Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр.коза, рус.коза, польск.koza, палаб.tʼözɜ, н.-луж.kóza, в.-луж.koza, чэш.koza, славац.koza, славен.kóza, серб.-харв.ко̀за, макед.коза, балг.коза. Засведчана ў ст.-слав.коза ’тс’. Праслав.koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл.koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд.аjā ’каза’ (і.-е.*ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс.azak, н.-перс.azg ’каза’, літ.ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт.*ažia‑), патрабуе тлумачэння слав.k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб.keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ.hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц.hakuls ’тс’, ст.-ісл.hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням.hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб.kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е.*ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд.chā́gaḥ ’казёл’ і слав.koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ.ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав.azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав.ꙗзьно ’скура’ < прасл.azьno, магчыма, славен.aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав.koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ.ožkà ’каза’, так і для слав.koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк.äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк.käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав.koza, ст.-інд.ajā́ і інш. K у слав.koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав.kostь, якое разам з лац.costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд.ásthi, ст.-іран.ast‑, asti‑, ст.-грэч.ὀστέον, лац.ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет.hastai, арм.oskr, якія да і.-е.*est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд.chagaḥ ’казёл’, chā́gā ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е.*skego‑s ’скакун’, а z у слав.koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е.*(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е.*(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.
*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш.koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус.пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск.koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац.koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.
Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр.коза ’тс’, чэш.дыял.koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.
Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.
Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск.koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.
Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг.дыял.козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг.дыял.козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.
Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр.коза ’турма’, польск.koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш.дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.
Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш.koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен.koza ’козлы’, параўн. укр.козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус.арх.козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг.козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел.казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр.козинець, рус.козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.
Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв.kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус.смал.козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.
Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск.koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус.смал.коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.
Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус.смал.козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.
Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.
Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал.коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус.дыял.коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.
Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус.тагільск., свярдл.козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.
Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.
Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус.свярдл.коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.
Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм.каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).
Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус.арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел.карм.каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.
Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.
Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус.пячор., арханг.кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц.кобылка ’козлы’, кадн., валаг.кобыла ’тс’, бел.каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус.уладз., малаж., ярасл.кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус.трубч., арл.кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг.козел ’тс’.
Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.
Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес.баба, маг.лісіца, рус.дыял.собака, бел.літар.сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел.сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.
Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск.варм.-маз.koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).
Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран.козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў.бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр.усх.-палес.козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.
Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус.коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр.харк.коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус.вяц.коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск.дыял.koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял.koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш.мар.дыял.zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв.коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус.іркуц.посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес.кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў.барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр.козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг.останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).
Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус.с.-урал.козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.
Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел.блюзна, блізна, рус.близна, балг.близна, серб.-харв.бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел.каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял.козлы ’сварка, нелады’.
Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр.усх.-палес.бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел.бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес.укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.
*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск.koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск.koza — калька з лац.Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск.koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
1. Жыць, існаваць, быць у наяўнасці. Вось так жыў-быў ды сплыў чалавек.«ЛіМ».[Ліда] заплакала — ціха, наўзрыд... — Ой, Андрэй мой, .. каб ты сёння быў, каб ты бачыў!..Брыль.Дзе тут [у тайзе] будуць тыгры ці мядзведзі! Зайца — і таго, брат, пашукай.А. Вольскі.// Мець месца; бытаваць. [Зося:] — Я яму [бацьку] сказала, што не трэба думаць шмат пра тое, што было і што больш не вернецца ніколі.Чорны.
2. Утрымлівацца на працягу нейкага часу. Сёння свеціць сонца. І гэта вельмі добра! А то вось хутка зноў будзе восень — холад, дажджы...Брыль.
3. Прысутнічаць, знаходзіцца. Здавалася б, у гэтай хаце, Збуцвелай, згорбленай, старой, Павінен дзед быць на палацях, Мудрэц з сялянскаю душой.Колас.[Баляслаў:] — Чаму вы [Нахлябіч] думалі, што я дзе далёка? Дзе ж я магу быць?Чорны.
4. Рабіцца, здарацца. Маруся любіла шмат і весела смяяцца. Так было дома і ў школе, так было пасля і на працы.Брыль.Было гэта з Ладымерам Стальмаховічам зімою.Чорны.// Узнікаць, з’яўляцца на свет.
5. Прыходзіць, прыязджаць, прыбываць куды‑н.; наведваць каго‑н. [Зося:] — Бывай здарова, Галенка. Будзь у нас улетку...Чорны.[Жлукта:] Калі Антон Макаравіч без мяне прыйдзе, скажы, што я праз паўгадзіны буду.Крапіва.
6.3ас.адз. будзе. Ужываецца ў значэнні цяперашняга часу: ёсць, маецца (пры ўмоўным азначэнні колькасці). Яму ўжо будзе гадоў сорак. Да лесу будзе метраў трыста.
II. У функцыі дапаможнага дзеяслова ўжываецца:
1. У значэнні звязкі паміж дзейнікам і іменным выказнікам (у цяперашнім часе апускаецца, але часам ужываецца ў кніжнай мове ў 3 ас. адз.). [Кабета] была яшчэ зусім маладая, але на твары яе ляжаў адбітак перажытага.Чорны.Дык служыце ж людзям, Родныя бары: Мы былі і будзем Тут гаспадары.Колас.// З формай творнага склону назоўнікаў. [Рыта:] — Я яго [Буйскага] тры гады ведаю, яшчэ калі ён студэнтам быў.Шамякін.
2. Для ўтварэння складаных форм залежнага стану. Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі.Паслядовіч.
3. Для ўтварэння формы будучага часу абвеснага ладу з неазначальнай формай дзеяслова незакончанага трывання. [Крушынскі:] — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце.Бядуля.
4. Для ўтварэння формы будучага складанага часу. Піянер, ты будзь гатоў Падтрымаць сваіх сяброў!Колас.
5. У форме будучага часу ў значэнні звязкі цяперашняга часу. — Хто вы будзеце? — спыталіся яе [кабету].Чорны.
6. У саставе складанага прошлага часу. [Мікуць] некалькі гадзін прасядзеў у канторы, куды пайшоў быў Костусь ад сталярскай работы.Чорны.
Было ды сплыло — пра тое, што было, ды не вернецца.
Было ні было — гаворыцца перад тым, як адважыцца на які‑н. рызыкоўны крок.
Быць на варце — ахоўваць, абараняць што‑н.
Быць на віду — звяртаць на сябе ўвагу сваім удзелам, прысутнасцю.
Быць на вышыні — быць на ўзроўні патрабаванняў.
Быць на кароткай назезкім — быць у добрых, сяброўскіх адносінах з кім‑н.
Быць на розных берагах — тое, што і апынуцца на розных берагах (гл. апынуцца).
Быць на роўнай назезкім — як роўны з роўным.
Быць на сваім беразе — цвёрда прытрымлівацца сваіх перакананняў.
Быць на сёмым (дзесятым) небе — перажываць, адчуваць вялікую радасць.
Быць над абцасамукаго — знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад каго‑н.
Быць пад мухаю — быць п’янаватым.
Быць парушынай у воку — перашкаджаць каму‑н. сваёй прысутнасцю, наяўнасцю.
Быць (стаяць) у бакуадчаго — не мець ніякага дачынення да чаго‑н., не ўдзельнічаць у чым‑н.
Быць у выйгрышы — а) выйграць у якой‑н. азартнай гульні; б) мець карысць, выгадаць для сябе што‑н.
Быць у долі — аб удзеле ў якой‑н. справе, прадпрыемстве.
Быць у дружбезкім — дружыць з кім‑н.
Быць у крыўдзенакаго — крыўдзіцца на каго‑н.
Быць у ласцыўкаго — мець чыю‑н. спагаду, падтрымку.
Каб і духу твайго (яго, яе, вашага, іх) не былодзе — патрабаванне неадкладна выйсці каму‑н. адкуль‑н.
Каб нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не былодзе — пра катэгарычнае нежаданне бачыць каго‑н. дзе‑н.
Каб непанадна былокаму — каб не ўзнікла жадання і далей так рабіць.
Каб табе (яму, ёй, вам, ім) пуста было — ужываецца для выказу лёгкай незадаволенасці чыімі‑н. дзеяннямі.
Мае быцьгл. мець.
Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было — нічога не еў, не піў.
Нагі маёй не будзедзе — ужываецца для выказу крыўды на каго‑н., нежадання бываць дзе‑н.
Нагі тваёй (яго, яе, вашай, іх) не будзедзе — аб нежаданні бачыць каго‑н. дзе‑н.
Не было клопату (бяды) — пра нечаканую і непрыемную справу, вестку і пад.
Не можа быць!гл. магчы.
Не можа быць (і) гаворкігл. магчы.
Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана — не трэба злавацца за сказанае.
Так і быць — згода, няхай будзе так.
Што будзе, тое будзе — аддацца на волю лёсу.
Як бы там (што б там) ні было — нягледзячы ні на што, пры любых умовах.
Як мае быцьгл. мець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́лькі, часціца, прыслоўе, злучнік.
1.часціцавылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго. Служыў салдат .. дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дамоў. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай.Якімовіч.Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай, Ірэнцы ўсяго два .. Калі памерла іх маці, Ірэнцы быў толькі годзік.Лось.Ты [Дзед Мароз] скажы нам толькі слова, Мы з табой на ўсё гатовы.А. Александровіч./ У спалучэнні з часціцамі: «усяго», «адно». Алесь пазнаёміўся з .. [Макарам Сяргеевічам], калі браўся на партыйны ўлік. Тады перакінуліся ўсяго толькі некалькімі словамі.Шыцік.
2.часціцаабмежавальная. Не раней чым. Дадому Аня дабралася толькі пад вечар.Мележ.Спраўляючы свой карагод, Зямля вакол Сонца імчыцца І жджэ, але толькі праз год Яна прычакае гасцінца.Крапіва.
3.часціцаабмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага. На плечы .. [стрэльбу] і — праз Дуброўку .. у Лаўскі лес ідзём, будзе там аблава на ваўкоў .. У той час я хацеў быць толькі паляўнічым.Бялевіч.Са сваімі мы трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі.Няхай.[Якаўлеў:] — Пераправу без рызыкі можна зрабіць толькі ў такую [навальнічную] ноч.Анісаў./ У спалучэнні з часціцамі: «хіба», «адно». [Дзямід:] — Небяспечны для .. [дзікоў] хіба толькі воўк ды рысь.В. Вольскі.Адно толькі віхор над ілбом, колькі я яго ні прыгладжваю, усё роўна круціцца на свой манер, нібы па ім от толькі што пахадзіў вецер і раскідаў валасы на ўсе бакі.Сабаленка.//(успалучэннізчасціцай «што»). Больш нічога, акрамя гэтага. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя.Караткевіч.
4.часціцаўзмацняльная(прызайменнікахіпрыслоўяхзвычайнаўадмоўныхсказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго‑н. Каго там толькі не было! Чаго толькі дзеці не вытваралі! □ Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць.Баранавых.// Узмацняе ўяўленне аб пажаданасці, магчымасці якіх‑н. з’яў. «Толькі каб сур’ёзна не [за]кахацца ў яе. Нешта ж бярэ-такі мяне за сэрца. І [за]кахаўся б, каб не была яна нашай парабчанкай», — разважаў з сабою Лявон.Галавач.
5.прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога‑н. дзеяння, наступленні якога‑н. стану). Хлапчук толькі ўстаў з пасцелі. На дварэ яшчэ толькі развіднелася. □ — Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў.Каршукоў./ У спалучэнні з часціцамі: «толькі», «што». Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло па задні план.Гартны.Сонца толькі што схавалася за лесам.Асіпенка.На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц.Лобан.
6.злучніксупраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі. Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца.Шамякін.Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці.Чарнышэвіч.Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы.Брыль.Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая!Танк./ У спалучэнні са злучнікам «і». Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала .. чырвоныя вяргіні пад акном.Лынькоў.// Уваходзіць у склад супраціўных парных злучнікаў: «не толькі..., але (і)», «не толькі..., а (і)». Грукат тым часам мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, але, здавалася, пранік у глыб зямлі.Быкаў.Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэту работу, а і выспацца паспею».Якімовіч.
7.злучніксупраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасць выступаючы ў значэнне аднак, але. Пахавалі Бандароўну У вянку і ў белі, Толькі думак украінцам Пахаваць не ўмелі.Купала.
8.злучнікдалучальны. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць папярэднія думкі. Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы, толькі хіба скажа часам, што чай прастыў, што яда прыгатавана нядобра, і то кажа не да Ніны, а ў жончын бок, а яна ўжо дапякала Ніну.Галавач.
9.злучнікчасавы. Ужываецца ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа. Толькі я лягу і вочы закрыю, бачу я вас прад сабой.Колас.[Якаў Радзівонавіч:] — Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямі аднекуль як секане!Краўчанка.// Уваходзіць у склад састаўных часавых злучнікаў: «як толькі», «ледзь толькі», «чуць толькі», «толькі што», «адно толькі», «абы толькі», якія ўжываюцца ў сказах з імгненнай зменай падзей. Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі, раскладаць агонь.Чарнышэвіч.
10.злучнікумоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са значэннем рэальнай умовы. Людзі табе дапамогуць, толькі сам рук не апускай./ Пры наяўнасці суадносных слоў «дык», «так» у галоўным сказе. [Надзя:] — Вось толькі краніце, дык так і плясну [талерку] аб падлогу.Крапіва.
•••
Адкуль толькі ногі ўзяліся; дзе толькі ногі ўзялісягл. нага.
Адна толькі назвагл. назва.
Гэта яшчэ толькі кветачкігл. гэта.
Ды і толькі (дый толькі)гл. ды 1.
Падумаць толькі!гл. падумаць.
Толькі ваўкоў ганяцьгл. ганяць.
Толькі залюбаваццагл. залюбавацца.
Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання. У панядзелак у Берасцянскай школе толькі і гаворкі было, што пра ларок без прадаўца.Скрыпка.
Толькі і бачылігл. бачыць.
Толькі пыл курыць (закурэў)гл. пыл.
Толькі пяткі заблішчалігл. пятка.
Толькі (той) бядыгл. бяда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр.усх.-палес.калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус.наўг., валаг., ярасл.калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр.калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск.kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш.koláček ’круглы чапец’, серб.-харв.ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен.koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл.kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.
Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр.усх.-палес.калач ’баранак’, укр.калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял.колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус.калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск.kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж.kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж.kołač ’круглае печыва’, чэш.koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен.koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв.ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед.колач ’абрадавы хлеб’, балг.колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл.kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш.дыял.kolo, балг.дыял.коло, рус.дыял.колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл.kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен.дыял.kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.
Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг.калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр.мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус.дыял.калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр.палки, палочник, бел.дыял.калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел.таўкачык ’назва хвашчу’, а бел.дыял.калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус.дыял.колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел.дыял.калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус.смал., росл.качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
калі́1, прысл.
1.пытальнае. У які час?, якую пару? Калі можна зайсці да вас? Калі ж ты прыехаў?// У рытарычных пытаннях і клічных зваротах. — І калі ты ўжо сур’ёзным чалавекам станеш?Лынькоў.
2.часавае. У які час. — Калі адбудзецца сход? — Невядома калі.
3.часавае. У будучым, няскора. Калі гэта яшчэ ён прыедзе! □ — Нам жа ў тэатр хутка. — О, калі той тэатр, паспееце.Кучар.
4.азначальнае. Ужываецца як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часціцай «вось»). Вось калі табе трэба было зайсці.
5.неазначальнае. Калі-небудзь. Ці ж бачылі вы калі гэта?
6.неазначальнае. Часам, час ад часу. Заходзь калі да нас.// Пры проціпастаўленні двух сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага з іх (калі... калі...) абазначае: парой, часам. Калі сыты, калі галодны.
7.адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы назоўніку галоўнага сказа, які абазначае пэўны прамежак часу. Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы.Колас.Быў аднак час, калі Тодар хадзіў, спусціўшы свой задзірысты нос.Крапіва; б) падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ выказніку галоўнага сказа. [Караневіч (Наталлі):] Я не ведаю, калі буду вольны.Крапіва; в) злучае даданыя дзейнікавыя сказы з выказнікам галоўнага сказа. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з завода ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца.Гартны.
•••
Ёсць калі! (фам.) — няма часу, некалі.
Калі яшчэ — пра даўно мінулае або няпэўнае будучае. Калі яшчэ тое было. Калі яшчэ тое будзе.
Няма калі — няма часу, некалі (рабіць што‑н., займацца чым‑н. і пад.).
Рэдка калі — вельмі рэдка.
калі́2, злучн.
1. Ужываецца ў пачатку даданага сказа часу (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «тады», «то» і інш.) і выражае: а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; абазначае: у той час як. Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго.Чорны.Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша.Колас; б) паслядоўнасць дзеяння; абазначае: пасля таго як. Упусціла паводдзе старое, Калі вір маладога нахлынуў.Трус.Калі Якуб падаў Вольцы руку, яна трохі засмучана яму ўсміхнулася.Крапіва; в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.). Бацькі заўсёды былі вельмі рады, калі Ксаня з мужам і дзіцем прыязджалі часам летам да іх у госці.Лынькоў.Бывала, калі .. Цімошка гнаў каровак на пашу, то Кустрэй.. кожны раз што-небудзь скажа яму.Колас.
2. Ужываецца ў пачатку даданага сказа рэальнай умовы (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «то», «дык», «тады» і інш.); абазначае: пры ўмове, калі...; у (тым) выпадку, калі... Калі паэт Сваёй эпохай дыша, — Паэзію яго Усхваляць пакаленні.Чарот.Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады.Колас.//(успалучэннізчасціцай «б»). Ужываецца ў даданым сказе ўмовы, які выражае пажаданую, уяўную або процілеглую рэальнасці ўмову. Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі.Колас.// Ужываецца ў пабочных і ўстаўных сказах з адценнем умоўнасці, уяўнасці. Калі праўду казаць, я не любіў хадзіць у Багульнікі, хоць там бабулька Ганна мяне частавала варэннем.Сабаленка.Ад Астапавай леснічоўкі да бальніцы, Калі ісці наўпрост праз лес, было кіламетраў дзевяць альбо дзесяць.Лынькоў.
3. Ужываецца ў пачатку сказа, у якім ёсць супастаўленне або проціпастаўленне з другім сказам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча.Колас.
4.(звычайнаўспалучэннісазлучнікамі «і», «а»). У пачатку даданага сказа з аслабленай умоўнасцю ўжываецца для выражэння катэгарычнага сцверджання, каб падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н. Яму нічога больш было не трэба, І калі б ён цяпер што і хацеў, Дык гэта — лусту матчынага хлеба.З. Астапенка.
5.(успалучэннізчасціцамі «і», «ж», «нават»). Ужываецца ў значэнні ўступальнага злучніка ў даданым уступальным сказе. Зусім змяніўся стары бондар Сымон... Калі і раней ён быў не з гаваркіх, дык цяпер учуць ад яго якое-небудзь слова было ў вялікую навіну.Лынькоў.Калі ж і цяпер ён, Сцёпка Мякін, шаптаў супраць калгасаў, дык рабіў гэта значна асцеражней.Брыль.
6. Ужываецца ў пачатку даданага сказа, што выражае прычыну, якой абумоўлена дзеянне галоўнага сказа. Трэба было ісці ў такую [вячэрнюю] школу, калі лепшай не было.Чорны.// Ужываецца ў пачатку даданага сказа, які паказвае на прычыну, што з’яўляецца асновай сцверджання, выражанага ў галоўным сказе (пры наяўнасці проціпастаўлення паміж прадметамі, асобамі, аб якіх гаворыцца ў абодвух сказах). Калі ўжо ты змог гэта зрабіць, то і я змагу.
7. Падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ галоўнаму. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае.Лынькоў.
8.узнач.часціцы(успалучэннізчасціцай «б»). Ужываецца ў пачатку клічнагасказа для выражання моцнага жадання. Ах, калі б гэта збылося!
•••
Калі (б) ні — кожны раз як. Калі ні прыйдзеш, ён чытае.
Калі ласкагл. ласка.
Калі на тое пайшло (узнач.пабочн.) — калі так трэба, раз справа датычыцца... Калі на тое пайшло, дык ён можа паказаць Васільку такое, што таму і не снілася.Лынькоў.
Калі хочаш (хочаце) (узнач.пабочн.) — магчыма, можа здарыцца. Лявон дома .. застаўся, чытаў кнігу. «Не, нешта не лезе ў галаву чытанне: Чортава дзеўка, зачаруе, калі хочаш, мяне. Х-ха-ха!»Галавач.
Калі што якоегл. што.
Ні калі было ні калі будзе — тое, што мае адбыцца, было або вельмі даўно або будзе яшчэ вельмі няскора.
Што, калі?.. — а раптам (пра надыход чаго‑н. небяспечнага, непажаданага). А што, калі пра гэта даведаюцца?
Што, калі б?... — зварот у значэнні нерашучай просьбы, асцярожнага запытання. — А што, калі б і нам падацца ў лес замест бежанства?Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́ва, ‑а, н.
1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы.Колас.Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі.Лынькоў.Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»...Брыль.«Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова!Якімовіч.
2.толькіадз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне.Купала.Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў.Гілевіч.
3.(адз.утымжазнач., штоімн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду.Краўчанка.Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы.Аўрамчык.Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі.Чарнышэвіч.Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..»Зарэцкі.// Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў...Крапіва.[Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова.Ваданосаў.Стары растлумачыў усё ў трох словах.Асіпенка.// Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела.Зарэцкі.[Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю.Арабей.Работу словам не заменіш.З нар.
4.толькіадз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой.Крапіва.Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся.«Маладосць».Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова.Непачаловіч.
5.толькіадз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова...Кучар.Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова.Машара.
6.толькіадз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення.Лобан.Слова зноў атрымаў сакратар райкома.Хадкевіч.Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова.Кірэенка.— Слова паэту! — выгукваюць госці.А. Александровіч.//зазначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць.С. Александровіч.Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі.«Маладосць».Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам.Грамовіч.
7.толькімн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта.// Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем.Колас.
8.толькіадз.Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.
•••
Друкаванае слова — тое, што надрукавана.
Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.
Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.
Адным словам — карацей кажучы.
Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).
Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.
Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.
Браць (узяць) словагл. браць.
Браць (узяць) словазкагогл. браць.
Браць (узяць) слова назадгл. браць.
Верыць (паверыць) на словагл. верыць.
Гаспадар свайго словагл. гаспадар.
Глытаць словыгл. глытаць.
Дар словагл. дар.
Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).
Да слова сказацьгл. сказаць.
Даць словагл. даць.
Двух слоў не звяжагл. звязаць.
Жаваць словыгл. жаваць.
Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова.Шамякін.
Закінуць (замовіць) словагл. закінуць.
Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.
За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіцьгл. лазіць.
З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.
З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.
Кідацца словамігл. кідацца.
Кідаць (пускаць) словы на вецергл. кідаць.
Лавіць на слове (словах)гл. лавіць.
Лёгкі на словагл. лёгкі.
Мець словагл. мець.
Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.
Набор слоўгл. набор.
На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).
На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.
Не абмовіцца (ні адным) словамгл. абмовіцца.
Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоўгл. магчы.
Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).
Па апошняму словучаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.
Памінаць (успамінаць) добрым словамгл. памінаць.
Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).
Сказаць сваё словагл. сказаць.
Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол.Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі.Пальчэўскі.
Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).
Слоў не хапае (не стае)гл. хапаць.
Слоў нямагл. няма.
Трымацца свайго словагл. трымацца.
Трымаць словагл. трымаць.
У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).
У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).
Успомніш маё словагл. успомніць.
Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).
Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова.Васілёнак.
Шукаць слоў (слова)гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1.каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт.Чорны.// Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады.Кулакоўскі.Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць.Ваданосаў.// Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт.Лынькоў.// Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва.Маўр.// Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова.Казлоў.// Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі.Астрэйка.// Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне.Жычка.
2.што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць.Чорны.Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш!Галавач.// Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу.Гурскі.
3.што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы.// Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў.Лынькоў.// Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.
4.што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок.Якімовіч.//перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік.Чорны.Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку.Чэрня.Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна.Агняцвет./увобразнымужыв.Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь.Танк.
5.што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў.Танк.[Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш.Асіпенка.Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш.Прыказка.Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару.Прыказка.// Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння.Крапіва.
6.што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць.Кірэенка.Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала.Колас.Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс.Русак.// Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою.Мурашка.Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі.Машара.// Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку.Колас.Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.Маўр.
7.што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар.Панчанка.// Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання.Шыцік.
8.каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына.Нікановіч.[Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду.Колас.Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам.Кулакоўскі.// Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў.Даніленка.// Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі.Танк.Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару.Якімовіч.
9.што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам.Шамякін.// Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень.Кірэенка.
10.перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока».Чорны.Лукашык намагаўся сабраць свае думкі.Дамашэвіч.Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў.Бураўкін.
11.што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі.// Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем.Кухараў.Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў.Панчанка.
12.што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.
•••
(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька.Кулакоўскі.
(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш!Колас.
Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол?Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)