісці, становяцца ўнутры чорнымі, як смала.

Смаля́нка3 ‘пацук з доўгім хвастом’ (Байк. і Некр.), смалля́нка, смыля́нка, смыльня́нка ‘пацук’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., Бяльк., ЛА, 1), смальчу́г ‘пацук (самец)’ (З нар. сл.), смалю́га ‘пацук’ (Мат. Маг.). Да смала1, смаляны; першапачаткова, відаць, ‘чорны пацук’.

Смаля́нка4 ‘паганы грыб’ (Мат. Гом.). Польск. smolucha ‘атрутны грыб’. Да смала1, смаляны, відаць, паводле колеру.

Смаля́нка5 ‘грыб лісічка’ (брэсц., Сярж.–Яшк.; Сл. Брэс.), смоля́нкі, смоло́вікі ‘лісічкі’ (ТС). Да смаліна ‘сасна’ (гл.), смаловы ‘сасновы’ і, далей, да смала1 (гл.), відаць, па месцы вырастання, параўн. іншыя назвы сасня́нка, падсо́снаўка (Сярж.–Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сук1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.

Сук2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трут ‘высушаная губа, якая выкарыстоўваецца для высякання агню’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц.; дубр., мсцісл., стаўб., клім., ЛА, 4), ‘чага, бярозавая губка’ (Ласт., Меер Крыч.), ‘губа на альсе’ (гарад., ЛА, 1), сюды ж, відаць, і ў праклёне каб цябе трут еў, як ты абʼідаіш мае дабрыцо! (Варлыга, Прыказкі Лагойшчыны, New York; München, 1966, 104). Укр. трут ‘кнот або высушаны грыб-трутавік (выкарыстоўваецца пры высяканні агню)’, рус. трут ‘перапаленая ў закрытым сасудзе анучка, пры дапамозе якой здабываецца агонь’, стараж.-рус. трудъ ‘губка з дрэва’, чэш. troud, мар. trúd, славац. trúd, славен. tród, харв. trûd, серб. тру̂б, макед. трат, балг. трът ‘трут’, ст.-сл. трѫдъ ‘тс’. Прасл. *trǫdъ ‘гнілізна, парахно’, утворанае ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова; супастаўляюць з літ. trandìs ‘караед’, trandýti ‘есціся караедамі’, trendéti ‘быць паточаным моллю’, лат. trenéti, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. trnátti ‘расколвае, прадзіраўлівае, адкрывае’, ст.-грэч. τερδών ‘шашаль’ (Фасмер, 4, 110; Брукнер, 575 і 577; Махэк₂, 653; Голуб-Копечны, 391; Траўтман, 328; Скок, 3, 514; Глухак, 642; Зубаты, AfslPh, 16, 416; ЕСУМ, 5, 660). Сюды ж: трутаві́к ‘грыб, які паразітуе на дрэвах’ (ТСБМ; клім., ветк., ЛА, 1, Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)