РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука, якая вывучае генетычныя эфекты, абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнай радыяцыі; раздзел генетыкі і радыебіялогіі. Узнікла ў 1920-я г., калі на розных біял. аб’ектах (дразафілы, грыбы, расліны), было эксперыментальна даказана, што рэнтгенаўскае апраменьванне павялічвае ўзровень генет. змен (мутацый). Кірункі: генетычны — індукцыя мутацый для вывучэння спадчыннасці і зменлівасці; селекцыйны — атрыманне мутантаў для стварэння новых сартоў с.-г. раслін і неабходных штамаў мікраарганізмаў; радыебіялагічны — аналіз механізмаў уздзеяння радыяцыі на спадчыннасць. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Першыя даследаванні праводзіліся ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі пад кіраўніцтвам П.Ф.Ракіцкага. Уклад у развіццё Р.г. зрабілі У.Х.Валодзін, Р.А.Ганчарова, І.А.Гардзей, Г.​М.​Лабко, Г.А.Лазюк, В.А.Мастоўнікаў, Х.В.Масэ, А.А.Ракіцянская, У.К.Саўчанка, Я.​І.​Тарасевіч і інш. Асаблівае значэнне даследаванні ў галіне Р.г. набылі пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986), у выніку якой вял. колькасць насельніцтва атрымала хранічнае апраменьванне ў малых дозах. Найб. шкоднымі наступствамі такога ўздзеяння з’яўляюцца генет. пашкоджанні, якія могуць пераходзіць у наступныя пакаленні. У БелНДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў вывучаюць узровень генет. змен у першым пасляаварыйным пакаленні. У Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі даследуюцца сродкі аховы ад хранічнага апраменьвання і вынайдзены унікальны генапратэктар меланін, які можа быць выкарыстаны для аховы спадчыннасці ад уздзеяння малых доз хранічнага апраменьвання. Даследуецца магчымасць выкарыстання радыегенет. эфектаў у якасці «біялагічнага дазіметра». Праводзіцца генет. маніторынг прыродных папуляцый жывёл і раслін у раёнах, забруджаных радыенуклідамі.

І.​Б.​Масэ.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лонка 1 ’луг, лугавая сенажаць’ (брасл., Хрэст. дыял.; Бес., Сл. Брэс., Сцяшк., Сіг., Сл. ПЗБ), ельск. ’зямля паміж садовымі дрэвамі’ (Выг.), драг. ло́нок ’луг, сенажаць’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. лонка ’луг’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. łąka ’тс’ < прасл. lǫka (бел. паўн.-зах., рус. лука).

Лонка 2 ’вузкае паглыбленне на градзе для морквы, цыбулі і інш. раслін’ (Жд. 1; акц., Мат. Гом.), лоначка ’радок морквы’ (стаўб., Жд. 2). Балтызм. Параўн. літ. lankà ’даліна, лагчына, нізіна, падножжа гары’, лат. lañka ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́тка, люткі ’гарошак балотны, Lathyrus pratensis L.’ (Кіс., Дэмб. 1, Касп.). Да люцік (гл.). У рус. гаворках лексемай лютик называецца з паўтара дзесятка розных раслін; цвяр., вяц. лютки ’грушанка, Pyrola secunda L. і Pyrola uniflora L.’ У славац. гаворках для гарошка балотнага зарэгістраваны назвы: džuk, ďuk, dźukova nacina, і, калі ўлічыць суседняе ўкр. дюг ’злы дух’, можна меркаваць, што і назва лю́тка звязана з прыметнікам люты ’злы’. Аднак аб сувязі гэтай расліны са злым духам нічога не вядома (Махэк, Jména, 127–128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вёх ’цыкута’ (?) (гарад., Рам., 8), вілен. wech, wiech, wioch ’цыкута’, укр. вех ’тс’; ’паручайнік’, рус. вех, вёх: смал., кур., пенз., цвяр. ’цыкута’, уладз. ’какорыш звычайны’, горк. ’снітка’, уладз. ’стрэлкі’; ’амежнік’; ’зоркаўка’; ’балотная пятрушка’, смал., пск., раст. веха ’цыкута’, чэш. vích, věch ’вехаць’. Наяўнасць пары věxъ ⟷ věxa сведчыць аб архаічнасці лексемы (Ільінскі, AfslPh, 29, 162). На ўсх.-слав. тэрыторыі вех, вёх ужываецца пераважна для называння раслін з сямейства парасонавых. Можна меркаваць аб семантычнай інавацыі на ўсх.-слав. тэрыторыі. Да вяха 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боршч ’ежа, суп’; таксама назва раслін. Рус. борщ, укр. борщ, польск. barszcz, чэш. bršť, славен. břšč. Прасл. bъrščь ’расліна Heracleum’ (< *bъrsti̯o‑). Параўн. ст.-інд. bhṭr̥ṣi‑ ’вастрыё’ і некаторыя іншыя і.-е. формы (першапачаткова ’расліна з вострымі лісцямі’). Іншыя версіі не пераконваюць. Бернекер, 109; Фасмер, 1, 198 (там і агляд літ-ры); Слаўскі, 1, 27–28. Махэк₂ (69) выводзіць з асновы *br̥sk‑ ’быць кіслым’ (а таксама думае пра «праеўрапейскае» слова). Версію Махэка падтрымлівае Мяркулава, Очерки, 60–62 (там і агляд форм і праблематыкі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Папа́ўка ’расл. пупок палявы, Anthemis arvensis L.’ (Кіс.). Польск. papawa, pempawa, pępawa, чэш. дыял. pupawa, славац. pupawa, pumpawa ’расліны сямейства Taraxacum і Leontodon’. Ст.-польск. popowa główka таму што, калі ў гэтых раслін ападаюць лепясткі, яны нагадваюць галаву каталіцкага манаха з танзурай. Параўн. лац. caput monachi, ням. Pfaffenblat ’папаўка’, першапачаткова ’галава манаха’. Потым гэта назва зазнала розныя змены. Такім чынам, этымалагічна звязана з поп (гл.) (Махэк, Jména rostl., 233). Інакш Брукнер (404), які звязвае з пуп, пупок і роднасным лічыць літ. pampti ’набухаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́рачы, тавараччы ’каровін’ (Мат. Гом.), това́рэчы ’каровін, каровячы’ (ТС), сюды ж словаспалучэнні з прыметнікам: тава́рачы рыжок, тава́рычы рыжкі́ ’грыб ваўнянка, Lactarius torminosus Fr.’ (ельск., ЛА, 1; Расл. св.), тава́рачы грыб, тава́рачыя грыбу́ ’грыбы, якія ядуць каровы, авечкі’ (мазыр., Жыв. сл.), това́рачы бобо́ўнік ’расліна бабок трохлісты, Menyanthes trifoliata’ (лельч., Нар. лекс.). Утварэнні ад тавар 1 (гл.), прыметнік таксама ў пераносным значэнні ’неядомы, шкодны, дзікі’, параўн. назвы грыбоў і раслін з азначэннямі конскі, сабачы, воўчы, жабечы, вужовы і благі, дрэнны, паганы, нічогі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́скат ‘трэск’ (Ласт.), ст.-бел. троскотъ ‘расліна’ (Скарына). Параўн. укр. тро́скит, трі́скот ‘трэск’, рус. тро́скот ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. троскотъ ‘тс’, польск. troskot ‘лясканне, трэск’, серб., харв. тро̏скот ‘урэчнік, Polygonum’, балг. тро́скот ‘пырнік’, макед. троскот ‘тс’. Прасл. *troskot утворана ад мяркуемага дзеяслова *troskati ‘трашчаць, лопацца’, суадноснага з літ. traškė́ti ‘хрусцець, трэскацца, грымець’ (Скок, 3, 507; Фасмер, 4, 106; SEK, 5, 172), адсюль ст.-бел. троскотати ‘трашчаць’ (Сл. Скар.). Меркаванні пра паходжанне назваў раслін, якія трашчаць, калі іх рвуць, гл. Брукнер, 577.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)