КАСА́ЛЬС, Казальс (Casals) Пабла (29.12.1876, Вендрэль каля г. Тарагана, Іспанія — 22.10.1973), іспанскі віяланчэліст, дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў Барселонскай і Мадрыдскай (з 1891) кансерваторыях. З 1901 гастраліраваў у многіх краінах свету (у 1905—13 у Расіі як саліст і ў ансамблях з С.Рахманінавым, А.Гальдэнвейзерам і інш., у фп. трыо з А.Карто і Ж.Цібо). Арганізатар (1920) і дырыжор (да 1936) 1-га ў Барселоне сімф. аркестра, Рабочага муз. т-ва (кіраўнік у 1924—36), муз. школы, часопіса. З 1939 у Францыі, з 1956 у Сан-Хуане (Пуэрта-Рыка), дзе заснаваў сімф. аркестр (1959) і кансерваторыю (1960). Аўтар араторыі «Яслі» (1943), «Гімна міру» для арк. (1971), сімф., хар., камерна-інстр. і інш. твораў. З 1957 праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К. (1-ы ў Парыжы) і ў гонар К. (у Будапешце).

Літ.:

Гинзбург Л. Пабло Казальс. 2 изд. М., 1966;

Blum D. Casals and the art of interpretation. London, 1977.

П.Касальс.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)