КАНСЕРВАТО́РЫЯ (італьян. conservatorio ад лац. conservo захоўваю),
вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне муз. мастацтва — выканаўцаў (інструменталістаў, вакалістаў, дырыжораў), кампазітараў, музыказнаўцаў.
Першапачаткова К. наз.гар. прытулкі для сірот у Італіі, дзе дзяцей навучалі і музыцы (першая — у Неапалі, 1537). У 18 ст. ў краінах Зах. Еўропы ўзніклі спец.муз. вышэйшыя навуч. ўстановы, у т. л.Муз.ін-т у Парыжы (1793; у 1795 рэарганізаваны ў К. музыкі і дэкламацыі). У 19 ст. К. адкрыты ў многіх буйных гарадах Еўропы і Амерыкі. Многія навуч. ўстановы тыпу К. наз. акадэміямі, вышэйшымі муз. школамі, муз. ін-тамі, каледжамі, ліцэямі і інш. Першыя К. ў Расіі — Маскоўская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, пазней адкрыты Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных), К. ў Адэсе, Кіеве і інш. У 1932 адкрыта Бел.дзярж. кансерваторыя (з 1992 — Беларуская акадэмія музыкі). З 1956 дзейнічае Асацыяцыя еўрап. акадэмій, кансерваторый і вышэйшых муз. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЛІКТАЛО́ГІЯ (ад канфлікт + ...логія),
галіна навук. ведаў, якая даследуе прычыны і заканамернасці ўзнікнення і развіцця канфліктаў, спосабы іх прадухілення і вырашэння. Ідэі К. вядомы з часоў ант. Грэцыі (Геракліт, Платон, Арыстоцель), атрымалі развіццё ў творах Н.Макіявелі, Т.Гобса, А.Конта, К.Маркса, Э.Дзюркгейма, Г.Зімеля, М.Вебера, У.І.Леніна і інш. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся дасканала распрацаваныя канфлікталагічныя тэорыі Л.Козера, Р.Дарэндорфа, Р.Колінза і інш. У СССР першыя абагульняльныя публікацыі па праблемах К. з’явіліся на мяжы 1990-х г., у Расіі ідэі К. распрацоўваюць навукоўцы А.Р.Здравамыслаў, Ю.Г.Запрудскі, У.М.Кудраўцаў, У.П.Казімірчук. На Беларусі ідэі К. развівалі К.Лышчынскі, Ф.Багушэвіч, К.Каліноўскі; у наш час распрацоўваюць Я.М.Бабосаў, Н.Ф.Вішнякова, У.П.Шэйнаў. Сучаснае развіццё К. звязана з яе дыферэнцыяй на псіхал., сац., юрыд. і інш.
Літ.:
Здравомыслов А.Г. Социология конфликта. 2 изд. М., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),
1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял.дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.
2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.
3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.
4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.
5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.
6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧАЛО́ЎСКІ (Пётр Пятровіч) (21.2.1876, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 2.2.1956),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз.чл.АМСССР (1947). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет». Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—98), скончыў Пецярбургскую АМ (1907). Выкладаў у Вольных маст. майстэрнях (1918—21) і ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—29) у Маскве. У ранніх творах зазнаў уплывы фавізму, імкнуўся спалучыць канструктыўнасць колеру П.Сезана са стыхійнай святочнасцю фарбаў, уласцівай рус.нар. мастацтву, фармальныя пошукі — з аптымістычным успрыняццем свету (партрэт Г.Б.Якулава, 1910; «Сухія фарбы», 1912; «Агава», 1916, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш рэаліст. манеры: нацюрморты («Лісце тытуню», 1929; «Бэз», 1933; «Хлеб, вэнджаніна і віно», 1948), партрэты (У.Э.Меерхольда і С.С.Пракоф’ева, абодва 1938; аўтапартрэт, 1943), пейзажы («Наўгародская серыя», 1920-я г.), жанравыя карціны («Вяртанне з кірмашу», 1926; «Палацёр», 1946). Працаваў у графіцы, рабіў тэатр. дэкарацыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАЕ, Царства Польскае,
назва часткі Польшчы, якая паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 адышла да Расіі і ўваходзіла ў яе склад да 1918. Пл. 128,5 тыс.км², нас. 3,3 млн.чал. (1816). Паводле канстытуцыі 1815 канстытуцыйная манархія, звязаная персанальнай уніяй з Рас. імперыяй. Было пазбаўлена магчымасці праводзіць самаст. знешнюю палітыку, але мела ўласныя сейм (адбыліся ў 1818, 1820, 1825), урад, войска. Пасля задушэння паўстання 1830—31 аўтаномія абмежавана паводле Арганічнага статута Каралеўства Польскага 1832. У канцы 1850—60-х г. тут адноўлены цывільны ўрад, мясц. самакіраванне, аднак пасля задушэння паўстання 1863—64 зноў скасаваны. Спачатку падзялялася на 8 ваяводстваў. У 1866 уведзены новы адм. падзел (створана 10 губерняў), у 1874 — пасада ген.-губернатара, пачала выкарыстоўвацца назва Прывіслінскі край, пачалася інтэнсіўная русіфікацыя краю. У 1918 стала асн. ядром адноўленай і незалежнай польскай дзяржавы.
Літ.:
Обушенкова Л.А. Королевство Польское в 1815—1830 гг.: Экон. и социал. развитие. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЗЯНКО́Ў (Алег Аляксандравіч) (н. 15.3.1967, Мінск),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Засл. арт.Расіі (1995). Сын А.А.Карзянковай. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1985). З 1985 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1990 у Т-ры балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. Танцу К. ўласцівы пластычная экспрэсія, моцны тэмперамент, пачуццё стылю. Сярод партый на бел. сцэне: Базіль, Салор («Дон Кіхот», карціна «Цені» з балета «Баядэрка» Л.Мінкуса), Юнак («Вальпургіева ноч» Ш.Гуно), Дэзірэ і Прынц («Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сын («Крылы памяці» У.Кандрусевіча), Іван («Альпійская балада» Я.Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Сіндбад («Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава). У Т-ры балета першы выканаўца партый П’ера («Прывал кавалерыі» І.Армсгеймера), Драсельмеера і Прынца-Шчаўкунка («Шчаўкунок»), Базіля; Кронаса («Зеўс» на муз. Д.Арапіса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ЛЬС, Казальс (Casals) Пабла (29.12.1876, Вендрэль каля г. Тарагана, Іспанія — 22.10.1973), іспанскі віяланчэліст, дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў Барселонскай і Мадрыдскай (з 1891) кансерваторыях. З 1901 гастраліраваў у многіх краінах свету (у 1905—13 у Расіі як саліст і ў ансамблях з С.Рахманінавым, А.Гальдэнвейзерам і інш., у фп. трыо з А.Карто і Ж.Цібо). Арганізатар (1920) і дырыжор (да 1936) 1-га ў Барселоне сімф. аркестра, Рабочага муз.т-ва (кіраўнік у 1924—36), муз. школы, часопіса. З 1939 у Францыі, з 1956 у Сан-Хуане (Пуэрта-Рыка), дзе заснаваў сімф. аркестр (1959) і кансерваторыю (1960). Аўтар араторыі «Яслі» (1943), «Гімна міру» для арк. (1971), сімф., хар., камерна-інстр. і інш. твораў. З 1957 праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К. (1-ы ў Парыжы) і ў гонар К. (у Будапешце).
Літ.:
Гинзбург Л. Пабло Казальс. 2 изд. М., 1966;
Blum D. Casals and the art of interpretation. London, 1977.
расійская артыстка балета, балетмайстар, сцэнарыст. Нар.арт.Расіі (1984). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1953). У 1954—76 у Вял. т-ры; характарная танцоўшчыца. Сярод партый: Апантаная («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Лёс («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Індыйская лялька («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Фані («Сцежкаю грому» К.Караева); характарныя танцы ў многіх балетах. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах. Яе танец вылучаўся пластычнасцю, псіхал. пранікнёнасцю. З 1960-х г. працуе з У.Васілёвым як балетмайстар і сцэнарыст, з 1977 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзярж.т-ра класічнага балета (з Васілёвым). Для іх спектакляў характэрны востраканфліктная драматургія, сталая рэжысура, спалучэнне класічнага танца і сучаснай пластыкі. Сярод пастановак: «Стварэнне свету» А.Пятрова (1971), «Аповесць пра Рамэо і Джульету» (1980) і «Папялушка» (1993) С.Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага, «Пацалунак феі» Стравінскага (1989), «Дама з камеліямі» на муз. Дж.Вердзі—П.Сальнікава (1995), «Цудоўны мандарын» Б.Бартака (1996). Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома
(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),
італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).
Літ.:
Архитектурные проекты и рисунки Д.Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.