*Асу́га, осу́га ’пот’ (тураў., Выг.), ’іней, шэрань’. Укр. дыял. осуга, суга́ ’налёт, іржа на вадзе ў балоце, высыпка на губах’, слой вадкасці на іншай вадкасці, від плесні’, восу́га ’пара на шыбцы’, осу́жка ’вяршкі’, славац. osuheľ, osuhlina ’шэрань’, дыял. osuha ’шэрань; сыры туман’, чэш. (мар.) osuhel ’імгла зімой, шэрань, іней’, osuhlý ’шурпаты, маркотны, непрыемны’. Верагодна, утварэнне з суфіксальным ‑га ад дзеяслова *osuti ’абсыпаць’: параўн. ст.-слав. і ст.-рус. соути ’сыпаць’, польск. і ст.-польск. osuć, серб.-харв. о̀сути, славен. osúti ’абсыпаць’ (прасл. *osupti); параўн. таксама чэш. osutina ’высыпка на целе’. Мацэнауэр (LF, 12, 175) хацеў вывесці ад нейкага кораня соуг‑, аднак не давёў свайго намеру да канца; Зубаты (Studie, I, 1, 167–170) намагаўся звязаць чэшскія словы з праслав. *o‑sǫg‑lъ, што мела суадносіцца з *osęgti ’дасягнуць’; Махэк₂ (421) прапануе сувязь з польск. у Карловіча osęgly ’дажджлівы’, якое ён выводзіць з *osędły < oszędły ад кораня szedy ’сівы’. Гэтыя этымалагічныя прапановы малапераканаўчыя; украінскія і беларускія факты ў іх не ўлічаны. Ці сюды пакінутае Скокам без тлумачэння: серб.-харв. осуга ’стужка’, няясна. Параўн. н.-луж. wósuch ’струп, парша’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)